Рэклама снэкаў прынесла перамогу ў конкурсе Дайве Пашкявічутэ-Гурыновіч

10:41 / 21.09.2018
1

Дыплом у намінацыі “За лепшую рэкламу тавараў” на ХХХII абласным конкурсе «Лепшы па прафесіі» сярод прадаўцоў прадуктовых тавараў, атрымала прадавец магазіна “Родны кут” вёскі Рымдзюны Астравецкага філіяла Дайва Пашкявічутэ-Гурыновіч.

IMG_9317.jpg

Конкурс прафесійнага майстэрства прадаўцоў праходзіў у Воранава і ўключаў некалькі этапаў. У ім прымалі ўдзел 35 прадстаўнікоў з розных раёнаў вобласці. Усю сваю творчасць і талент удзельнікі дэманстравалі ў “Візітцы” – Дайва прапанавала на суд журы відэапрэзентацыю, у якой расказала пра сябе і сваю прафесію – і аб гэтым жа яна праспявала прыпеўкі, якія сама ж і прыдумала.

У “Рэкламе” з 19 найменняў прадукцыі ёй выпала расказаць пра снэкі – ды так, каб іх тут жа захацелася купіць. Зрабіць гэта трэба было коратка, але ёмка – у астравецкай канкурсанткі атрымаўся вершаваны экспромт.

Асабліва складаным падаўся Дайве тэарэтычны этап: тут, акрамя валодання сакрэтамі майстэрства, трэба было справіцца з хваляваннем.

IMG_9319.jpg

Да прадстаўлення вітрыны з каўбаснымі вырабамі, якая дасталася ёй па жараб'ёўцы, Дайва таксама падышла сур'ёзна і творча.

– Ехаць на любыя конкурсы трэба з баявым настроем, – лічыць прадавец рымдзюнскага магазіна. – Вельмі адказна прадстаўляць свой раён, ды і за сябе трэба каб не сорамна было. Канкурэнцыя адчувалася з першага этапу і да апошняга. Таму мая ўзнагарода заслужаная і важная – асабліва для прадаўца, які працуе ў сельскай мясцовасці. Ну а прыз ад спонсараў конкурсу – як прызнанне пакупнікамі майго прафесіяналізму.

IMG_9314.jpg

КАМПЕТЭНТНА

Валянціна Міхайлаўна Кавалевіч, намеснік дырэктара Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

– Абласны конкурс “Лепшы па прафесіі”сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў праводзіцца кожны год у адным з гарадоў Гродзеншчыны. Кожны год Астравецкі філіял прадстаўляе для ўдзелу сваіх работнікаў, якія, як правіла, вяртаюцца з граматамі і дыпломамі.

Не памыліліся мы ў выбары кандыдатаў і сёлета. Дайва Пашкявічутэ-Гурыновіч – яркая, гаваркая, заўсёды ветлівая. І маленькі калектыў магазіна ў Рымдзюнах яна настройвае на добры настрой і ўважлівасць да кліентаў. Менавіта такімі якасцямі і павінен валодаць прадавец.

Рыхтавацца да ўдзелу Дайве дапамагала вялікая група падтрымкі, яе дыплом – гэта агульная работа ўсяго калектыву філіяла.

IMG_9316.jpg


Текст:
Фото: Ольга Хотянович