Свінавод Валянціна Калпак абвяргае стэрэатыпы пра сельскую гаспадарку

14:05 / 19.11.2018
1229
Свінарка
Валянціна Іванаўна КАЛПАК, КСУП «Варняны»

У стыльна апранутай, з лёгкім макіяжам і прычоскай прыгожай маладой усмешлівай жанчыне нізавошта не прызнаеш свінарку  ў тым разуменні, якое многія ўкладваюць у вобраз прадстаўніцы гэтай прафесіі. Валянціна Іванаўна – з тых жанчын, якія сваім прыкладам разбураюць стэрэатыпы пра сельскую гаспадарку: маўляў, калі даярка ці свінарка – то абавязкова ў замызганым адзенні і з патухлымі вачыма. Жанчына – яна і на ферме, і на свінакомплексе застаецца жанчынай – далікатнай, пяшчотнай, жаноцкай.

IMG_1225.jpg

– Знешнасць залежыць не ад месца працы, а ад стану душы, – прымаючы ад мяне камплімент, гаворыць Валянціна Іванаўна. – Я аптымістка, цяжкасці і няўдачы ўспрымаю з усмешкай: за чорнай паласой абавязкова будзе белая, дрэннае надвор’е зменіцца сонцам… Было б здароўе – астатняе купіцца.

На свінакомплексе жанчына працуе амаль 20 гадоў. З году ў год у гадаванцаў Валянціны Іванаўны найбольшыя прывагі. 

– Прымаю апаросы, правяраю свінаматак, кармлю іх, чышчу клеткі, абразаю разцы парасятам, каб не траўміравалі свінню, – гэта прывычная для мяне работа, – расказвае жанчына.

IMG_1228.jpg


За Валянцінай Іванаўнай замацаваны тры секцыі – а гэта 120 свінаматак і каля 1 200 парасят. Цяжка? 

 – Я прывыкла, – прызнаецца свінарка. – Працы з дзяцінства не баюся. Бацькі па вясковай завядзёнцы трымалі кароў, свіней. Я ў мамы была першая памочніца: і карову даіла, і свіней карміла. Праўда, сама гаспадарку не трымаю – у нас толькі сабака ды кот. Клопатаў з жывёлай хапае на рабоце – трэба ж дагледзець кожны пісклівы камячок!

Пакуль парасяты не падрастуць і не набяруць  вагу, пра іх клапоціцца Валянціна Іванаўна. Потым іх пераводзяць у групу дарошчвання да іншай свінаркі.
Галоўны гонар Валянціны Іванаўны  – зрэшты, як і кожнай жанчыны, – дзеці. Сын Дзяніс ужо выпырхнуў з бацькоўскага дома – вучыцца ў Ваеннай акадэміі. Дачка Дзіяна, якая ходзіць у Варнянскую школу, дапамагае маме пячы пірагі. У такія хвіліны, калі яны з дачушкай у чатыры рукі замешваюць цеста, Валянціна Іванаўна ловіць сябе на думцы, што ўсё ў жыцці склалася найлепш.

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений