Рэцэпт маладосці душы Васіля Карпяца

07:11 / 04.10.2018
3068
Як удаецца Васілю Антонавічу Карпяцу, музычнаму кіраўніку вакальнай групы «Аксаміткі» пры аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей  Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паспяваць усё і ўсюды?

У Астравецкага ТЦСАН  ўста­ляваліся моцныя сяброўскія сувязі з аналагічным цэнтрам Смаргоні. Суседзі  назвалі сваё такое ж  аддзяленне  душэўна – «Цёплы дом». Пяць гадоў існуе пры ім вакальны ансамбль «Крынічанька» – «дзіця» Васіля Антонавіча. У кастрычніку мі­нулага года астраўчане пры­малі калектыў у гасцях і былі ў захапленні ад яго выканаўчага майстэрства.  Папрасілі Васіля Антонавіча: «Папрацуйце з намі! Таксама хочам выступаць на сцэне». Маэстра даў згоду. І кожны аўторак прыязджае ў Астравец на рэпетыцыі.

15.jpg

…Музыка ўзяла ў палон  хлапчука з Лунінеччыны ў дзяцінстве. Варта было ёй загучаць дзесьці на вуліцы роднай  вёскі Луніна, як  сэрцайка Васілька замірала ад  захаплення. А потым у доме з’явіўся гармонік – аддаў  добры чалавек. Вось было радасці! А яшчэ больш – калі дарослыя музыкі на вясковым вяселлі  клікалі васьмігадовага  «калегу» пайграць, пакуль яны крыху адпачнуць.  

– А потым дзядзька, матчын брат, музыкант-самавучка, набыў сабе баян,  часам да­ваў мне пайграць, – узгадвае Ва­сіль Антонавіч. – Толькі  неўзабаве і баян, і гармонік адышлі ўбок, бо я пачуў акардэон. У аднаго вяскоўца з’явіўся цудоўны італьянскі інструмент. Я літаральна захварэў ім. Бацька, зразумеўшы, што ўсё сур’ёзна, купіў нам з братам невялікі акардэон. Нас аддалі ў музычную школу. Але вучыць абодвух было цяжка – лішніх грошай у сям’і з чатырма дзецьмі не вадзілася. Ды і ездзіць трэба было ў Лунінец некалькі разоў на тыдзень, таму я скончыў толькі два класы, а брат – тры. Нотную грамату, між тым, засвоіў. Самастойна  развучваў асобныя п’ескі – і гэта дапамагло потым на ўступных экзаменах у Гро­дзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Па нотах сыграў «Паланез» Агінскага, а на слых – віртуёзную, даволі складаную п'есу «Карусель». Экзамена­тары былі ў здзіўленні, не ўбачыўшы сярод пададзеных мной дакументаў пасведчання аб музычнай адукацыі. 

Канец 60-х-пачатак 70-х для тагачаснай моладзі – пара захаплення эстрадай. Як грыбы пасля дажджу ўзнікалі вакальна-інструментальныя ансамблі. У некалькіх, лунінецкага «разліву»,  іграў і Васіль Карпец. Ды і вайсковую службу пашчасціла праходзіць  у музычным палку. Там упершыню выйшаў на сцэну як спявак. Адчуў смак поспеху, нават прыхапіў трохі «зорнай хваробы». І канчаткова зразумеў: музыка – яго жыццё. Акрамя акардэона, баяна, звычайнага і губнога гармонікаў яму пакарыліся фартэпіяна, гітара, банджо… А цяпер ён марыць яшчэ і скрыпку «адолець», і саксафон асвоіць!

765.jpg

Пасля вучобы малады спе­цыяліст па накіраванні трапіў  у Солы. Выкладаў спевы ў мясцовай школе і працаваў музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Шукаў юныя таленты, гуртаваў іх вакол сябе, шліфаваў, бы дыяменты. Ужо праз год, у 1979-м, хор звычайнай сельскай школы заняў на абласным аглядзе першае месца. Гэта быў фурор! Васіль Антонавіч звычайны школьны клас пераўтварыў у музычную студыю, у якой з захапленнем займаліся дзеці  здольныя і  проста старанныя. 

У самога Васіля Антонавіча музыка загартавала характар і развіла працавітасць. Яго дні былі запоўненыя да хвілінкі: праца ў школе і садку спалучалася з работай у клубах, уласнай канцэртнай дзейнасцю як выканаўцы, кампазітара і паэта-песенніка. Неўзабаве пра  Карпяца загаварылі як пра выдатнага аранжыроўшчыка. Зароблены карпатлівай працай аўтарытэт цяпер працаваў на яго самога. А Васілю і гэтага стала мала! Ва ўзросце пад сорак гадоў ён паступае ва ўніверсітэт культуры на факультэт акадэмічнага харавога спеву, спасцігае асновы пастаноўкі голасу… 

У Палац творчасці дзяцей і моладзі ў Смаргоні Васіль Антонавіч прыйшоў з годным багажом ведаў і ўменняў і выгадаваў плеяду таленавітых музыкантаў, якія працуюць не толькі ў сваёй Айчыне, але і за яе межамі –  у Маскве, Санкт-Пецярбургу.

IMG_1614_.jpg

Пенсійны ўзрост настае непазбежна і кардынальна мяняе наша існаванне і светаўспрыманне. А  Васіль Антонавіч нібыта і не заўважыў яго надыходу – па-ранейшаму ўвесь у справах: калясіць па Смаргоншчыне, Ашмяншчыне, цяпер і па Астравеччыне, шукае таленты. Адкуль сілы  бяруцца? 

– Любімай справай хочацца займацца ўсё жыццё. І мусіш паспяваць за часам, што ўвачавідкі мяняецца, пазнаваць новае, каб быць цікавым  сваім вучням і калегам. А трымаць сябе ў доб­рай фізічнай форме дапамагае спорт. 

Яшчэ адно захапленне Васіля Антонавіча – пчалярства. 
– Гэта – колішняе абяцанне бацьку і даніна яго памяці, – расказвае мой суразмоўца. – Тата быў слынным пчаляром, меў каля сотні вулляў на ўласнай пасецы ды сто пяцьдзесят – на калгаснай. І вельмі хацеў, каб я пераняў яго справу, змалку прывучаў  да  яе. А мяне клікала музыка ды футбол… Калі бацька пачаў хварэць, усё бедаваў, што пасека змарнее. І я даў слова ўсур’ёз заняцца  пчалярствам. Хоць і праз шмат гадоў, але ажыццявіў татава пажаданне: купіў хатку ў  ціхай вёсачцы, паставіў вуллі. Спачатку не ўсё атрымлівалася, а  зараз такую асалоду адчуваю! Часам і джаляць мяне пчолкі.  Ды, мусіць, усё ж любяць. І я іх – таксама.

DSC_0003.jpg

– Які ў вас  рэцэпт маладосці душы? – пытаюся на развітанне
– У мяне ён просты: любімая справа, рух для падтрымання здароўя,  любоў да людзей і вера ў Бога, якая дае мне духоўную моц.
І нам гэты рэцэпт падыдзе! 

Текст: Таисия Семёнова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений