У гасцёўні "Візаві" пераможцы конкурсу "Малады спецыяліст-2010" у сістэме адукацыі

16:44 / 08.12.2010

Нядаўна прайшоў раённы конкурс “Малады спецыяліст-2010” сярод работнікаў сістэмы адукацыі нашага раёна. Сёння ў гасцёўню “Візаві” мы запрасілі маладых настаўніц, што занялі першае і другое месцы адпаведна –  Ірыну Аляксееўну Жывадоўскую, педагога-псіхолага, класнага кіраўніка 5 “В” класа гімназіі №1, і Юлію Сяргееўну Кулеш, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК.


–Што вы адчулі, калі на камісіі па размеркаванню, пачулі: “Астравец”?





Ірына Аляксееўна: Па праўдзе кажучы, Астравец я выбрала сама. Справа ў тым, што мне прапанавалі тры раёны – Астравецкі, Ашмянскі і Навагрудскі. Родам я са Смаргоні і хацелася працаваць недалёка ад роднага горада. У Ашмянах жыве мая бабуля, але ў Астраўцы – перспектывы, звязаныя з будаўніцтвам першай беларускай АЭС. Таму без доўгіх ваганняў выбрала Астравец. Вечарам “залезла” ў інтэрнэт, паглядзела фотаздымкі – спадабалася. Дарэчы, рэкамендуем скачать аську бесплатно. А дзесьці ў канцы мая прыехала паглядзець на горад сваімі вачыма. Быў цёплы летні вечар, мы прайшліся па цэнтры, дайшлі да гімназіі  – і я чамусьці сказала: “Вось тут бы я  хацела працаваць”. Так і атрымалася.






Юлія Сяргееўна: Для мяне гэта было  нечаканасцю. Мне заўсёды хацелася працаваць у школе. Я нарадзілася і жыла ў Навагрудку, і калі пачула: “Астравец” , а потым успомніла, дзе ён знаходзіцца, то разгубілася – вельмі далёка. Але ў той жа час была і радасць, што ў мяне ёсць першае працоўнае месца і самой шукаць яго не прыйдзецца. У Астравец я прыехала разам з мужам – ён аграном. Накіравалі мяне ў Варнянскую школу, тут і працую.
– За той невялікі час, што вы жывяце і працуеце тут, ці адаптаваліся да дзяцей, калектыву, школы?
Ірына Аляксееўна:
Прайшло ўсяго толькі тры месяцы, але я ўжо разумею, што гэта – маё. Мне тут падабаецца. І горад, і школа. У нас – цудоўны калектыў, кожны педагог стараецца дапамагчы. Ды і маладых спецыялістаў у гімназіі ажно пяць – таму нам весела.
Юлія Сяргееўна: У Варнянскай школе я працую другі год. За гэты час змянілася многае, я стала больш упэўненай у сабе. Хаця з самага пачатку мне было лёгка і проста – побач заўсёды была мой кіраўнік, настаўнік Люсія Уладзіславаўна Міхна, якая заўсёды дапамагала мне не толькі парадамі, але і матэрыяламі, літаратурай. І дзесьці праз тры месяцы  работы я адчула сябе тут сваёй. У гэтым годзе Люсія Уладзіславаўна ўжо не працуе, але і цяпер адразу ж адгукаецца на любую просьбу.
– Свой першы ўрок помніце?
Ірына Аляксееўна:
Канешне. На пачатку было страшнавата. З дзецьмі я пазнаёмілася крыху раней, і ўсё ж… Зайшла ў клас, было шумна, але мне адразу здалося, што яны – самыя лепшыя, самыя разумныя, самыя прыгожыя, самыя актыўныя... Словам, самыя-самыя. Так і ёсць. Мы хутка знайшлі агульную мову, у нас агульныя інтарэсы, нам добра і цікава разам.
Юлія Сяргееўна: Руская літаратура ў пятым класе. Разглядалі казку Андэрсена “Снежная каралева”. Доўга рыхтавалася – хацелася даць дзецям як мага больш. Чаго толькі не напрыдумвала, не падрыхтавала… Таму і часу на ўсё не хапіла – вось тады я зразумела, што ўрок доўжыцца толькі 45 хвілін.
– Ці здараліся за час працы нейкія нестандартныя сітуацыі? Як знаходзілі з іх выхад?
Ірына Аляксееўна:
Мабыць, і былі, але чамусьці на памяць не прыходзяць. Па адукацыі я – псіхолаг, і хачу таго ці не, павінна вырашаць любыя сітуацыі. Да таго ж я пасябравала з Анастасіяй Анатольеўнай Данілюк, яна таксама малады спецыяліст-псіхолаг, і калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці, то вырашаем іх разам. Дарэчы, яна і Віталій Тадэвушавіч Стаціна, настаўнік хіміі, які два гады таму ўдзельнічаў у падобным конкурсе, дапамагалі мне сёлета рыхтавацца. І я ўдзячна ім і адміністрацыі гімназіі за дапамогу і падтрымку. А яшчэ маім бацькам, якія таксама прыехалі мяне падтрымаць. І маім дзеткам-пяцікласнікам, якія перажывалі за мяне.

Юлія Сяргееўна: Па першым часе, канешне, здараліся. Але ў нас цудоўны калектыў – да любога можна звярнуцца за парадай і дапамогай. І адміністрацыя, і настаўнікі, і дзеці – словам, мне пашанцавала.
– Ці хочацца што-небудзь змяніць у жыцці?
Ірына Аляксееўна:
Нават і не ведаю. У мяне ёсць сябры, цікавая работа, хобі, я – маладая. Хіба што час падумаць пра сям’ю?
Юлія Сяргееўна: Як я ўжо гаварыла, прыехала я ў Варняны з мужам. Першы год мы здымалі жыллё, сёлета кааператыў выдзеліў нам дом. Зараз  у нас ёсць усё, што неабходна – каханне, дом, любімая работа. Цяпер хочацца, каб сям’я стала поўнай.
– Вам важна было перамагчы ў гэтым конкурсе?
Ірына Аляксееўна:
Вельмі важна. Людзі, якія некалькі гадоў свайго жыцця прысвяцілі спорту, якія змагаліся за медалі – а я з такіх, мэтанакіраваныя. І я ішла на конкурс, каб перамагчы. Проста ўдзельнічаць – нецікава. Прынамсі, мне.
Юлія Сяргееўна: Мне здаецца, што кожны, нават калі пра гэта і не гаворыць, імкнецца быць першым. І мне таксама важна было перамагчы. Удзельнічаць у конкурсе рашылася для таго, каб зразумець, на што я здольна, хацелася паказаць сябе. Да таго ж у мяне была бадай што самая вялікая і лепшая група падтрымкі. За што я ёй вельмі ўдзячна.

Алена ЯРАШЭВІЧ.