Японскі сад Ганны Сінкевіч

08:08 / 04.10.2018
У астравецкіх пенсіянерак сапраўдны творчы ўзлёт. Што ні выстава – то цуд адкрыцця і ўсплёск эмоцый! Адных толькі вышытых стужкамі карцін, аднародных і ў спалучэнні з жывапісам, ад розных  майстрых набярэцца цэлая галерэя. А яшчэ – традыцыйныя вышыўкі ніткамі мулінэ ды бісерам, вязаныя пруткамі і кручком мастацкія шэдэўры… 

Аднойчы ў раённай біб­лія­тэцы пашчасціла ўбачыць нешта ўвогуле незвычайнае –  сад у японскім стылі бансай: ма­ленькія дрэўцы ў вазонах: квітнеючая сакура, раскідзісты дуб, клён напачатку восені… Зводдаль яны здаваліся  жывымі, іх хацелася пакратаць, панюхаць кветачкі. І толькі зблізку зразумела, што гэта штучнае хараство. Выканана яно з бісеру  Ганнай Францаўнай Сінкевіч.

DSCF0019[1].jpg

Тое, што Ганна Францаўна праявілася як мастачка,  шчыра парадавала. Мы даўно знаёмыя з гэтай працавітай, творчай жанчынай. У свой час яна  займалася перацяжкай мяккай мэблі і выконвала гэтую працаёмкую справу  прафесіянальна, акуратна і з густам. Калі выйшла на пенсію, пераключылася на вязанне адзення, у асноўным для сваёй сям’і: дагэтуль захавалася ажурная сукеначка з лёну, некалі – абнова для дачушкі, зараз –  ужо рэліквія. У вазе красуецца букет кветак з рознакаляровых нітак. 
А ўвогуле ў доме Ганны Францаўны можна  прасачыць усе этапы яе творчага пошуку: акрамя вязання – розныя віды вышывак: мулінэ, бісерам, стужкамі…

DSCF0449[1].jpg

Бісерапляценне – нятанная справа: наборы бісеру каштуюць дорага,  патрэбна іх шмат і розных колераў. А яшчэ – танюткі медны дрот, і мага­зін­нымі скупымі пучкамі ніяк не абысціся. Таму знаёмыя часам аддаюць  адходы з аджыўшых свой век электраматораў. Для  бансай  неабходны яшчэ і гіпс, і больш тоўсты дрот, і фарба. А творы свае Ганна Францаўна найчасцей дорыць, нават калі выконвае на заказ.

На рабочым стале майстрыхі – пялёсткі пунсовай ружы з бісеру. Самы пачатак будучага мастацкага твора. На  фота ў часопісе ён выглядае вельмі прыгожа. А ўвасоблены ўмелымі рукамі мастачкі  – атрымаецца проста шыкоўным.  Можна не сумнявацца!

DSCF0454[1].jpg

Я многае спрабавала, пакуль зразумела: бісера­пля­ценне – гэта маё, – ад­крывае свет сваіх захапленняў Ган­на Францаўна Сінкевіч. – Тут шмат нязведанага, неапрабаванага. Каб дасягнуць вяршынь майстэрства, трэба вучыцца.  Запісалася ў кніжны інтэрнэт-клуб, заказваю розныя дапаможнікі, каталогі, бяру адтуль узоры вырабаў і потым, у асноўным зімой, карпею над  навінкамі. Тыдзень, два, цэлы месяц… Карпатлівая праца.
Текст: