Где дешевле – в Островце или в Сморгони – выяснял корреспондент “АП”

10:10 / 09.10.2018
1

Для тых, хто не заўважыў: летась у Астраўцы ўведзены новая традыцыя: хоць традыцыйны восеньскі кірмаш плануецца ў канцы кастрычніка, набыць на зіму садавіну і гародніну, а таксама іншыя “восеньскія” прысмакі можна кожныя выхадныя: міні-кірмашы працуюць на аўтастаянках насупраць гарадскога рынка і раённай бальніцы.

IMG_0742 в печать.jpg

Да слова, тэму журналісцкага расследавання падказаў каментарый нашых чытачоў на сайце газеты: предлагаю журналистам АП на время осенних ярмарок промониторить цены на этих самых ярмарках в сравнении с ценами в магазинах. А заодно, сравнить их с ценами на Комаровке". Мы ведь - аграрный район. Везти товар далеко не нужно. Как говорится, с поля и на прилавок…

У суботу і нядзелю з самага ранку вулічныя прадаўцы прапаноўваюць астраўчанам свежую садавіну, гародніну і шмат яшчэ чаго, як кажуць, для цела, для душы. Але пакупнікоў іх пакуль няшмат. Можа, не задавальняюць нашых людзей цэны або асартымент?

Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, карэспандэнт раёнкі ў адну з кастрычніцкіх субот выбраўся на міні-кірмаш на прывычную для астраўчан “прырыначную” пляцоўку.

IMG_0740 в печать.jpg

Оптам і ў розніцу

– Наша бульбачка – самая смачная, – расхвальваюць сваю прадукцыю прадстаўнікі КСУП “Гудагай” – Разварыстая, чысценькая – як на падбор!

І сапраўды: роўненька складзеныя ў кузаве грузавой машыны 30-кілаграмовыя сеткі гудагайскай бульбы прыцягваюць увагу пакупнікоў. Не дзіўна, што ўжо праз паўтары гадзіны задаволеныя гудагайцы ўжо падаліся дахаты: бульба ў іх добрая і недарагая, а з канкурэнтаў – толькі адзін мікрааўтобус прыватніка.

IMG_0762.jpg

Капусту, буракі, моркву і цыбулю таксама прадавалі ІПэшнікі: дзве-тры заезжыя машыны – сеткамі, а капусту яшчэ і качанамі – і тры мясцовыя палаткі, якія гандлююць тут кожны дзень, Вось і ўвесь выбар – і па якасці, і па цане.

Цэннік: кілаграм бульбы ў гудагайцаў – 25 капеек, у прадпрымальнікаў – 28-29 капеек у залежнасці ад гатунку, капуста – 50 капеек, морква – 70-75 капеек, цыбуля – 70-80 капеек, буракі – па 60 капеек.

Памідоры, перац і яблыкі таксама можна купіць у мясцовых палатках і ў адной кропцы з заезжых. Мёд прадавалі два чалавекі.

IMG_0760 в печать.jpg

Саджанцы кустоў і дрэў прапанаваў бізнесмен з мясцовых – для зацікаўленых ён праводзіў кароткі майстар-клас па іх пасадцы і догляду.

Трэба адзначыць, што якасць таго, што сёлета прапаноўваюць астраўчанам “аграпрадпрымальнікі”, радуе і задавальняе. Той, хто вырашыў закупіцца на міні-кірмашы, каб зэканоміць час, не прагадае. Да таго ж і чаргі тут пакуль няма.

IMG_0739.jpg

“Розніца” розніцца

Каб выявіць, ці сапраўды выгадней купляць гародніну на кірмашах, як многія прывыклі думаць, адпраўляемся ў прадуктовыя магазіны Астраўца.

Трэба адзначыць, што цэны на пладовых вітрынах залежаць ад таго, дзе закуплялася прадукцыя і якую гандлёвую надбаўку зрабілі ў магазіне. На цэнаўтварэнне ўплывае таксама знешні выгляд садавіны і гародніны.

18.jpg

Зразумела, што кожны дзень з кожным новым завозам цэны на тую ці іншую гародніну могуць вар’іравацца – і сёння вы купіце самую танную капусту там, дзе ўчора цана на яе зашкальвала. Аднак, як паказала наша журналісцкае расследаванне, зэканоміць на ўсім у адной кропцы не атрымаецца, асабліва калі “затарвацца” вы прывыклі мяхамі. У гэтым выпадку дакладна трэба ісці – а хутчэй ехаць, бо як жа гэтыя мяхі дацягнуць – на кірмаш.

А вось калі вы аматар купляць свежую садавіну і гародніну па кілаграму-два кожны дзень ці тыдзень, тады за самай таннай бульбай ці буракамі – паўтаруся: на сённяшні дзень! – ідзіце ў магазіны Астравецкага філіяла Гродзенсага аблспажыўтаварыства.

м-н Цэнтральны2 в печать.jpg

Падглядзелі па-суседску

І хоць было вырашана не параўноўваць астравецкія цэны са сталічным Камароўскім рынкам, як прапаноўвалі нашы чытачы – наўрад ці хто адправіцца туды нават за дзясяткам сетак бульбы, бо, як кажуць, за морам – і цялушка – палушка, ды паравоз дарагі, у разведку ў суседнюю Смаргонь мы ўсё ж адправіліся. У мінулую суботу у суседзяў якраз праходзіў восеньскі кірмаш.

Сярод разнастайных восеньскіх тавараў і шматлікіх машын, прычэпаў і нават вазоў з гароднінай мы вырашылі пацікавіцца самымі папулярнымі бульбяна-маркоўнымі.

Цэннік: суседзі-смаргонцы куплялі-прадавалі бульбу па 25-30 капеек за кілаграм, цыбулю – ад 77 капеек да рубля, моркву – па 67 капеек, капусту – па 48, а буракі – па 59-80 капеек.

IMG_0775.jpg

Атрымліваецца, што кошт на асноўныя віды гародніны у нашых раёнах прыкладна аднолькавы. Так што тыя, хто не даехаў на смаргонскі кірмаш, не хвалюйцеся: астравецкі, думаецца, будзе не горшы і не даражэйшы.

Чаму ў той дзень на міні-кірмашы ў Астраўцы амаль не было канкурэнцыі і выбару, стала зразумела: многія прадпрымальнікі павезлі сваю прадукцыю ў Смаргонь. А вось пытанне, чаму на гарадскім сезонным рынку, акрамя гудагайцаў, не было прадстаўнікоў іншых сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, засталося без адказу. Можа, яны, як і астраўчане, чакаюць вялікага восеньскага кірмашу? Вось толькі калі людзі спадзяюцца купіць там бульбу як мага танней – то на што разлічваюць нашы КСУПы?

Як кажуць, нічога асабістага – простая эканоміка…


Текст:
Фото: Ольга Хотянович