Марыя Дрэма зрабіла падарунак Гудагайскай бібліятэцы

09:21 / 13.12.2010

Кніжны фонд Гудагайскай сельскай бібліятэкі папоўніўся на 150 асобнікаў. Свой уклад у бібліятэчны фонд унесла жыхарка вёскі Ліпкі Марыя Эдуардаўна Дрэма.


– На жаль, новыя кнігі ў бібліятэцы цяпер з’яўляюцца нячаста, – гаворыць бібліятэкар Марыя Саковіч. – Але сёлета нам пашанцавала. Марыя Эдуардаўна Дрэма падарыла бібліятэцы жаночыя раманы, якія ў апошні час карыстаюцца ў нашых чытачоў вялікім попытам. Таму залежвацца на паліцах яны не будуць. І мы вельмі ўдзячны Марыі Эдуардаўне за такі шчодры падарунак.
Марыя Эдуардаўна Дрэма, якая выступіла ў якасці спонсара, захапляецца чытаннем жаночых раманаў – за апошні час іх набралася ў яе хатняй бібліятэцы вельмі шмат. Але перачытваць кнігі па некалькі разоў Марыя Эдуардаўна  не любіць, таму і вырашыла падарыць частку сваёй дамашняй бібліятэкі людзям – чытайце на здароўе.


Алена СВЕТЛАЯ.