Экскурс у гісторыю СШ №1
15:24 / 12.10.2018
Сярод наведвальнікаў клуба «Актыўнае даўгалецце», што дзейнічае пры раённай бібліятэцы, нямала пенсіянераў-педагогаў, чыё працоўнае жыццё цесна звязана з Астравеччынай. З іх непасрэдным удзелам адбывалася станаўленне і развіццё адукацыі ў раёне. Таму зразумелая ўвага да кнігі калегі Ларысы Аляксандраўны Мартынавай – летапісу Астравецкай сярэдняй школы №1.
Прэзентацыя кнігі прайшла ў дзень святкавання 550-годдзя Астраўца. Але не ўсе змаглі на ёй прысутнічаць, бо праграма свята была насычанай і разнастайнай. Таму ўдзельнікі ветэранскага клуба пажадалі правесці прэзентацыю яшчэ раз, у сваім цесным сяброўскім коле, і запрасілі аўтара на чарговае пасяджэнне.
Зрэшты, не толькі былых настаўнікаў зацікавіў гэты грунтоўны гістарычны нарыс – практычна кожны з прысутных меў пэўнае дачыненне да апісаных у кнізе падзей і фактаў, бо ў свой час выйшаў з гэтай школы. Таму не дзіва, што ўсе асобнікі кнігі-летапісу, якія маюцца ў бібліятэцы, адразу ж знайшлі чытачоў.
Званую госцю папрасілі расказаць пра «творчую кухню», на якой «варылася» кніга.
– Напачатку збіралася напісаць проста гісторыю школы – на памяць калегам, сённяшнім і будучым вучням, – падзялілася патаемным аўтар. – Але варта было сесці за работу – і столькі ўсяго важнага, цікавага, напаўзабытага адкрылася…
Колькі ж начэй прайшло без сну, колькі было сустрэч і паездак, многія дні капання ў архівах, скрупулёзнае вывучэнне дакументаў: кніг загадаў, асабістых спраў педагогаў… Праз дзевяць месяцаў летапіс быў гатовы.
– Я не лічу аўтарам кнігі сябе адну, – завяршыла аповед Ларыса Аляксандраўна. – Да яе прыдачыніліся ўсе, з кім гутарыла. І вы, дарагія калегі, што сабраліся ў гэтай зале. Так што кніга – наша агульная, як агульная гісторыя развіцця асветы на Астравеччыне.
Прысутныя адказалі шчырымі апладысментамі, падарылі кветкі, а вядомы астравецкі спявак і рэжысёр народнага тэатра Дзмітрый Максімаў выканаў прыгожую народную песню «Ой, у полі»… І Ларысу Аляксандраўну не адпусцілі без песні – яе ўжо вядомага «Астравецкага вальса».