Залацісты рай Алены Малышавай
11:40 / 14.10.2018
Трапіўшы ў царства саламяных вырабаў, дзе залатыя куфры сапернічаюць у мудрагелістасці ўзораў, жар-птушкі велічна выпростваюць крылы, магутны конь гулліва ўзмахвае шыкоўнай грывай, а ў вазах распускаюцца ружы і рамонкі, губляешся. Няўжо ўсё гэта можна зрабіць рукамі?!
– Можна! – усміхаючыся, адказвае Алена Ігнатаўна. – Творчыя людзі – яны такія: няўрымслівыя крэатыўшчыкі. Калі трэба, асвоім любы матэрыял: дрэва, бісер ці саломку. Нават з самых непадыходзячых на першы погляд рэчаў можна прыдумаць нешта цікавае.
Творчая натура Алены Ігнатаўны заявіла аб сабе яшчэ ў дзяцінстве. Яе лялькі фарсілі ў самых шыкоўных уборах, а на клумбах ля дома яны з мамай стваралі сапраўдны кветкавы рай.
З узростам творчы патэнцыял дзяўчынкі толькі развіваўся.
– У дзяцінстве я марыла стаць балерынай, – успамінае жанчына. – Але балетная школа знаходзілася ў горадзе, каб там вучыцца, трэба было жыць у інтэрнаце. Тата мяне туды аднойчы звазіў: я паглядзела – сказала ехаць дадому.
– Хоць прымай-балерынай я не стала, але на сцэне выступала, праўда, у іншым амплуа, – усміхаецца Алена Ігнатаўна. – Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці: іграла, спявала – ніводзін канцэрт у нашым клубе не абыходзіўся без майго ўдзелу. І прафесію выбрала творчую: пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскае культасвет вучылішча.
Перш, чым трапіць у Астравец, Алена Ігнатаўна пабывала ў розных кутках не толькі Беларусі, але і Расіі: Маларыта, Южна-Сахалінск, бухта Конюшкава ў Прыморскім краі – змяняліся месцы жыхарства, але не адданасць выбранай прафесіі. Жанчына ўсюды знаходзіла справу па душы: працавала ў клубе мастацкім кіраўніком, вяла гурткі бісерапляцення ў дзіцяча-юнацкім цэнтры, выкладала прыкладное мастацтва ў Доме піянераў.
– У маладосці ўсё даецца лягчэй, – гаворыць Алена Малышава. – Трэба пераехаць – не праблема. У той час не задумвалася, як і куды, збірала чамаданы – і ехала. Што тычыцца працы, у культработніка шырокі дыяпазон дзейнасці, таму вакансіі знаходзіліся хутка. Але мне шанцавала: работа была па душы.
Восем гадоў назад Алена Ігнатаўна папоўніла рады майстроў Астравецкага дома рамёстваў. Тады ж яна пазнаёмілася з далікатным прыцягальным сонечным матэрыялам, вырабы з якога хутка сталі яе візітнай карткай, – саломкай.
– Азы саломапляцення паказала тагачасны дырэктар Дома рамёстваў Тамара Іванаўна Гаваноўская, – расказвае Алена Ігнатаўна. – А далей усё неяк само сабой пайшло. Што не разумела – падказвалі вопытныя калегі і ўсюдыісны інтэрнэт. Калі асвоіла тэхніку, пачала прыдумваць нешта новенькае ва ўзорах – з кожным днём справа зацягвала ўсё больш. Канешне, гэта тонкі і далікатны матэрыял, які цяжка нарыхтаваць і лёгка пашкодзіць, але ў ім ёсць нейкая ўнутраная сіла, грацыя і прывабнасць, перад якімі немагчыма ўстаяць.
Саламяныя шэдэўры Алены Ігнатаўны неаднойчы адзначаліся дыпломамі на выставах і фестывалях рознага ўзроўню. Члены журы ў адзін голас прызнавалі, што ў Малышавай – залатыя рукі.
Праўда, на ўзнагароды жанчына рэагуе стрымана і сціпла.
– У нашым аддзеле працуюць таленавітыя майстры, магчымасць прадэманстраваць свае работы на выставах высокага ўзроўню – гэта ўжо поспех, – лічыць Алена Ігнатаўна. – А што яшчэ трэба творчаму чалавеку?
Тры пытанні аб галоўным
– Ці бывае ў вас творчы крызіс і як выходзіце з яго?
– Не крызіс, а хутчэй стомленасць. У такім выпадку пераключаюся з саломкі на штосьці іншае – макрамэ, бісер, карціны са стужак. Калі моцна «прыціскае» – іду ў адпачынак і адпраўляюся ў падарожжа.
– Каб быць майстром-рамеснікам, трэба мець талент ці быць старанным вучнем?
– Рукі ва ўсіх людзей аднолькавыя, усяму можна навучыцца.
– Якая з узнагарод для вас самая каштоўная?
– Прызнанне людзей. Дыпломы і граматы атрымліваць прыемна, але гэта толькі папера. А калі падыходзіць чалавек і захоплена ўсклікае: «Вось гэта прыгажосць!» – вышэйшай пахвалы не трэба.