Як настаўнік перамог доктара

10:49 / 07.10.2018
2

Паўгода назад партрэт гэтай прыгожай жанчыны, прафесіянала сваёй справы, настаўніка, адданага дзецям і школе, быў занесены на раённую Дошку гонару.

Напярэдадні Дня настаўніка мы папрасілі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Міхалішкаўскай сярэдняй школы, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Святлану Іванаўну Саўко расказаць пра сябе і сваю прафесію.

Савко С.И. Портрет.jpg

Буду настаўнікам!

Святлана нарадзілася ў вёсцы Яцыны. Тут яна пайшла ў пачатковую школу – праўда, правучылася толькі два класы: ў трэцім па просьбе дзяўчынкі бацькі перавялі Святлану ў Чэхскую базавую школу.

– Лічыла, што раз школа большая, то мне там будзе цікавей. Зрэшты, так і атрымалася. А 10-11 класы я заканчвала ў Гервятах, – успамінае свае школьныя гады Святлана Іванаўна.

На парадку дня стаяла паступленне. Заставалася толькі выбраць, кім быць – настаўнікам альбо ўрачом. Перавага была на баку медыцыны, але няўпэўненасць у сваіх сілах – дзяўчыне, якая заканчвала школу з залатым медалём, здавалася, што ведаў для паступлення можа не хапіць, – прывяла выпускніцу ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

– Мне здавалася, што пра настаўніцтва я ведаю ўсё. Ад кожнага свайго настаўніка я ўзяла нешта карыснае і вырашыла: буду настаўнікам! – расказвае Святлана Іванаўна. – Дакументы падала на факультэт беларускай філалогіі. З трэцяга курса атрымлівала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Нямецкая мова”. Затым прадоўжыла вучобу ў магістратуры.

Сустракай, радзіма!

У Астравецкі раён дзяўчына вярталася двойчы: першы раз пасля заканчэння ўніверсітэта, другі – пасля вучобы ў магістратуры. І абодва – у Чэхскую базавую школу, тую самую, дзе прайшлі лепшыя школьныя гады.

– Самыя яркія ўражанні ў мяне засталіся ад тагачаснага дырэктара Чэхскай базавай школы Таісіі Уладзіміраўны Карчэўскай. Як педагог яна была эталонам для мяне – хоць не скажу, што матэматыка, якую яна выкладала, мне давалася лёгка, – успамінае Святлана Іванаўна – Калі я прыйшла ў школу, мне, канешне ж, хацелася зарэкамендаваць сябе, як настаўнік, а не як былая вучаніца. Аднесліся да мяне прыязна – мне камфортна тут было працаваць.

Праўда, настаўнічаць у Чэхах Святлане Іванаўне давялося нядоўга – праз паўгода школу закрылі.

– Шчыра кажучы, я нават не думала, куды мяне адправяць. Ведала, што ўсюды трэба працаваць. Пра маё працаўладкаванне паклапацілася Таісія Уладзіміраўна: прапанавала ісці ў Міхалішкаўскую сярэднюю школу, дзе вызвалялася месца настаўніка беларускай мовы.

Ужо ў студзені маладую настаўніцу прымаў дырэктар Міхалішкаўскай школы Эдуард Іванавіч Свірыд.

– Складвалася адчуванне, што я – тавар, а дырэктар – купец. Таісія Уладзіміраўна прывезла мяне ў школу і ўрачыста, з найлепшымі харакатарыстыкамі, “перадала” новаму дырэктару, – усміхаецца Святлана Іванаўна.

 Атрымаўшы настаўленні ад былога і новага дырэктараў, пазнаёміўшыся са школай, у якой толькі што прайшоў капітальны рамонт, настаўніца ўзялася за працу.

– Страх быў – я прыйшла на месца педагога, які меў шмат дасягненняў – у вучняў Валянціны Валянцінаўны Шафарэвіч былі поспехі на алімпіядах і ў конкурсах. А што магу я, маладая настаўніца? Праз тры дні мяне паклікаў дырэктар. Першая думка была: што я зрабіла не так? Вельмі хвалявалася… А ён проста хацеў пацікавіцца маім настроем, працай, праблемамі, – успамінае Святлана Іванаўна.

Жыццё, насычанае падзеямі і мерапрыемствамі, віравала. Праз паўтары гады маладую настаўніцу прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Новыя абавязкі, невядомая работа, мноства дакументаў – ва ўсім гэтым трэба было разбірацца. І Святлана Іванаўна са стараннасцю выдатніцы ўзялася за новую працу.

– Якім было б маё цяперашняе рашэнне наконт пасады намесніка дырэктара, я не ведаю. А тады я не магла падвесці сваіх старэйшых калег. І зноў давялося вучыцца – гэта патрабаванне часу, – упэўнена Святлана Іванаўна.

IMG_9795.jpg

Сусвет захапленняў

Не толькі вучобай напоўнена жыццё Святланы Іванаўны Саўко. Сярод урокаў, паўсядзённых клопатаў, яна знаходзіць час на захапленні.

Яна падарожнічае. Любіць сустракацца з новымі людзьмі, якія працуюць у розных сферах, размаўляць з імі аб іх прафесіі і бачанні свету.

А яшчэ яна не ўяўляе свайго жыцця без кветак – незвычайных, якія патрабуюць асаблівага догляду і якіх няма ў іншых.

Раней шмат чытала – цяпер на гэта не хапае часу.

– Калісьці падчас вучобы ва ўніверсітэце чытаць даводзілася шмат. Я навучылася рабіць гэта “па вертыкалі” – і пры гэтым ўлоўлівала сэнс твора. Тады планавала, што першая кніга, якую я прачытаю ўдумліва, будуць “Отверженные” Віктора Гюго – але да гэтага часу так і не перачытала, – уздыхае Святлана Іванаўна. – З беларускай літаратуры люблю Максіма Танка, асабліва яго белыя вершы. Магу напісаць верш на заказ, але парываў рабіць гэта ад душы не ўзнікала.

Святлане Іванаўне таксама падабаецца рукадзельнічаць – вязаць, вышываць, маляваць…. Толькі на гэта, на жаль, не заўсёды хапае часу.

4540_image.gif

Яна прысутнічае практычна ва ўсіх сацыяльных сетках. Па той простай прычыне, што там “жывуць” яе вучні – значыць, там павінна быць і яна.

– У нас ёсць агульныя суполкі – і нам цікава разам. Мы не парушаем інтарэсы адзін аднаго, – упэўнена Святлана Іванаўна. – Тым больш, што зараз у нашай школе рэалізуецца праект паперакуленаму ўроку: вучні самастойна засвойваюць новую тэму – у тым ліку і з дапамогай інтэрнэта, а на ўроку замацоўваюць яе. Сёння без інтэрнэту і сацыяльных сетак, як гавораць, ні туды, і ні сюды – і настаўнік павінен быць “на адной хвалі” са сваімі вучнямі.


Некалі ёй вельмі не хацелася пераязджаць з Чэхаў у Міхалішкі. Цяпер жа Святлана Іванаўна не ўяўляе свайго жыцця без гэтай школы, яе вучняў і сваіх калег, якія сталі роднымі і блізкімі, нібы свая сям’я.


Слова пра калегу

Наталля Валянцінаўна Ярмак, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

– Я цудоўна помню дзень, калі ў школу прыйшла Святлана Іванаўна. Маладая, адказная, выхаваная, без амбіцый… Яна не саромелася запытацца, параіцца са старэйшымі калегамі. Мы пасябравалі – і сёння супрацоўнічаем, дапамагаем адна адной.

Ад яе ні разу ніхто не чуў дрэннага слова. Усе мы з радасцю ўспрынялі навіну, што партрэт Святланы Іванаўны занесены на раённую Дошку гонару. Яна – працаўніца-“пчолка”, і побач з ёй проста немагчыма працаваць дрэнна.

Упэўнена, што поспех школы ствараюць настаўнікі, але калі працуе адміністрацыя, то поспех гэта толькі паскарае.

145736e589a439e.jpg

Слова пра настаўніцу

Івона Субаткевіч, адзінаццацікласніца:

Святлана Іванаўна з намі з пятага класа. Яна добрая, шчырая, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. І нас вучыць быць такімі ж!

А якія ў яе цікавыя ўрокі! Напэўна, таму за ўсе гады вучобы мы ні разу не прыйшлі непадрыхтаванымі да беларускай мовы і літаратуры.

Вечарам мы прыходзім на секцыі і гурткі – а Святлана Іванаўна ўсё яшчэ ў школе! Гэта здзіўляе – але і вучыць нас быць адказнымі.



Святлана Іванаўна

 …пра вучобу

– Нядаўна я знайшла сваё школьнае сачыненне – пачытала і паставіла сабе “восем”. Імкнуцца ёсць да чаго. Люблю вучыцца, глядзець, як тыя ці іншыя справы робяць іншыя, – гэта дапамагае ісці да мэты.

Калі была вучаніцай, ніколі не дазваляла сабе пайсці спаць, не выканаўшы дамашняга задання. А цяпер часам бывае, што недаробленую работу даводзіцца пераносіць на заўтра, – хочацца ўсё рабіць дасканала.


…пра рабочы дзень

Тое, што запланавала раніцай, не заўсёды паспяваю зрабіць да вечара.

З раніцы хочацца не прапусціць, дабегчы, падказаць, – а вечарам я жыву ўжо наступным днём. І гэтае вірлівае кола не спыняецца.

Калі працуеш з дзецьмі, то ніколі не састарэеш – з імі гэта проста немагчыма.


…пра Дошку гонару

– Чаму я? Не ведаю. Была здзіўлена. Адразу ж пачала думаць, каго можна было б занесці на Дошку гонару. Спытала ў дырэктара – за што?

 Я заўсёды лічыла, што на Дошцы гонару павінны быць тыя людзі, работу якіх можна ўбачыць, пакратаць. А як убачыць работу настаўніка? Яна ствараецца дзесяцігоддзямі. Вучань, які павітаўся ці месца саступіў, – гэта наша заслуга ці яго бацькоў? Працу намесніка дырэктара, напэўна, можна было б вымераць колькасцю папак, якія ён вядзе (Усміхаецца) Работу настаўніка можна ўбачыць і тым больш ацаніць толькі праз многія гады, калі вучні стануць дарослымі. І то ацэнка будзе адноснай…


Текст: