Конкурс "Шчодрая восень": пераможцы вызначаны

09:01 / 13.12.2010

Вось і закончыўся фотаконкурс “Шчодрая восень”, які на працягу трох асенніх месяцаў доўжыўся на сайце “Астравецкай праўды” ostrovets.by і на старонках газеты.





Ён выклікаў павышаную цікавасць нашых чытачоў: восень і сапраўды выдалася шчодрай — і на ўраджай, і на фотаздымкі. У конкурсе прынялі ўдзел 19 аўтараў, якія даслалі на конкурс 24 здымкі. Усе яны былі змешчаны на старонках “Астравецкай праўды” і на нашым сайце. Здымкі самыя розныя: нашы чытачы дэманстравалі вырашчаны ўраджай кабачкоў і гарбузоў – яны чамусьці асабліва прыйшліся даспадобы нашым канкурсантам, дзяліліся шчасцем ад незлічонай колькасці сабраных грыбоў і дражніліся маляўнічымі слоікамі з восеньскімі разнасоламі, дзівіліся незвычайнай формай вырашчанай морквы і бульбы, запрашалі на кастрычніцкую маліну, “знаходзіліся” ў капусце і «губляліся» ў вінаградзе… Пры гэтым самі фатаграфаваліся ля сабраных грыбоў, вырашчаных кабачкоў, кампазіцый з гарбузоў. А найчасцей дасягненні бабуль і дзядуль, мамаў і татаў дэманстравалі іх дзеці і ўнукі. Хоць былі прыцягнуты на ролю фотамадэляў і хатнія любімцы — у прыватнасці, на адным са здымкаў у лес па грыбы збіралася сабака Аза.





На працягу двух месяцаў на сайце ostrovets.by ішло галасаванне наведвальнікаў, дзе яны маглі аддаць свой голас за самы цікавы, на іх погляд, здымак. У галасаванні прыняло ўдзел 345 зацікаўленых. З самага пачатку ў лідары выйшлі здымкі дзяцей – Гродзь Міланы і два фота, якія былі сціпла пазначаны “ад Дануты”. Яны доўгі час спаборнічалі паміж сабой: наперад вырываўся то адзін канкурсант, то другі. І ўсё ж на момант заканчэння конкурсу ў Гродзь Міланы аказалася 120 галасоў – на сем больш, чым у малыша на фота “ад Дануты”.





Але з улікам таго, што разрыў паміж гэтымі двума канкурсантамі невялікі, а іх адрыў ад іншых удзельнікаў – вельмі істотны, спонсар гэтага этапу конкурсу – фермер Часлаў Лабачэўскі – вырашыў узнагародзіць вітаміннымі прызамі – яблыкамі абодвух.


Віншуем пераможцаў!