Шатландыя вачамі Ніны Рыбік

16:21 / 21.11.2018
Вецер жыццёвых перамен і няўрымслівасць натуры занеслі маю дачку на радзіму мужа – у Шатландыю. Такім чынам мне выпала нагода пазнаёміцца з новай краінай, прычым не з акна экскурсійнага аўтобуса, а «знутры», адчуць яе на дотык, на смак, на водар. 
Такім чынам – Шатландыя! 

IMG_20181022_124557.jpg

Для агульнага разумення…
Думаю, калі спытаць прахожых на вуліцы Астраўца, што яны ведаюць пра Шатландыю, то большасць успомніць нацыянальнае мужчынскае адзенне – кілт, якое ў нас – прадмет двухсэнсоўных жартаў і анекдотаў, нацыянальны музычны  інструмент – валынку, якая, дарэчы, моцна нагадвае беларускую дуду, віскі (наша самагонка, настоеная на дубовай кары – амаль што тое ж самае), лахнэскую пачвару… Аматары літаратуры, безумоўна, узгадаюць рамантычныя балады Роберта Бёрнса і высакародных рыцараў Вальтэра Скота. Бадай, усё. Прызнаюся шчыра: да нядаўняга часу я не моцна адрознівалася ад гэтай большасці.

782541024.jpg

Тыя, хто цікавіцца міжнароднай палітыкай, могуць яшчэ ўспомніць, што Шатландыя – аўтаномная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, і адносіны з «тытульнай» часткай краіны – Англіяй, у гэтай паўночнай вольналюбівай дзяржавы, мякка кажучы, не вельмі... Настолькі, што ў 2014 годзе ў Шатландыі нават правялі рэферэндум на прадмет выхаду з Каралеўства, і зусім невялікая перавага галасоў нацыянальнага адзінства – прыхільнікі саюза з Вялікабрытаніяй набралі 55,3 працэнта – сведчыць, што думка на гэты конт зусім неадназначная. 

І гэта на самой справе так. Да прыкладу, калі дачка заказала ў кафэ традыцыйны англійскі чай «Граф Грэй», афіцыянт нібыта жартам – але ж ва ўсякім жарце толькі доля жарту! – здзіўлена ўзняў бровы: «Вы ўпэўнены, што зрабілі правільны выбар?» А на мінулым чэмпіянаце свету па футболе, расказвалі, шатландцы гатовы былі хварэць за каго заўгодна – толькі не за зборную Англіі. 

Знаёмства
Першае ўражанне ад Шатландыі: машыны тут нейкія няправільныя, і ездзяць яны няправільна! Потым зразумела: гэта ж левабаковы рух! Але ведаць – гэта адно, а бачыць вадзіцеля не на тым месцы – гэта зусім іншае. Добра, што я была толькі пасажыркай, ды і то на заднім сядзенні.

112.jpg

 Роздум з нагоды
…І за акном нашай «няправільнай» машыны мільгаюць «няправільныя» краявіды. 
Я думала, што восень – яна ўсюды аднолькавая. Але ж не: у Шатландыі гэтая «рыжая каралева» не такая яркая, як у Беларусі – больш сціплая ці што? Не рве вока рознакаляровасцю кляновага лісця: жоўта-бура-зялёныя фарбы гарманічна адцяняюць веліч і прыгажосць гор, што ўздымаюцца на гарызонце, шэрую дымку шматлікіх незвычайнай прыгажосці лохаў (я не абзываюся: так па-шатландску называюцца азёры). Спрабуючы разгледзець у шызай дымцы над іх пабітай рабацінкамі дажджу воднай гладдзю далёкія і нерэальныя, як мроі, горы, міжволі пачынаеш верыць у рэальнасць лахнэскай пачвары. Калі яна і сапраўды недзе жыве – то, безумоўна, у такім вось возеры-лоху, дзе мяжа паміж рэчаіснасцю і  выдумкай такая ж зыбкая, як і навакольныя краявіды… 

IMG_20181023_181344.jpg

Паабапал дарогі тут і там – магутныя аднаногія ветракі ляніва круцяць свае лопасці, выпрацоўваючы «зялёную» электраэнергію. Амаль каля самай шашы за самаробнай фермерскай агароджай пасуцца авечкі – шмат! Час ад часу на вочы трапляюцца шатландскія каровы  –  амаль як цацкі з сувенірнага магазіна: рыжыя, калматыя, з навіслым над вачамі густым «чубам» – такія каларытныя, што зразумела, чаму яны абраны адным з сімвалаў Шатландыі. Другі сімвал – кветка чартапалоху. Праўда, гэты сімвал у жывой прыродзе ўбачыць не ўдалося – толькі сапраўдныя, прыгожыя, яркія кветкі, якія прагна лавілі апошняе восеньская сонца кожным сваім пялёсткам.

…А апалае лісце там не прыбіраюць. Зусім! Рознакаляровым восеньскім дываном яно ляжыць не толькі на акуратна падстрыжаных газонах ў батанічным садзе і ў гарадскіх скверах, дзе мы гулялі з унукам, але і на вуліцах. І калі скверы і паркі можна было б спісаць на клопат «зялёных», якія пераконваюць, што апалае лісце – гэта натуральнае ўгнаенне для раслін, то на тратуарах і дарогах яно становіцца дадатковай крыніцай небяспекі: слізка! Ну хоць ты арганізуй там суботнік па падрыхтоўцы горада да зімы…

IMG_20181012_123010.jpg

Тым не менш, апалае лісце на тратуарах не псуе агульнага выгляду горада. Хутчэй наадварот: старажытныя дамы і храмы з жоўтага пясчаніку, чырвонай цэглы і карычневага каменя ў такім аздабленні выглядаюць так, нібы яны і зараз знаходзяцца там, у 17-18 стагоддзях, а ўсе гэтыя машыны, двухпавярховыя аўтобусы, светлафоры, неонавыя шыльды – невядома як прыблукаўшыя ў іх час «госці з будучыні».

Глазга, дзе жыла амаль два тыдні, я палюбіла з першага позірку, аднёсшы гэты самы буйны ў Шатландыі горад да ліку тых нямых сведкаў гісторыі, у якіх, па маім разуменні, жыць нельга – як у старой частцы Пецярбурга, да прыкладу, ці ў Полацку. Мне сапраўды не вельмі зразумела, як можна жыць у доме, пабудаваным у 1870 годзе – з вінтавой лесвіцай з двума дзясяткамі прыступак, што вядуць з пярэдняй у кватэру; з акном у столі, праз якое ноччу шчодра льецца месяцавае святло, а днём, калі расступяцца хмары, натоўпамі скачуць сонечныя зайчыкі; са старадаўнім вялізным камінам – нязменным атрыбутам кожнай тутэйшай кватэры: пра гэта сведчаць каміны, што ўзвышаюцца над дахам кожнага пад’езда. 

Немагчыма не палюбіць і  батанічны сад Глазга: старадаўні – на ўваходзе фотаздымкі сем’яў віктарыянскай эпохі, што «выгульвалі» на гэтых дарожках сваіх нашчадкаў. І абсалютна бясплатны. Ён – любімае месца прагулак мам з дзецьмі, закаханых парачак – усіх, каму хочацца правесці час у цішыні і прыгажосці. Пад шатамі незвычайных дрэў і кустоў – ля кожнага стаіць таблічка з апісаннем, але ж той панядзелак, з якога я пачну вучыць англійскую, пакуль не наступіў – аднолькавыя сціплыя, зручныя драўляныя лаўкі. І на кожнай – таблічка. Я доўга не магла зразумець: для чаго? Пакуль дачка не растлумачыла: іх жыхары Глазга ўстанаўліваюць у гонар сваіх памерлых родзічаў.  Як пацвярджэнне таго: сціплы букецік кветак на адной з такіх лавак. Прыгожая традыцыя, мне здаецца, – нашмат больш жывая, чым грувасткія каменныя помнікі на могілках, і тым больш – крыжы і вянкі ўздоўж дарог… Лаўкі абсалютна аднолькавыя – каб не ператвараць добрую справу ў кірмаш пыхі і ганарлівасці. 

IMG_20181012_123030.jpg

…А вавёркі ў батанічным садзе амаль што ручныя: бегаюць статкамі па дрэвах і дарожках, не баючыся, ахвотна пазіруюць перад фотакамерамі, бяруць ежу з рук – і крыўдзяцца, калі не атрымліваюць. Амаль як людзі… 

IMG-8b63fc3bed6267ff8fd2b67831ab69d8-V.jpg

Знаёмства са сталіцай

 Глазга – буйнейшы горад Шатландыі. Але сталіцай краіны з’яўляецца Эдзінбург – ці не таму, што менавіта там знаходзіцца велічны Эдзінбургскі замак, што высіцца на вяршыні патухлага вулкана – сэрца Шатландыі? 

Праўда, наведаць яго нам не ўдалося.  Зрэшты, Дзмітрый Крылоў у сваіх «Непуцёвых нататках» сцвярджаў, што зараз адчуць дух Шатландыі там немагчыма: яго даўно выветрылі шматлікія турысты. Яшчэ б: з XI стагоддзя, калі не раней, топчуць яго тэрыторыю ўсякія-ўсялякія… Ну што ж, будзем лічыць, што мы і не хацелі…
Дух Шатландыі я спрабавала адчуць на вузкіх вулачках сталіцы – хоць і там, здаецца, турыстаў больш, чым абарыгенаў…

IMG_20181022_131624.jpg

Аўтамабіль, на якім мы прыехалі ў сталіцу, – не самы зручны від транспарту ў Эдзінбургу, і не толькі з-за вузкіх вулачак. Улады горада «выжываюць» аўто з цэнтра сталіцы рублём: гадзіна вулічнай паркоўкі  каштуе 35 фунтаў – амаль 100 беларускіх рублёў! Нам пашанцавала: мы знайшлі больш танную паркоўку, таму і змаглі пагуляць па старой частцы Эдзінбурга, якая – зрэшты, як і новая – занесена ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. 

…Цэнтры сталіц па сутнасці сваёй падобныя ва ўсім свеце: у кожнай ёсць свой пешаходны «арбат», паўсюль – турысты з фотаапаратамі, сувенірныя крамы…
 І пры гэтым у кожнай – свае адметнасці. Эдзінбург заманьвае турыстаў старажытнай архітэктурай – ад усведамлення таго, што палац, храм, дом, публічная бібліятэка пабудаваны пяць ці нават больш стагоддзяў таму, а замак увогуле амаль што тысячу – мурашкі па скуры. 
А яшчэ сапраўднымі шатландцамі ў кілтах і з валынкай, падобнай на беларускую дуду, якая іграе так меладычна-жаласліва...

viber image.jpg

Роздум з нагоды
Нацыянальнае шатландскае адзенне – гэта не толькі кілт (мужчынская спадніца ў клетку, па колеру якой можна вызначыць, да якога са шматлікіх кланаў належыць «кілтаносец»). У класічным варыянце да яго абавязкова дадаецца перакінуты цераз плячо плед, аздоблены футрам скураны кашалёк, кароткія панчохі – накшталт гольфаў, спецыяльныя чаравікі і галоўны ўбор. 

 Шатландскі нацыянальны касцюм можна ўбачыць не толькі ў музеях, этнаграфічных святах ці на зарабляючых на турыстах артыстах. Нават за час свайго непрацяглага знаходжання ў Шатландыі я неаднойчы бачыла на вуліцах горада мужчын у кілтах – ну можа, не зусім у класічным варыянце. Кілт – абавязковае адзенне на важныя сямейныя святы – вяселле, да прыкладу. І для кожнага сапраўднага шатландца справа гонару мець кілт – хоць і каштуе ён нятанна, да тысячы фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 2700 беларускіх рублёў). Купіць яго можна ў магазінах ці заказаць у спецыяльных атэлье, нават для зусім маленькіх хлопчыкаў.

IMG_20181019_152609.jpg

IMG_20181019_164455.jpg

Англійскае – ах, прабачце: шатландскае! – чаяпіцце

У Шатландыю я «кантрабандай»  прывезла нашы беларускія вірусы – і Дзень маці правяла ў ложку з тэмпературай. Таму забраніраванае дачкой на гэты дзень «англійскае чаяпіцце» давялося перанесці на наступны дзень.

Англійскае чаяпіцце не мае нічога агульнага з паняццем «папіць чаю». Не, папіць чаю, кавы, перакусіць тут можна ў любой з дзясяткаў ці нават соцень кафэшак, якія на кожным кроку, – нават у старажытных храмах адкрыты кафэ і рэстараны. Лічыцца, што выкарыстоўваць такую прыгажосць толькі для малітваў «нерэнтабельна». Цікавая і даволі спрэчная выснова, па маім разуменні, – але са сваім статутам у чужы манастыр ці царкву лезці не варта.

IMG_20181012_125147.jpg

Роздум з нагоды
Перакусваючы ў чарговай малюсенькай кафэшцы на 10-12 месцаў нацыянальным шатландскім «чорным пудзінгам» – нешта кшталту крывяной каўбасы, запечанай у булачцы, – я разважала: чаму ў нас так слаба развіта грамадскае харчаванне? У апошні час кафэ і рэстараны адкрываюцца і ў нашым горадзе – але, па-першае, усе яны разлічаны на банкеты як мінімум чалавек на 20-30: вяселлі, юбілеі і жалобныя абеды – іх асноўная крыніца даходаў. А, па-другое, нягледзячы на розныя назвы і статус – дзяржаўныя ці прыватныя, усе яны, на жаль, падобныя, як блізняты: тая ж кухня, што сыходзіць каранямі ў савецкі «общепит», той жа інтэр’ер… А такіх вось, са сваім адметным тварам, асаблівымі круасанамі ці кавай, куды б можна было зазірнуць перакусіць, выпіць кавы ці проста пагартаць кніжку, якая стаіць тут жа, на паліцы – няма! Ці амаль што няма…. 

Мне здаецца, я ведаю, чаму: не прывыклі яшчэ нашы людзі, што ў кафэ можна зайсці проста так. Без нагоды – пасядзець, перакусіць, адпачыць, заказаць філіжанку толькі што зваранай водарнай кавы ці прызначыць там дзелавую сустрэчу… Юбілеі і вяселлі мы ўжо «вынеслі з хаты» – паціху і нашы жанчыны сталі шкадаваць не толькі грошы, але і сябе. А вось перакусіць камфортна і смачна, а не піражком у скверы на лавачцы, пакуль яшчэ не навучыліся. 

Хочацца верыць, што ключавое слова тут – «пакуль»…

Дык вось, пра англійскае чаяпіцце. Яно адбылося ў старадаўнім будынку ў цэнтры Глазга, у прыгожым рэстаране, які, нягледзячы на панядзелак і пасляабедзенны час, быў запоўнены. У паўзмроку таямніча гарэлі свечкі, на сценах – цікавыя фотаздымкі – я так зразумела, што гэта была выстава партрэтаў нейкага фотамастака… Вышкаленыя афіцыянты, прадуманая да дробязяў сервіроўка.

 Ну і, вядома ж, чай – сартоў дваццаць на выбар. А да чаю нам падалі… Трохпавярховую горку з дзясяткам ці больш відаў розных булачак, пірожных, бутэрбродаў, сконаў – і гэтак далей, і да таго падобнае. Не слабы такі абед, скажу я вам. Усё запіхнуць у сябе мы не здолелі – нават страшны звер жаба, які ўвесь час нашэптваў, што ўсё такое смачнае, і галоўнае – за ўсё ж заплачана! – не здолеў прымусіць нас гэта зрабіць.
Затое я зараз ведаю, што азначае англійскае чаяпіцце. І што Дафна Дзюмар’е, якая вельмі ярка апісвала гэта ў маім любімым рамане «Рэбекка», не хлусіла.

IMG_20181015_140105.jpg


Краіна кантрастаў

Тыя, хто лічыць, што за мяжой усё выключна беззаганнае, не тое, што ў нас, «саўкоў», вельмі памыляюцца. Гэтак жа, як і «квасныя патрыёты», якія шукаюць – і безумоўна ж, знаходзяць! – у замежных краінах «блох», каб даказаць сваю выключнасць – не ў гэтым, я лічу, патрыятызм. Усё, як у той песні: «Любіш сваё – паважай і чужое, любіш чужое – шануй і сваё».

Тых, хто думае, што бамжы і жабракі – выключная адметнасць постсавецкіх краін, мушу расчараваць: у Шатлындыі я неаднойчы сутыкалася з імі. Яны сядзелі тут і там з папяровай шклянкай у руках, просячы грошай.  Адзін з такіх, малады хлопец,  падобна, «працуе» ля дзвярэй магазіна, у якім мы куплялі прадукты. Ні разу не бачыла, каб яму нехта нешта падаваў – зрэшты, гэта гаворыць не пра сквапнасць шатландцаў і не пра іх адносіны да жабракоў, а, хутчэй, пра тое, што зараз на захадзе мала хто носіць у кішэні наяўныя грошы: усе разлічваюцца карткамі. 

А ля вакзала прама на тратуары на надзіманых матрацах спалі бяздомныя – і не афраазіяцкай, а цалкам еўрапейскай знешнасці. Побач – тэрмас, кантэйнеры з ядой… І гэта ў адной з самых багатых краін захаду! 

Роздум з нагоды
Людзі без пэўнага месца жыхарства, якіх у нас называюць бамжамі, ёсць усюды. І ад узроўню жыцця ў краіне гэта калі і залежыць, то толькі часткова. Проста заўсёды і ўсюды былі, ёсць і, напэўна, будуць тыя, хто не жадае працаваць, падпарадкоўвацца законам і правілам – і выбіраюць такую вось свабоду ад грамадства. 
Запомніўся эпізод з некалі прачытанай кніжкі, назву і аўтара даўно забылася – а гэта вось помню. Да хіраманта прыходзіць прыгожая забяспечаная жанчына і прыводзіць з сабой сына, паслухмянага разумнага хлопчыка. Жанчына просіць хіраманта  сказаць, што чакае яе дзіця ў будучыні? «А я гляджу на руку гэтага абласканага бацькамі і лёсам дзіцяці, якое мае ўсё, што толькі пажадае, – і бачу ў яго на далоні знак бамжа, – расказвае хірамант. – І разумею, што жыццё ён скончыць недзе пад мостам ці на сметніку...»
Не бяруся сцвярджаць, што ўсё менавіта так, але што ў любой краіне – і ў беднай, і ў багатай – ёсць людзі, што стаяць ля магазінаў з працягнутай рукой, прымушае задумацца…

З таго, што яшчэ не спадабалася ў Глазга: пакеты са смеццем ляжаць проста на тратуарах ці ля пад’ездаў. Уяўляеце: старадаўні прыгожы дом з вітражнымі дзвярыма, а перад імі – пакет са смеццем. Хоць за вуглом стаяць спецыяльныя кантэйнеры… Усё ж людзі-свінні сустракаюцца не толькі ў нас – і гэтая «міжнародная салідарнасць» ніколькі не радуе: горы смецця ў акіяне не адзін чалавек стварыў, і нават не грамадзяне адной краіны…

viber image.jpg

Не вельмі спадабалася і тое, што бачыла і што расказвалі пра тамтэйшую сістэму адукацыі і дашкольнага выхавання. Скажам, за знаходжанне дзіцяці ў садку трэба штомесяц заплаціць каля тысячы фунтаў – прыкладна столькі ж у сярэднім зарабляе жанчына. Але на сакраментальнае пытанне – навошта тады працаваць, калі ўсе грошы аддаваць на дзіцячы садок? – адказ просты: пасядзіш дома пяць гадоў – кваліфікацыю страціш: хто цябе возьме пасля такога перапынку на прыстойную работу? Выратаванне, калі ёсць бабулі. Але на захадзе яны не такія самаахвярныя, як беларускія: за тое, што глядзяць унукаў, дазваляючы дзецям працаваць, тыя ім плацяць. Не столькі, вядома, як давялося б аддаць за дзіцячы садок – і тым не менш…. 

У школу там ідуць з 5 гадоў – і адразу па поўнай праграме: урокі да 15 гадзін, адзнакі ў дзённік, хатнія заданні… 
Не спадабалася і школьная форма – ні мешкаваты фасон, ні мышына-шэры колер яе. Нават нашы савецкія карычневыя сукенкі, мне здаецца, былі больш прыгожымі і элегантнымі…
Зрэшты, тут зноў дарэчы ўспомніць пра іх манастыр і свой статут…

IMG_20181017_161554.jpg

Можна было б яшчэ расказаць пра наведванне буйнейшага ў свеце цэнтра соў, дзе ўтрымліваюцца птушкі з усяго свету – ад палярнай да афрыканскай; аб падрыхтоўцы краіны да святкавання Новага года, якая пачалася яшчэ ў кастрычніку, і блізкага ў той час Хэлоўіна, пра… 
Зрэшты, не буду вам надакучаць: спадзяюся, што агульнае ўражанне ад краіны Бёрнса, лохаў, замкаў, кілтаў і кантрастаў вы з маёй дапамогай атрымалі. 


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик