Водгук на кнігу. У глыбінях Віліі

08:01 / 14.11.2018
Сёлета ў мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Пра Вяллю, рыбу і рыбалку». Аўтар і ўкладальнік – вілейскі краязнаўца, вандроўнік, аматар рыбнай лоўлі, урач па адукацыі Міхаіл Міхалевіч. Першая прэзентацыя кнігі прайшла ў Вілейцы і была прымеркаваная да 160-годдзя слыннай экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча. Гэта літаратурна-мастацкае выданне стала чарговым літаратурным помнікам Віліі – сёмай па працягласці рацэ Беларусі, якой пашчасціла трапіць у грунтоўную манаграфію ХІХ стагоддзя, выдадзеную ў Дрэздане. Да гэтага былі створаны падобныя апісанні толькі трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы.

IMG_1569.jpg


Нездарма лічыцца, што найлепшыя апавядальнікі і фантазёры  –  паляўнічыя ды рыбакі, бо найчасцей кіруе ўчынкамі гэтых людзей не смага спажывы, а рамантыка, любоў да прыроды і жаданне адчуць сябе яе часцінкай. Міхаіл Міхалевіч у сваім пераказе ўсяго пачутага занатаваў толькі фактычны матэрыял, не пакінуўшы месца фантазіям, хіба што зусім крыху. А «рэцэнзентамі» яго даследаванняў выступаюць аўтарытэтныя аўтары ранейшых выданняў пра Вілію – сам граф Канстанцін Тышкевіч і ліцвінскі пісьменнік-вілейчанін Ігнацій Ходзька. Менавіта да іх думкі, выкладзенай больш як 150 гадоў таму, час ад часу апелюе аўтар. Своеасаблівы параўнальны аналіз таго, якой рака была ў часы Тышкевіча і якой стала цяпер, дае магчымасць меркаваць пра наступствы навукова-тэхнічнага прагрэсу для экалогіі – і не толькі. Мяняўся светапогляд мясцовых жыхароў, род іх заняткаў, стаўленне да ракі. І пра ўсё гэта мы даведваемся фактычна з першакрыніц, з вуснаў вяллянскіх рыбакоў.

Назва і прадмова да кнігі пададзены на беларускай мове, астатні ж тэкст або па-руску, або на так званай трасянцы: аўтар імкнецца захаваць стылістыку апавядальнікаў, што таксама надае каларыт і аўтэнтычнасць кнізе.

Жывыя сведкі перамен, што адбываліся на берагах Віліі, распавядалі Міхаілу Міхалевічу падчас яго вандровак і сплаваў пра разнастайнасць рачных рыб, спосабы іх лоўлі. У манаграфіі графа К. Тышкевіча рыбалоўству была прысвечана толькі адна глава, а Міхаіл Міхайлавіч зрабіў цэлую кнігу на гэтую тэму! 

IMG_8572.jpg

Пачынаецца аповед дакладнымі даведкамі пра сённяшні стан ракі. З яго даведваемся, што за 160 гадоў канчаткова зніклі тры віды рыб, пра якіх згадваў граф Тышкевіч: выразуб і прахадныя рыбы бялуга ды сіг. Многія віды рыб зніклі або іх колькасць катастрафічна скарацілася пасля будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. Дарэчы, пра тое, як яно будавалася, таксама можна прачытаць ва ўспамінах мясцовых жыхароў.
 
Паміж згадак пра тыя ці іншыя віды рыб, прыстасаванні, якімі лепш іх лавіць, кулінарныя рэцэпты, раптам ажывае голас тутэйшай жыхаркі, што прыгадае ранейшую назву сваёй вёскі і некалькіх суседніх. З сумным гумарам раскажа, як з мужам «на рыбу ездзіла» ды чула папрокі ад яго, калі няправільна сеткі ставіла. Старажылы згадваюць, як у пасляваенны час да 20 кілаграмаў ласося лавілі, а рака літаральна кішэла рыбай: шчупакі, самы, ментузы, карасі, плоткі, акуні, ляшчы. Самыя вялікія самы былі пад Слабодкай. Дзе высокія берагі, там рыба цырта круцілася. А самая смачная рыба, па меркаваннях «абарыгенаў», звалася свіння. У некаторых вёсках звалі яе свінка, а на самай справе гэта бялуга. Праўда, вілейчанін Ігар Кіцікаў лічыць інакш: ён бы паставіў у Вілейцы помнік судаку – у свой час рыба гэтая была накшталт нарачанскага вугра – мноства праблем вырашалася з яе дапамогай. Яго зямляк Аляксей Чарапан удакладняе, што судак прыйшоў у Вілію напачатку 70-х гадоў з нарачанскіх азёраў, дзе яго спарабавалі разводзіць. 

88.jpg

Трэці раздзел кнігі прысвечаны традыцыйным спосабам лоўлі рыбы на Віліі. Ад самага старажытнага і прымітыўнага – устройства запруд (пра што пісаў у сваёй манаграфіі яшчэ К. Тышкевіч) і да мяжуючых з браканьерствам спосабаў апісвае Міхаіл Міхалевіч з дапамогай сваіх добраахвотных рэспандэнтаў.

Прыдзірлівы крытык знойдзе да чаго прычапіцца ў кнізе «Пра Вяллю, рыбу і рыбалку». Але, нягледзячы на шматлікія, мякка кажучы, неадпаведнасці жанру, яна знойдзе свайго ўдзячнага чытача, а з цягам часу стане каштоўным дакументам для навукоўцаў-даследчыкаў. Пакуль жа давайце проста пачытаем – і знойдзем кожны сваё ў яе немудрагелістым змесце, шчырых і простых сведчаннях звычайных вясковых людзей і заўзятых аматараў рыбалкі.

 Ала СТРАШЫНСКАЯ.



Текст: Главный администратор