Журналісты Гродзеншчыны пазнаёміліся з Бераставіцай

12:49 / 18.10.2018
4949
Чарговы прэс-тур сабраў у Бераставіцкім раёне прадстаўнікоў  рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны.

IMG_1556.jpg

 Многія журналісты тут былі гадоў пяць назад, калі знаёміліся з развіццём сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
На гэты раз бераставіччане больш шырока  паказалі прадстаўнікам СМІ сваю малую радзіму –  прычым на кожным аб’екце, у кожным слове суправаджаючага адчувалася велізарная любоў мясцовых жыхароў да роднага гарадскога пасёлка   і раёна.
 Знаёмства пачалося з прагляду відэароліка і выступлення старшыні райвыканкама Антона Кулісевіча, які расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.

IMG_1546.jpg

 Як плошча стала Ратушнай
Гісторыя плошчы, вакол якой размясціліся важнейшыя гарадскія ўстановы,  вядзе свой пачатак з 1754 года, калі ў Бераставіцы была пабудавана ратуша. Праўда, да сённяшніх дзён яе будынак не захаваўся. Тут, як і ў многіх райцэнтрах нашай краіны,  размясцілася скульптура Леніна.   

IMG_1548.jpg

Нейкі час цэнтральная частка гарадскога пасёлка  зусім не мела назвы. Кожны называў плошчу так, як падабалася. Адносна нядаўна  пры падтрымцы раённай газеты мясцовая ўлада разам з краязнаўцамі і гісторыкамі вырашыла правесці апытанне. Жыхары сваімі каментарыямі і “падабайкамі” далі ёй назву “Ратушная”. 
 Менавіта з Ратушнай плошчы і пачалося невялікае  падарожжа журналістаў  па Бераставіцы і раёну.

IMG_1547.jpg

Цёпла, пранікнена, з любоўю да сваёй малой радзімы і яе жыхароў правёў экскурсію па гарадскому пасёлку яго ганаровы грамадзянін, супрацоўнік раённага  музея Вавёркі Мікалай Пацэнка.

Брацкая магіла, сцяна памяці, на якой выбіты прозвішчы загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну землякоў, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, часткова разбураны, але не згубіўшы сваю велічнасць,  скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця”, фантан на гарадскім вадаёме – такія або падобныя ім месцы і  помнікі, здаецца,   ёсць у кожным райцэнтры Беларусі. Толькі на Бераставіччыне свая, асаблівая атмасфера любові да родных мясцін і гонару за сваю маленькую радзіму.

IMG_1554.jpg

Тут жыве творчасць
Невялічкая хатка з шыльдай Дом рамёстваў, размешчаная на адной з гарадскіх вуліц,  прыцягнула ўвагу журналістаў. І яе гаспадыня была не супраць бачыць заезджых гасцей – гасцінна адчынніла дзверы і запрасіла паглядзець, чым тут займаюцца дзеці і дарослыя.

 У нядаўна адрамантаваных памяшканнях па-хатняму ўтульна адчувае сябе творчасць.  Загадчыца аддзела рамёстваў Тамара Касьян дэманструе вырабы, якія робяць супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці: сувеніры з саломкі і гліны, лёна і кававых зярнят,  вышыўка і бісерапляценне і асаблівы гонар гаспадыні – адноўленыя мужчынскі і жаночы ўборы.

IMG_1566.jpg

З задавальненнем майстры і майстрыхі перадаюць свае ўменні дзецям – каля 40 школьнікаў займаецца ў гуртках дома рамёстваў.
 Яшчэ адзін гонар бераставіччан – свята “Бераст-фэст”. У планах праводзіць яго штогод у першую нядзелю ліпеня – дарэчы, журналістаў на яго ўжо запрасілі.

Музей Вавёркі
Гэта адзіны ў сваім родзе музей  не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй прасторы СНД.
 Адкрыты толькі ў 2014 годзе,  ён прываблівае гасцей гарадскога пасёлка і раёна нават назвай. Чаму музей Вавёркі? А ўсё проста: ён прысвечаны геральдычнаму сімвалу, які з даўніх часоў – а калі быць дакладнай, то з 1754 года, –  “прапісаўся” на гербе Вялікай Бераставіцы – вавёрцы. І таму не дзіўна, што гасцей тут сустракае жывая вавёрка Юзя.

IMG_1616.jpg

Але не толькі пра вавёрку расказваюць у музеі. Тут можна пазнаёміцца з матэрыяламі раскопак, якія праходзілі на Бераставіччыне, гісторыяй жыцця ўладальнікаў Вялікай Бераставіцы, знакамітымі людзьмі бераставіцкай зямлі, якія ўнеслі ўклад у развіццё рэгіёна, гісторыяй першай і другой сусветных войн, якія закранулі тэрыторыю раёна.  

IMG_1614.jpg

 Другое жыццё палаца Касакоўскіх
У адным з гістарычных будынкаў палаца Касакоўскіх размясцілася адно з аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы. Пра веліч некалі знакамітага рода і яго багатую гісторыю цяпер расказваюць толькі брама, якая з’яўляецца ўваходам на тэрыторыю бальніцы, ды фотаздымкі, размешчаныя ў музеі бальніцы, які сёлета адкрыўся ў Дзень Незалежнасці. Дарэчы, журналісты сталі першымі ганаровымі гасцямі музея.

IMG_1580.jpg

 Зразумела, што не толькі аднаўленнем гістарычнай спадчыны раёна і зберажэннем звестак з гісторыі медыцыны займаюцца ўрачы і медыцынскі персанал. Сваё галоўнае прызначэнне яны выконваюць на ўсе 100%. Зусім нядаўна былі праведзены рамонты ва ўсіх аддзяленнях. У кабінетах прыгожа, чыста і стэрыльна – здаецца, ужо сама атмасфера тут лечыць. Хворых амаль няма – таму што асноўны ўхіл тут робяць на ранняе выяўленне захворванняў і прафілактычную работу.

Адпачынак на  “Ціхіх сажалках” і ў “Ляўшове”
–  У нас няма замкаў, падобных Мірскаму, няма запаведных пушчаў, як у іншых раёнах Беларусі, затое ёсць працавітыя, адданыя сваёй радзіме  людзі, –  упэўнены старшыня райвыканкама.

Адны з такіх – гаспадары аграсядзіб “Ціхія сажалкі” і “Ляўшова” Дзмітрый Гетнер і Сяргей Зешут.

IMG_1642.jpg

 Гісторыя “Ціхіх сажалак” пачалася  ў 2001 годзе, калі яе гаспадар Дзмітрый Гетнер  сярод лесу ля крыніцы з гаючай вадой пабудаваў дом. З кожным годам сядзіба прырастала будынкамі, потым з’явіліся сажалкі, яблыневы сад, пчаліная пасека, жывёльная гаспадарка.

Адпачынак у ціхім месцы, удалечыні ад шумнага горада, магчымасць парыбачыць, а потым згатаваць сабе на абед злоўленага карпа  – сюды з задавальненнем едуць не толькі беларусы, але і турысты  з іншых краін.

IMG_1645.jpg

 Другая аграсядзіба – “Ляўшова” – поўная процілегласць першай. І па часе адкрыцця –яна працуе толькі другі год, і па роду адпачынку –разлічана на правядзенне карпаратываў, вяселляў і іншых мерапрыемстваў. Але і тут усё спрыяе добраму  адпачынку: самаробныя драўляныя арэлі, мноства кветак, вялікая “зялёная” тэрыторыя. 
 І што адметна, усімі справамі гаспадары аграсядзіб займаюцца самі: косяць, даглядаюць жывёлу і наводзяць парадак на сваёй зямлі.

IMG_1650.jpg

Гэтаксама як і іншыя бераставіччане: нават за адзін дзень журналісты ўпэўніліся, што кожны з іх – прынамсі тыя, з кім давялося сустрэцца, –  лічаць свой родны куток  самым мілым, прыгожым, значным і  развітым.

Для даведкі: Бераставіцкі раён утвораны ў верасні 1944 года. Гэта адзін з высокаразвітых раёнаў Гродзенскай вобласці. У агульным аб’ёме вытворчасці ўдзельная вага валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 84,5%. Па выніках работы за 9 месяцаў раён займае 2 месца ў вобласці па продажу малака на карову,  трэцяе – па прывагах буйной рагатай жывёлы.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений