Дабрачынны канцэрт прайшоў у Астраўцы

16:17 / 07.12.2010

Трэцяга снежня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў дабрачынны канцэрт “Падары надзею”. У мінулым годзе падобнае мерапрыемства атрымала вялікі рэзананс сярод астраўчан, і неабыякавыя людзі працягвалі пералічваць грошы на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры нават пасля канцэрта.
Таму і сёлета раённы Дом культуры і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання вырашылі прадоўжыць добрую традыцыю – правесці дабрачынны канцэрт і арганізаваць збор ахвяраванняў, каб дапамагчыі анкалагічна хворым дзецям і  маладым людзям, якія з-за хваробы не могуць рухацца.


І мы зноў маглі пераканацца, што ў свеце шмат добрых людзей, якім баліць сэрца за чужое гора. Такога аншлагу кінаканцэртная зала не бачыла даўно – тыя, што прыйшлі перад самым пачаткам, з цяжкасцю маглі знайсці свабоднае месца.
Распачаўся канцэрт кранальнай харэаграфічнай пастаноўкай танцавальнага ансамбля гімназіі №1 “Астравок”, Руслана Юргелянца, Максіма Валканоўскага і Аліны Едка. Дзяцінства – гэта светлая, яркая і шчаслівая пара. І дзеці не павінны ведаць, што такое гора. Не павінны... Але гэтыя словы не заўсёды ў сілах супрацьстаяць вялізным крылам смерці, якія несправядліва навісаюць над нявіннымі маленькімі душамі і часам бязлітасна забіраюць іх. І словы “Мама, я таксама хачу быць доктарам” толькі балючым рэхам адгукаюцца ў параненых бацькоўскіх сэрцах. 
Стрымаць слёзы было немагчыма. Як і падчас маналогу Леакадзіі Кіткоўскай, якой хапіла мужнасці выйсці на сцэну і расказаць пра сваю хваробу. Узгадаць, як аднойчы мужчына ў белым халаце, хаваючы вочы, сказаў: “У вас рак...”. І як, рыхтуючыся да чарговай аперацыі, яна знайшла ў кніжцы пісьмо сваёй дачкі: “Мама, я так цябе люблю. Прашу цябе – не памірай!”. І гэтая моцная жанчына паабяцала сабе і дзецям, і ўсім на свеце, што ў яе ўсё будзе добра і што яна абавязкова падымецца праз некалькі гадоў на гэтую сцэну здаровая і шчаслівая.
– Толькі не здавайцеся! – прасіла Леакадзія людзей, якія спазналі жах гэтай страшнай хваробы. – Змагайцеся за сваё жыццё – дзеля тых, хто просіць: не памірай...
Вядучыя канцэрта ўручылі жанчыне падарунак ад астравецкага Дома рамёстваў – саламянага анёла ў калекцыю, якую яна даўно збірае.
Увогуле ў зале ў той вечар панавала асаблівая атмасфера шчырасці, дабрыні і жадання дапамагчы. Таленавітыя работнікі культуры і задорныя дзіцячыя калектывы падарылі ўсім прысутным шмат яркіх незабыўных нумароў. І хацелася б ім шчыра падзякаваць за тое, што яны не толькі парадавалі гледачоў цудоўным канцэртам, але і дапамаглі сабраць грошы для  хворых дзяцей.
А вядучыя канцэрта ў сваю чаргу падзякавалі ўсім, хто гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Пакуль ёсць такія людзі, у сэрцах абяздоленых будзе жыць надзея. Асаблівых слоў падзякі заслугоўваюць кіраўнікі прадпрыемстваў “Тэхнапласт”, “АнастасіяБуд”, “Сегда”, якія выдзелілі сродкі на набыццё сродкаў гігіены для інвалідаў, І.І. Раўдановіч, які падарыў электрычную пліту для аддзялення дзённага прабывання інвалідаў, і пенсіянер з вёсцы Трокенікі Іван Свіла, які зрабіў драўляную мэблю для гэтага ж аддзялення. Старшыня раённай арганізацыі Фонду міру А. С. Сухадольская, дзякуючы ахвяраванням у гэты фонд многіх жыхароў раёна, дапамагла набыць тэлевізар з вадкакрышталічным экранам, швейную машынку і музычны цэнтр з караоке.


Падчас акцыі, якая праводзілася  у фае перад канцэртам, валанцёры “Чырвонага Крыжа” назбіралі 254 230 рублёў, а таксама атрымалі сродкі асабістай гігіены для ляжачых інвалідаў коштам прыкладна адзін мільён рублёў. А ад продажу білетаў на канцэрт і добраахвотных ахвяраванняў нераўнадушных людзей і арганізацый раёна было сабрана каля 6 мільёнаў рублёў. Усе гэтыя грошы і сродкі гігіены будуць перададзены ў сем”і, дзе выхоўваюцца хворыя на анкалогію дзеці і маладыя людзі, якіх хвароба прыкавала да ложка.
Напрыканцы канцэрта артысты запрасілі ўсіх устаць і ўзяцца за рукі. І гэты заклік быў сімвалічным – таму што толькі разам мы моцныя.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Івана ПЕТРЫКА.