Колькі будзе каштаваць навагодняе дрэва?

09:02 / 14.12.2018
З 17 снежня на Астравеччыне пачнуць працаваць традыцыйныя ёлачныя кірмашы. Навагодняе дрэва можна будзе набыць да 5 студзеня 2019 года.

IMG_6341.jpg

Навагоднія святы цяжка ўявіць без традыцыйнай ёлкі ці прыгажуні-сасны. У Астраўцы жывыя дрэвы будуць прадавацца на аўтамабільнай стаянцы побач з адміністрацыйным будынкам ДЛГУ «Астравецкі лясгас», каля кінаканцэртнай залы «Астравец» і каля магазіна «Пачастунак», што ў мікрараёне №2. 

Жыхары аграгарадкоў змогуць набыць елку ці сасну ў лясніцтве па месцы жыхарства, акрамя гэтага, у буйных сельскіх населеных пунктах будзе арганізаваны выязны гандаль побач з мага­зінамі Астравецкага філіяла райспажыўтаварыства. 

IMG_6318 в печать.jpg

З улікам падатку на дабаўлены кошт навагодняе дрэва вышынёй да метра будзе каштаваць 9 рублёў, да двух метраў – 10 рублёў. У лесагадавальніку ўжо цяпер можна набыць жывую блакітную елку ў кадцы за 14,40 рубля.

Напярэдадні навагодніх святаў штогод з’яўляюцца аматары дармовых елак. Такім не лішнім будзе нагадаць, што дармовае часцей за ўсё бывае вельмі дарагім.

IMG_6340.jpg

– Елкі ў лесе самастойна высякаць забараняецца, – расказаў інжынер па ахове і абароне лесу Андрэй Шыкавец. – Пры перавозцы дрэва, набытага ў лясгасе ці лясніцтве, пры сабе павінны быць пацвярджаючыя дакументы – звычайна гэта квітанцыя аб аплаце з пазначэннем месца набыцця, кошту, вышыні і пароды дрэва. Напярэдадні навагодніх святаў ахова ляснога фонду будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Выяўляць парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства будзем не толькі падчас рэйдаў, але і з дапамогай камер фота- і відэафіксацыі.

IMG_6332.jpg

Супрацоўнікі Смаргонскай між­раённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету і Астравецкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя расказалі, што за самавольна ссечанае дрэва давядзецца заплаціць штраф у памеры да 50 базавых велічынь, кампенсаваць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду і кошт елкі ці сасны.

Таму, выпраўляючыся за нава­годнім дрэвам у лес, а не на кірмаш, яшчэ раз падумайце: ці каштуе аблюбаванае вамі дрэўца 1 225 рублёў?

Текст:
Фото: Алена Гануліч