Маладая пенсіянерка

14:51 / 26.11.2018
У  ветэранскім клубе  «Актыўнае даўгалецце» адбылася  вечарына-ўшанаванне 80-гадовай юбіляркі. Гераіняй дня была энергічная, абаяльная, артыстычная Валянціна Мікалаеўна Закрэўская, у мінулым – галоўны бухгалтар калгаса «Шлях Леніна», выдатны спецыяліст, грамадская актывістка, аматарка самадзейнасці. 

22.jpg


Валянціна Мікалаеўна родам з Іўеўшчыны. Расла ў вёсцы, дапамагала маме, выдатна вучылася ў школе, шмат чытала. Марыла стаць урачом. І, напэўна, спраўдзіла б сваю мару, але на вучобу трэба было ехаць у далёкі горад, а значыць – пакінуць маму без  дапамогі. Маці гадавала дачок адна – бацька не вярнуўся з вайны. Таму Валянціна вырашыла вучыцца бліжэй да родных мясцін – і стала бухгалтарам.

Працаваць яе накіравалі на Астравеччыну.  Аднакурснікі шчыра спачувалі: у гэтую, па іх меркаванні, глухамань ніхто не жадаў ехаць. Прыехаўшы ў Астравец, Валянціна папрасіла накіраваць яе ў гаспадарку, якая знаходзілася б непадалёк  ад чыгункі, каб  зручней было дабірацца  дадому. З трох прапанаваных Валянціна Мікалаеўна выбрала  не самую на той час моцную – калгас «Маладая гвардыя», дзе старшынёй працаваў яе зямляк. Гэта быў мудры чалавек, з павагай і разуменнем ставіўся да людзей. Потым «штурвал» калгаснага карабля перайшоў да  Мечыслава Аляксандравіча Валуевіча. Гаспадарка пачала мацнець і багацець. Была ў гэтым і заслуга Валянціны Мікалаеўны як галоўнага бухгалтара.

Але спярша – колькі слоў пра каханне. Валянціна Мікалаеўна і зараз прыгажуня, а ў мала­досці!   Бойкая, вясёлая, першая артыстка ў сельскім клубе. Як пранікнёна чытала яна вершы! Колькі прызоў заваявала на  раённых конкурсах чытальнікаў! А на працы – сама сабранасць, адказнасць і патрабавальнасць. Хіба мог не заўважыць такую дзяўчыну  Вацлаў Закрэўскі? Хлопец-зух, прыгажун з пышным чубам, адзін з лепшых калгасных шафёраў. 

Летам 1961 года Валянціна і Вацлаў згулялі вяселле. Доўгі час здымалі жыллё, памянялі шэсць кватэр, пакуль увайшлі ў  свой дом. Каб сабраць грошай на будаўніцтва і пражыць учатырох – дзве дачушкі, Галечка і Ганначка, падрасталі – трымалі  гаспадарку: карову, свіней, садзілі агарод. Вацлаў Іосіфавіч, каб папоўніць сямейны бюджэт, яшчэ і ў  кінафікацыю ўладкаваўся: фільмы па вёсках  ставіў. 

– А як жыць у доме ды не чуць дзіцячых галасоў? – з усмешкай гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Неўзабаве ў нас нарадзілася яшчэ і Святлана. 
Адпраўляючы дачок пасля пачатковай школы ў Астравец, Валянціна Мікалаеўна прасіла накіраваць іх да строгіх і патрабавальных настаўніц, якія вучылі б дзяўчынак быць настойлівымі, стараннымі, адказнымі. Бо лічыла гэтыя якасці характару вельмі важнымі ў жыцці. Ды і сама была такой па натуры: дзяўчынкі гэта бачылі дома, а саслужыўцы – на працы.

Цудоўныя дочкі выраслі ў Закрэўскіх. Галіна і Ганна ажыццявілі няспраўджаную матчыну мару: сталі ўрачамі.
– Галіна працуе намеснікам дырэктара медыцынскага каледжа ў Мінску, выкладае там жа гінекалогію. Ганна – урач-эндакрынолаг у Лідзе.  Святлана разам з мужам перабраліся ў Санкт-Пецярбург, працуюць там у фірме. Вось прыехалі да нас, прыгатавалі  стол да юбілею, і – назад, бо справы чакаюць.

Валянціна Мікалаеўна і Вац­лаў Іосіфавіч ганарацца сваімі дочкамі – выраслі яны чулымі ды ўважлівымі, заўсёды гатовыя дапамагчы людзям. І ўнукамі, праўнукамі не нарадуюцца.

Закрэўскія даўно на заслужаным адпачынку, але не застаюцца ўбаку ад паў­сядзённых спраў і клопатаў аднавяскоўцаў. У Слабодцы, якая ўжо стала часткай горада,  і іншых навакольных вёсках людзі з удзячнасцю згадваюць, як настойліва  дабівалася Валянціна Мікалаеўна  адкрыцця чыгуначнага прыпынку «Каменка». Ехаць да Гудагая, а потым дабірацца дадому пешшу або спадарожным транспартам – нязручна! Валянціна Мікалаеўна прыводзіла гэты неаспрэчны довад у шматлікіх пісьмах у адпаведныя інстанцыі, але – безвынікова. Тады яна вырашыла звярнуцца да кіраўніка дзяржавы – пытанне было вырашана! 

Вацлаў шмат гадоў уз­на­чальваў раённую аргані­зацыю Беларускага таварыства інва­лідаў па зроку.
Цяпер муж і жонка шчыруюць на сваёй сядзібе: вырошчваюць вінаград, даглядаюць агарод. І кветнік у Закрэўскіх – сусе­дзям на зайздрасць. Валянціна Мікалаеўна любіць з кнігай пасядзець, з унукамі па скайпу пагаварыць. Узрост свой фізічны, канечне, адчувае – як і ўсе ў яе ўзросце. А вось душой яны з мужам маладыя! 

На вечарыне надарылі юбі­ляр­цы сувеніраў розных і кветак прыгожых, і яна  зрабіла прысутным  прыемны сюрпрыз: прачытала  ўрывак з паэмы Эдуарда Асадава і праспявала любімую грузінскую песню «Раз, і два, і тры». 

Юбілярку павіншавалі, сказалі шмат цёплых слоў і ўручылі падарункі былыя намеснік старшыні раённага сельгасупраўлення па эканоміцы Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч і галоўны бухгалтар Ніна Аляксееўна Тумашчык, а таксама галоўны бухгалтар раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Марыя Сцяпанаўна Станкевіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Гудагай»  Ганна Іосіфаўна Налівайка. А вакальная група «Аксаміткі» з Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва і яе мастацкі кіраўнік Васіль Антонавіч Карпец парадавалі песнямі.
Текст: