Сем рэспубліканскіх узнагарод атрымаў астравецкі хлеб

09:40 / 14.11.2018
1512

Астравецкі хлеб у чарговы раз пацвердзіў сваю высокую якасць на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката-2018” у Мінску.

IMG_3446.jpg

Штогадовы конкурс праходзіў у рамках міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа”.

– Нам спадабаліся сустрэчы і гутаркі з лепшымі прадстаўнікамі хлебапякарнай галіны з Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы, Італіі, – дзеліцца ўражаннямі начальнік аддзела прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Марыя Уладзіславаўна Масойць. – Яны расказалі аб стане, праблемах і перспектывах развіцця кандытарскай справы за мяжой, магчымасцях і спосабах падтрымліваць якасць прадукцыі і попыт на яе. Літоўцы, напрыклад, дэманстравалі новае абсталяванне па нарэзцы і ўпакоўцы.

Самай значнай падзеяй для астраўчан было ўзнагароджанне пераможцаў конкурса “Смаката-2018”: усе сем прадстаўленых нашымі хлебапёкамі вырабаў атрымалі высокія ўзнагароды. Так, Гран-пры ў намінацыі “Хлеб пшанічны вышэйшага гатунку” атрымаў хлеб “Жалейка”. “Залатымі” ўзнагародамі адзначаны батон “Пралеска”, здобная булачка “Лакамка” з лімонным начыннем, здоба “Макаўка люкс” і булачка “Малочная з цукрам”. “Серабро” атрымалі хлеб “Саняшка” і кекс “Свята”.

IMG_3442.jpg

Да слова, усе вырабы, якія прымалі ўдзел у конкурсе, добра вядомы астраўчанам – іх можна знайсці на прылаўках мясцовых магазінаў – ад прыватных да буйных гандлёвых сетак.

– Можна сказаць, што адбор на конкурс праводзілі не мы, а пакупнікі нашай прадукцыі. Мы прадстаўлялі тое, што падабаецца нашым спажыўцам, – падводзіць вынік размовы Марыя Уладзіславаўна. – Таму гэта наша агульная перамога.

IMG_3444.jpg

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў выкарыстанне хлебабулачных вырабаў знізілася ва ўсім свеце. Так, у Беларусі ў 1981 годзе кожны жыхар з’ядаў 101 кілаграм хлеба ў год, у 2008-ым – 61, у 2015-ым – толькі 45 кілаграмаў.


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений