Пра што спявае і думае Юрый Інаровіч?

10:04 / 14.10.2018
5460
Няўрымслівы «энерджайзер», хлапчук-хуліган, весялун і гарэза – такім гледачы часцей за ўсё бачаць на сцэне культарганізатара Рытанскага аддзела культуры і вольнага часу (аг. Кямелішкі) Юрыя Інаровіча.

Што гэта – сцэнічны вобраз ці жыццёвае крэда? Якая натура хаваецца за вясёлым норавам? Чым жыве і што цікавіць «культурнага» хлопца з Кямелішак – на гэтыя і іншыя пытанні адказвае сам Юрый Інаровіч. 

IMG_9966.jpg

– З чаго пачаўся шлях у творчае жыццё?
– З дзяцінства. Я вырас у песні і з песняй. Бацькі, старэйшыя сёстры, родныя – усе добра спяваюць,  ніводнае сямейнае свята не абыходзілася без канцэртаў. Таму не заспяваць я прос­та не мог. А пасля панеслася… З 4-га класа пастаянна на сцэне: удзельнічаў у музычных конкурсах, выступаў на раённых мерапрыемствах. Хадзіў у музычную школу… цэлых тры месяцы – больш не вытрымаў: усе сябры на горцы, а я – у музыкалцы. Цяпер, канешне, шкадую. Спяваць мне заўсёды падабалася. Памятаю, у 11 класе быў на справаздачным канцэрце «Кемяліны» – і падпяваў амаль усе песні. Колькі радасці было, калі мяне запрасілі ў гэты калектыў. Мне так спадабалася з імі выступаць – не расказаць. З таго часу ўпэўніўся, што з песняй буду ісці па жыцці. 

– Таму пасля школы, канешне ж, пайшоў паступаць на…
– Эколага. Сур’ёзна! Мне балюча гля­дзець, як неахайна адносяцца да прыроды. Калі прыязджаю адпачываць у Альхоўку на рэчку і бачу горы смецця, не магу зразумець, як можна не шанаваць такую прыгажосць? На месцы работнікаў аховы прыроды я б за гэта такія штрафы выпісваў, каб мала не падалося. На жаль, студэнтам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава не стаў. У выніку я скончыў педагагічны ўніверсітэт у Вільнюсе і стаў працаваць у нашым клубе. 

IMG_9967.jpg

– Самае запамінальнае выступленне?
– Мне было два гады, калі на нейкай сямейнай нарадзе абмяркоўваліся сур’ёзныя пытанні, а я сумаваў. Каб прыўзняць настрой сабе і развесяліць астатніх я ва ўвесь голас заспяваў папулярную на той час песню: «Ка-а-азіно, казіно, казіно...» Усе былі ў шоку. (Смяецца) Сам я гэтага, канешне, не памятаю – бацькі расказвалі. 

– На сцэне вы часцей вясёлы, пазітыўны, няўрымслівы. А які ў жыцці?
– Вакол нас і так хапае негатыву, таму стараюся крочыць па жыцці з усмешкай – нават калі цяжка ці сумна на душы. Я дзесьці прачытаў, што нават у самыя складаныя моманты трэба ўсміхацца. Спачатку гэта выглядае штучна і дзіўна, але метад працуе – на душы становіцца весялей. 

– Вы ўдзельнічалі і перамагалі ў многіх конкурсах: «Зорны дождж», «Адна зямля», «Новыя імёны». Калі была магчымасць, паўдзельнічалі б у папулярным маштабным праекце кшталту «Голас»?
– Не такі ў мяне голас, каб з ім ехаць на «Голас». (Усміхаецца) Я крытычна адношуся да сябе. Як бы ні выступіў – усё роўна дрэнна. Бывае, выканаеш песню, усе кажуць, што класна, супер, а ты разумееш, што нечага не хапіла. 

– Моладзь цяпер імкнецца выехаць з вёскі ў горад. Няма жадання змяніць Кямелішкі на мегаполіс?
– Я жыў у Маладзечне і ў Вільнюсе, калі працаваў у будаўніцтве. Пабываў у многіх буйных гарадах за мяжой, і зразумеў: не маё. Не люблю буйныя гарады – там добра быць толькі госцем. Мне камфортна ў Кямелішках: тут мая радзіма, тут жывуць родныя і сябры, тут работа, якая мне падабаецца.  

IMG_9969.jpg


Тры пытанні не па тэме
– Што трэба чалавеку для шчасця?
– Разуменне. У шырокім сэнсе гэтага слова. 

– На што патрацілі б мільён до­лараў?
– Я практычны чалавек. Грошы павінны прыносіць прыбытак, таму на гэтую суму я б адкрыў фірму. Магчыма, штосьці ў сферы аўтабізнесу.

– Вы верыце ў лёс?
– (Задумваецца) Калі здараюцца не­прыем­насці, іх часта спісваюць на лёс. Загарэлася хата, разбіў аўтамабіль, здарылася бяда – значыць, так трэба было. Гэта як апраўданне для самазаспакаення. Аднак шчаслівы лёс не прыйдзе да чалавека, які ляжыць на канапе і стогне, як яму дрэнна жыць, не знойдзе яму работу, не накорміць яго дзяцей. Лёс – гэта сам чалавек, яго ўчынкі і дзеянні. 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений