Другая мама для сотні немаўлят-цялят

16:23 / 19.11.2018
1135
Цялятніца
Міраслава Зянонаўна БУКЕЛЬ, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»

З дзяцінства Міра была выдумшчыцай і фантазёркай. У Вялікіх Свіранках, як і ў іншых вёсках, па чарзе ганялі кароў на пашу – гэтую справу звычайна давяралі дзецям. Калі іншыя капрызілі, не хацелі рана падымацца і з дубцом у руках абыходзіць двары, каб сабраць кароў у гурт, то Міра, наадварот, з радасцю ўскоквала з ложка і, часта нават не паснедаўшы, подбегам ляцела на вуліцу. Хуценька «збірала» па хатах кароў – і гнала іх на пашу. Пакуль рагулі ласаваліся сакавітай травіцай, дзяўчынка ўглядалася ў неба. У абрысах белых пульхных аблачын яна бачыла заморскіх жывёл, лятаючыя караблі і вялікія казачныя замкі. Ёй карцела хоць на імгненне стаць аблачынкай ці ветрам, каб хоць краем вока ўбачыць іншыя краіны і гарады. 

IMG_1235.jpg

Не дзіва, што пасля заканчэння Падольскай сярэдняй школы Міра паступіла ў чыгуначнае вучылішча.

– Адразу пасля вучобы ўладкавалася правадніцай на Вільнюскую чыгунку. На працягу некалькіх гадоў працавала на маршруце Вільнюс-Масква. Аб’ездзіла ўсю Прыбалтыку і  палову Саюза, – з настальгіяй у голасе ўспамінае жанчына. – Рыга, Уладзівасток, Ленінград... Столькі ўражанняў і новых знаёмстваў!

Здавалася б, за шматлікімі паездкамі і камандзіроўкамі часу на асабістае жыццё не знайсці. Але каханне само знайшло Міру. Неўзабаве яна выйшла замуж і разам з мужам пераехала на яго радзіму, у Рытань, бо ўласнае жыллё ў Вільнюсе маладым не «свяціла». 

– Жылі з мужавымі бацькамі. Тыдзень прайшоў, другі, а я ўсё шукала працу і, прызнацца, сумавала па чыгунцы, – расказвае жанчына. – Урэшце ўладкавалася нянечкай у дзіцячы садок – вельмі дзяцей любіла. Потым працавала прыбіральшчыцай у канторы, начным вартаўнікоў на ферме. А калі звольнілася адна з цялятніц, папрасілася на яе месца. З таго часу тут і працую.

Міраслава Зянонаўна разам з напарніцай Людміла Францаўнай Кісялевіч даглядаюць 105 цялят малодшага ўзросту: ад моманту нараджэння да 21-га дня іх жыцця.

– Яны як дзеці, – з пяшчотай у голасе пра сваіх падапечных расказвае цялятніца. –  За пальцы вільготнымі вуснамі хапаюць – думаюць, што мама. Кожны дзень на комплекс прыходжу ў 6 гадзін раніцы. Паю цялят пастэрызаваным малаком, у вядзерца наліваю свежую вадзічку, у спецыяльныя адсекі насыпаю камбікорм, перасцілаю, калі трэба. У кожным доміку павінна быць чыста і суха, інакш малое можа захварэць. Потым іду дамоў, а ў абед і вечарам ізноў бягу да сваіх цялят-немаўлят. 

IMG_1233.jpg

– Ведаеце, чыгунка  і зараз мне сніцца, – прызнаецца жанчына. – Але я ні аб чым не шкадую. Тут, у Рытані, нарадзіліся дзеці, прайшлі лепшыя гады жыцця… Ды і як я без сваіх цялятак: хто іх дагледзіць, калі не я?

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений