У фермы – жаночае аблічча

09:38 / 23.10.2018
3581

Дзяўчынкі васьмі­дзясятых марылі стаць настаўніцамі – і прыгожым каліграфічным почыркам выводзіць крэйдай на дошцы літары. Ці хоць бы ўрачамі – насіць белы халат і выпісваць ад кашлю салодкую мікстуру. Даяркі сярод гэтых прэстыжных прафесій не было – ушчуваючы дачок за атрыманыя ў школе дрэнныя адзнакі, бацькі гразіліся: «Не будзеш вучыцца – пойдзеш на ферму каровам хвасты круціць…» 


4.jpg

Тым не менш, на фермах сёння працуюць прыгожыя маладыя жанчыны родам з «васьмідзясятых», якія ніколькі не шкадуюць пра свой выбар працаваць на ферме. Прыклад таму – працаўніцы МТФ «Міцюны» КСУП «Гервяты».

 Каля трох гадзін дня рэдакцыйная машына спыняецца ля фермы. Прыязджаем без папярэджання, каб працаўнікі не паспелі навесці «глянец». Людзей на ферме няма, але ў кароўніках чыста, пабелены сцены і падлога, жывёла спакойна жуе жуйку, не звяртаючы ўвагі на чужога чалавека.

Пасля абеду на ферме «ціхі час». Жыццё тут пачне віраваць бліжэй да вечара, калі аператары машыннага даення прыйдуць на дойку.

Сутыкаюся з маладой прывабнай жанчынай – загадчыцай фермы Аксанай Алексеявец.

Загадчыца

Фермай у Міцюнах, дзе ўтрым­лі­ваюцца 184 дойныя каровы, Аксана Алексеявец загадвае толькі другі год.

1.jpg

– А такое адчуванне, што ўсё жыццё, – прызнаецца жанчына. – У КСУП «Гервяты» працавала ў сталовай, у мясапе­рапрацоўчым цэху і на жывёла­га­доў­чым комплексе. Потым мне прапанавалі стаць загадчыцай фермы – я згадзілася.

Хоць у маладой жанчыны не было спецыяльнай адукацыі, але яна не горш за спецыяліста ведала, калі якая рагуля ідзе ў запуск ці як дапамагчы карове ацяліцца.

– Нарадзілася ў Сакалойцях, – працягвае Аксана. – Мама працавала на ферме даяркай і часта брала мяне з сабой. Можна сказаць, што на ферме я і выгадавалася. Жывёлу люблю з дзяцінства і без яе не ўяўляю свайго жыцця.

Аксана жартуе, што жыве на ферме – дом сям’і Алексеявец знаходзіцца ў некалькі сотнях метраў, дзе ў хлеўчуку рыкае яе любіміца – карова Маша.

– Летам яна ў мяне з раніцы да позняга вечара пасвіцца на свежай траўцы, вітамінаў набіраецца, –  расказвае жанчына. – З нарыхтоўкай кармоў на зіму дапамагае калгас. Маша для мяне больш чым карміліца: бывае, на рабоце нешта не клеіцца ці настрой дрэнны – адразу іду да яе. Пачухаю за вушкам – злосць ці стому як рукой здымае.

 Калгасных кароў жанчына таксама любіць. А яшчэ больш – свой невялікі, але дружны калектыў.

У адрозненні ад малочна-таварных комплексаў, на ферме за кожнай даяркай замацавана свая група.

– Жанчыны ў нас не толькі дояць кароў, але і сочаць, якая з іх у ахвоце, даглядаюць цялят. На нашай ферме яны ўтрымліваюцца 20 дзён, потым малышоў пераводзяць на комплекс у Гервяты, – расказвае жанчына. – Калі нараджаецца цяля, яго перш за ўсё трэба напаіць малозівам – малыш тады бу­дзе здаравейшым,  а таксама апрацаваць пупавіну і выдзеліць яму індывідуальны дамок. Кожнаму цяляці прысвойваецца індывідуальны нумар – аб гэтым сведчаць прымацаваныя да вуха біркі.

– Біркую і цялят, і кароў я сама. Для гэтага ёсць спецыяльны пісталет накшталт таго, якім людзям прабіваюць вушы, –  працягвае жанчына і паказвае на чорную рагулю без бірак. – Для гэтай прыгажуні, якая нядаўна ацялілася, заказала копіі бірак: падчас ацёлу сёлета яна недзе згубіла свае «завушніцы».

Пераходзім у іншы кароўнік.

– Паглядзіце, якія харошыя нецелі, – з пяшчотай у голасе гаворыць загадчыца фермы. – Вось гэтую рагулю можна ўжо пераводзіць у радзільнае аддзяленне: па ўсім бачна, хутка стане мамай.

Цікаўлюся, як на ферме падрыхтаваліся да зімоўкі.

– Адрамантавалі вокны, пабялілі сцены, засталося толькі спецыяльныя гумкі на дзверы нацягнуць, каб лепш закрываліся. За два гады, што тут працую, дзякаваць богу, зімоўкі праходзілі без эксцэсаў. Ферма ў нас маленькая, каровы шчыльна стаяць, таму і цяпло трымаецца, – падсумоўвае нашу размову загадчыца фермы. – Перазімуем!

…Немагчыма ў гэта не паверыць, гледзячы на гэтую спрытную жанчыну і слухаючы, з якой пяшчотай у голасе яна расказвае пра жывёлу.

– На ферме
не могуць працаваць людзі, якія не любяць жывёлу, –  упэўнена Аксана Алексеявец. – Нашым калектывам – пяць даярак, слесар і я – не магу нарадавацца. Добрыя яны ў мяне. Трэба суботнік арганізаваць – без пытанняў. Затрымацца на ферме – ніхто бурчэць не будзе. Некаторыя з даярак выйшлі на пенсію, але працягваюць працаваць.

849 тон (+74 тоны да мінулага года) малака надоена на ферме «Міцюны» за 9 месяцаў. 4 615 кілаграмаў (+402 кілаграмы) склаў сярэдні надой ад каровы.

 

Даярка

Ледзь развіднеецца, Святлана Вяржынская спяшаецца на ферму. Там яе чакаюць 46 кароў і некалькі цялятак.

3.jpg

– Найперш бягу да цялят: кожнага трэба напаіць параным кіпячоным малаком, калі трэба – пачысціць клетку, – расказвае жанчына. – Потым іду да кароў – пачынаецца дойка. Хворых рагуль даю асобна. Тры разы на дзень раздаю кармы. Па аўторках на ферме санітарны дзень: мыем паілкі, плітку, белім кармушкі, сцены.

Зарплата даярак залежыць ад коль­касці малака і яго гатунку – у «Міцюнах» яго здаюць вышэйшым. Даяркам хацелася б, канешне, дацягнуць да «экстра» – але гэта, відаць, прэрэгатыва комплексаў, ды і то не ўсіх: там новае малочнае абсталяванне, міні-лабараторыя, у якой за некалькі хвілін з дапамогай рэактываў можна ўбачыць саматыку і вызначыць, ці ёсць у малацэ антыбіётыкі.

– На ферму трапіла выпадкова. Дзевяць гадоў назад пераехалі сюды з сям’ёй з Ашмяншчыны. Пайшла працаваць у калгас, таму што давалі жыллё. Спачатку працавала на комплексе ў Рымдзюнах, потым перайшла ў Міцюны, бліжэй да дому, – расказвае жанчына. – Па адукацыі я швачка. Але не шкадую, што прыйшла сюды. Сядзячая работа не па мне, а тут пастаянна рухаешся, – і хвілінкі няма, каб прысесці. Ды і з жывёлай, напэўна, прасцей, чым з людзьмі: карова не падмане і не здрадзіць.

2.jpg

…На першы погляд «Міцюны» ні чым не адрозніваюцца ад іншых ферм.  Тым не менш, калектыў гэты асаблівы: тут працуюць сапраўдныя руплівіцы і прыгажуні, якія могуць і роды ў каровы прыняць, і сцены пабяліць, і цяляці «завушніцы» ўдзець. 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений