КСУП “Гервяты” пачынаўся з “Радзімы”. У снежні калгасу “Радзіма” споўніцца 70 гадоў

13:57 / 22.11.2018
1279
Сёння КСУП «Гервяты» – адна з самых моцных гаспадарак раёна. Малочныя комплексы, дзе працэс дойкі кантралюецца камп’ютарам; камбайны з кандыцыянерамі, пасяўныя агрэгаты, якія адначасова і апрацоўваюць глебу, і забараноўваюць насенне – усё гэта нават не снілася папярэднікам сённяшніх калгаснікаў. Яны недасыпалі начэй, уручную даілі кароў і кармілі жывёлу – працавалі самааддана, часта – на мяжы гераізму. 

   «Навошта было рваць жылы?» – спытаецца сучасная моладзь… А інакш не маглі і не ўмелі. Гэта я зразумела, слухаючы Ядвігу Браніславаўну Трышыну і Вячаслава Іосіфавіча Адахоўскага, якія стаялі ля вытокаў стварэння і росквіту калгаса «Радзіма» –  яму сёлета споўнілася б 70 гадоў.

22.jpg

У снежні 1948 года – на жаль, дакладную дату ўстанавіць не атрымалася, – у Гервятах прайшоў сход вяскоўцаў, якія большасцю галасоў вырашылі: калгасу – быць! Для гаспадаркі яны выбралі сімвалічную назву – «Новы шлях». Старшынёй быў абраны Іосіф Ігнатавіч Мілейша.

Але далёка не ўсе вяскоўцы паверылі ў светлае будучае – і не спяшаліся адмаўляцца ад асабістай гаспадаркі на карысць калектыўнай. Незгаворлівых упрошвалі, запрашалі на сходы, самых упёртых абкладалі падаткамі… Людзі, гледзячы на суседзяў і знаёмых, пакрысе ўступалі ў калгас: на агульны двор прыводзілі жывёлу і прыносілі сельскагаспадарчы інвентар. Ужо праз год у калгас «Новы шлях» увайшло 66 гаспадарак і 56 коней.

З 1950 года калгас некалькі разоў узбуйняўся – мянялася і яго назва. У 1952 годзе гаспадарка стала называцца імя Молатава, а праз шэсць гадоў, у 1958 годзе, на агульным сходзе калгас было вырашана назваць «Радзімай».

Фото014.jpg

– Пачынала працаваць паляводам. Людзі ў асноўным няграматныя былі, а ў мяне адукацыі – ажно сем класаў. Адправілі вучыцца на рахункавода, – успамінае Ядвіга Браніславаўна Трышына. – Стала працаваць другім бухгалтарам. Напачатку 60-х прызначылі галоўным бухгалтарам. Старшыні мяняліся, грошай у калгаснай касе не было – адны даўгі. Людзі працавалі за «палачкі», дадуць торбачку збожжа – і ўсё на гэтым. 

11.jpg

Цяпер складана ўявіць, што галоўны бухгалтар гаспадаркі, закасаўшы рукавы, будзе карміць свіней. А Ядвіга Браніславаўна пайшла – і кантораўскіх за сабой павяла. 
– Свінарак не было, а жывёла ж галоднай стаяць не будзе. Замешвалі і кармілі свіней ўручную, – успамінае жанчына. – Бацька, які працаваў конюхам і даглядаў племянных жарабцоў, падарыў мне гадзіннік-«зорачку». А я сапсавала яго. Так шкода было, не расказаць! Першы такі падарунак…

У 1960 годзе ў калгас, які на той час быў адным з самых слабых і бедных у раёне, прыслалі старшынёй Андрэя Андрэевіча Галагаева – былога франтавіка, чалавека мудрага і разумнага. Ураджаі ў калгасе былі слабымі, людзі працавалі за «дзякуй», а жывёла ледзь не падала ад голаду… Што рабіць? Раскрывалі саламяныя стрэхі хлявоў, каб накарміць скаціну. 

Ды лёс, відаць, зжаліўся над беднымі калгаснікамі. У «Радзіме» вырас лён на зайздрасць суседзям – люба дорага глядзець. Галагаеў разумеў: здадуць яго – усе грошы пойдуць на аплату даўгоў, а людзі па-ранейшаму будуць з пустымі кішэнямі. Але старшыня  знайшоў выйсце: даўгунец здалі праз суседні калгас – а грошы раздалі людзям, якія ўпершыню за тры гады трымалі ў руках рублі. Праўда, старшынёўскую хітрасць хутка выкрылі – і Андрэю Андрэевічу аб’явілі вымову. Але гэта было нішто ў параўнанні з радасцю калгаснікаў. Старшыня бачыў, што людзі акрыялі, а ў іх вачах з’явілася надзея на лепшае жыццё. Калгаснікі паверылі яму і ў яго.

фото027.jpg

Калгас падымаўся з каленяў: тут вырошчвалі кароў, свіней, курэй, авечак. Затым зрабілі стаўку на адкорм буйной рагатай жывёлы. З адной з горшых у раёне гаспадарак «Радзіма» стала лепшай – не толькі ў раёне і вобласці, але рэспубліцы і нават у Савецкім Саюзе. Калгасу штогод уручалі пераходныя Чырвоныя сцягі. «Радзіма» станавілася ўдзельнікам і заносілася на Дошку гонару выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, неаднаразова атрымлівала званне Гаспадаркі высокай культуры земляробства. 

– Памятаю, за перамогу на ВДНГ нам далі аўтобус, на якім потым падвозілі людзей. А некаторых працаўнікоў нават каштоўнымі падарункамі адзначылі: механізатары Імпаліт Ануфрыевіч Мажэйка і Віктар Іванавіч Сыс атрымалі аўтамабілі, – успамінае Ядвіга Браніславаўна. – Людзі працавалі ад цямна да цямна. Не так, як цяпер: у 5-6 гадзін вечара ідуць дадому. Добрыя ў нас кадры былі:  брыгадзіры Тарэса Сільвестраўна Койра і Іван Станіслававіч Куліс, механізатары Андрэй Архіпавіч Касач, Іосіф Вікенцьевіч Буцвіла, жывёлавод Адольф Гедройць. А даяркі… Ужо на той час Генуэфа Іосіфаўна Бублевіч і Генуэфа Іосіфаўна Куке надойвалі па 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. На працы такіх самаадданых людзей і трымалася наша гаспадарка. 

У калгаса сталі весціся грошы. Датэрмінова пагасілі даўгі, а на рахунку засталося 900 тысяч рублёў – небывалая на той час сума. 
– Людзі стараліся – былі і паказчыкі. Перадавікоў адпраўлялі па пуцёўках у Прыбалтыку, – працягвае Ядвіга Браніславаўна. – Будавалі фермы, жыллё. А яшчэ наладзілі сувязі з літоўскай гаспадаркай «Крэтоніс». Узначальваў яе выхадзец з нашага калгаса Куліс. Мы сустракаліся, абменьваліся вопытам, праводзілі семінары. Неўзабаве нас аб’ядналі з калгасам імя Леніна, потым «падкінулі» калгас «Рассвет» з вялікім даўгамі, пазней – калгас імя Калініна.

Андрэя Андрэевіча Галагаева, які ўзначальваў калгас «Радзіма» 21 год і вывеў яго ў перадавікі, змяніў Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі.
– Гаспадарку ад Галагаева я прыняў у 1982 годзе. «Радзіма» была моцнай, прыбытковай, добрыя паказчыкі былі па малаку і прывагах, – успамінае Вячаслаў Іосіфавіч. – Здараецца, што ў новага і былога кіраўніка не складваюцца адносіны – але гэта не пра нас з Галагаевым. З Андрэем Андрэевічам мы сябравалі да апошніх яго дзён. Ён быў сумленны гаспадарлівы кіраўнік, дбаў у першую чаргу не пра сябе, а пра дабрабыт людзей. У першыя гады свайго кіравання, магчыма, я рабіў памылкі, але ён ніколі не тыцкаў – маўляў, казаў жа табе, не прыніжаў у вачах людзей майго аўтарытэту, – наадварот, дапамагаў мудрымі парадамі і падказкамі. Памятаю, жартаваў: «Кажуць, два каты ў адным мяшку не ўсядзяць – але гэта не пра нас…»

Адахоўскі аказаўся не менш мудрым і гаспадарлівым за свайго папярэдніка. Вячаслаў Іосіфавіч прымножыў тое, што было. Пры ім пачалі будавацца дарогі, жыллё, жывёлагадоўчыя аб’екты. У сярэдзіне 80-х у калгасе працавала ажно 12 будаўнічых брыгад.

Фото011.jpg

– Такое бездарожжа было, што ні прайсці, ні праехаць, – расказвае Вячаслаў Іосіфавіч. – Зрабілі дарогі, пад’езды да фермаў і палёў. Неяк падлічыў, што мы пабудавалі 150 кіламетраў дарог. 

Па ўспамінах спецыялістаў, больш чым на гадзіну Вячаслаў Іосіфавіч ў канторы не затрымліваўся.
– Калі вечарам не паспяваў аб’ехаць фермы і палі, рабіў гэта раніцай, – успамінае былы старшыня. – Цікавячыся ў спецыялістаў справамі, бачыў: праўду кажуць ці падманваюць. Раз няпраўду сказаў, другі раз – самому сорамна стане.

Дальнабачны і гаспадарлівы Вячаслаў Іосіфавіч разумеў, што для таго, каб грошы «працавалі», іх трэба ў нешта ўкладваць. Так абрастала новымі фермамі, калгасным жыллём не толькі сама гаспадарка, але і Гервяты. Пры Адахоўскім тут аднавілі млын і зрабілі з яго Дом сямейных урачыстасцей, пабудавалі дзіцячы садок, бальніцу, механічныя майстэрні, пазней – мясаперапрацоўчы цэх па вырабу тушонкі, якія і цяпер карыстаюцца попытам.

– Раскажу гісторыю, якая здарылася пры будаўніцтве клуба, – успамінае  Вячаслаў Іосіфавіч. – Фундамент быў заліты, сцены выгналі, а дах не паспелі накрыць. І тут прыязджае камісія з вобласці: старшыня аблвыканкама – былы сакратар нашага райкама Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, сакратар райкама партыі Лідзія Аркадзьеўна Белабокая і наш старшыня райкама Мікалай Васільевіч Галай. Ну і я там каля аб’екта круціўся. Дзмітрый Канстанцінавіч заўважыў, паклікаў. Цікавіцца: маўляў, ну што ты тут, Адахоўскі, будуеш? Адказваю: «Клуб». А ён мне: «Для «Радзімы» – гэта не Дом культуры!» Хуценька зрабілі новы праект, а клуб, які мы будавалі, стаў толькі невялікай прыбудовай.

– Доўга думалі, пад што прыстасаваць панскі млын, – да размовы далучаецца Ядвіга Браніславаўна. – Спачатку збіраліся зрабіць у ім музей. Я і экспанатаў назбірала. Потым вырашылі, што будзе  Дом сямейных урачыстасцей – і не прагадалі. І вяселлі, і дні нараджэння, і памінкі там спраўляюць.

…На абедзвюх руках не хопіць пальцаў, каб пералічыць зробленае Вячаславам  Іосіфавічам  Адахоўскім у калгасе і ў Гервятах. Ён, як і Андрэй Андрэевіч Галагаеў, кіраваў «Радзімай» 21 год. Правай рукой і першага, і другога кіраўніка нязменна была Ядвіга Браніславаўна Трышына, якая 40 гадоў свайго жыцця прысвяціла «Радзіме»…

– Канешне, важна, што пабудавана, створана, зроблена. Але самае галоўнае – заслужыць павагу людзей. Каб цябе добрым словам успаміналі, – гаворыць Вячаслаў Іосіфавіч. – Памятаю, як стаў старшынёй «Радзімы». Адразу было ўсё чужое. Здохла на ферме карова – ну і што: не мая, не шкода… Два гады прайшло, пакуль прывык, пакуль  людзі сталі роднымі. А цяпер мяняюць кіраўнікоў ледзь не штогод – не дзіва, што яны не цэняць сваю гаспадарку і адносяцца, як да чужой. Былы старшыня на хвіліну задумваецца, а потым працягвае:
– Я ўдзячны лёсу, які ў свой час прывёў мяне ў Гервяты. Тут прыгожая прырода, жывуць цудоўныя працавітыя людзі… І гэта мая «Радзіма».

Гісторыя адным радком
* На Астравеччыне калектывізацыя пачалася ў 1940 годзе. Паводле кнігі «Памяць» на 1 верасня 1940-га ў раёне налічвалася ўсяго 
5 калгасаў.
* Літаральна праз дзесяць гадоў толькі на тэрыторыі Гервяцкага сельсавета было ўжо 7 калгасаў: імя Молатава і «Новы шлях» (в.Гервяты), імя Жданава (в.Міцюны), «Сцяг» (в.Грэбалы), імя Будзённага (в.Попішкі), «Ранішняя зорка» (в.Гайголі), «Праўда» (в.Гудзенікі).  


Текст: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений