Калонка Ніны Рыбік: Каму “позна вучыцца”?
12:01 / 19.09.2018
4
Прычым пачатак – не ведаю, якім будзе працяг, – атрымаўся вельмі інтэнсіўным. Спачатку на фестывалі «Энергічныя людзі», што праходзіў у горадзе Зарэчны Свярдлоўскай вобласці Расіі, калегі, што дасягнулі прызнанага ўзроўню майстэрства, шчодра дзяліліся з намі сакрэтамі майстэрства.
А на мінулым тыдні шмат цікавых парад і падказак, як працаваць сродкам масавай інфармацыі ў сучасных умовах, пашчасціла пачуць ад беларускіх і расійскіх журналістаў на ХІІІ беларускім медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні» і на занятках летняй школы журналістыкі.
– Ты ў пашпарт свой даўно глядзела? – скептычна асадзіла захопленыя водгукі, якімі я спрабавала растлумачыць прычыны сваёй амаль двухтыднёвай адсутнасці знаёмая. – Яно табе трэба? Маладыя хай вучацца – а нам хоць бы не забыцца тое, што ўжо ведаем і ўмеем.
«А мо, яна і мае рацыю? – разглядваючы атрыманае год назад пенсійнае пасведчанне, разважала я. – Цяпер столькі ўсяго новага, што спрабаваць усё ахапіць – нібы старацца абняць неабдымнае: не хопіць ні часу, ні здароўя, ні магчымасцей…»
А з іншага боку, як гаварыла Каралева ў кнізе Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў»:
«Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі застацца на месцы. Каб трапіць у іншае месца, трэба бегчы хоць бы ў два разы хутчэй».
Неаднаразова даводзілася быць міжвольнай сведкай, як людзі, палічыўшы, што ведаюць і ўмеюць дастаткова для сваёй работы і пасады, і вучыцца ім ужо позна, што асваенне новых тэхналогій – справа маладых, а патрабаванні ісці ў нагу з часам – не больш чым бязглуздыя прыдзіркі начальства, якое немаведама чаго хоча, незаўважна для сябе заставаліся «за бортам». І каб толькі свайго калектыву – гэта можна было б перажыць, бо працы, самай рознай, для любой кваліфікацыі сёння хапае – было б жаданне і здароўе – а, што куды горш, – жыцця.
…Успомніце, як у нас з’явіліся камп’ютары – многія палічылі іх дзіцячай забаўкай і гатовы былі звольніцца з работы, толькі б не асвойваць гэтую «чортаву машыну». Цяпер ведаць камп’ютар павінны нават даяркі і механізатары: імі аснашчаны сучасныя машыны і механізмы, абсталяванне, як таго патрабуе сучасная тэхналогія.
А тыя, хто ў свой час казаў «А мне не трэба, мне і так добра!», цяпер запісваюцца на спецыяльныя курсы ці просяць каго-небудзь навучыць карыстацца гэтай сучаснай тэхнікай.
Бо там, у тым сто разоў клятым і ад гэтага не стаўшым ні горшым, ні лепшым інтэрнэце, зараз усё і ўсе: дзеці, якія выляцелі з бацькоўскага гнязда; унукі, якія не маюць часу прыехаць да бабулі-дзядулі; сябры-аднакласнікі, з якімі не бачыліся-не чуліся дзесяцігоддзямі, далёкая і блізкая радня. Там – цікавыя рэцэпты і ўзоры вязання і вышывання, там – песні далёкай маладосці, якія на пласцінцы ці па радыё ўжо не паслухаеш, там – любімыя кнігі, за якія не трэба плаціць грошы і якія можна нават не чытаць, а слухаць, калі зрок падводзіць.
Ці можна ўзгадаць – гэта ўжо бліжэй – як на змену першым «кнопачным» мабільнікам прыйшлі «кішэнныя камп’ютары» – смартфоны і планшэты. Многім на першым часе здавалася, што гэта – не больш чым сродак выхваліцца. І ў знак пратэсту – ці, хутчэй, ад нежадання «ламаць галаву» і «дурыць мазгі» – прынцыпова адмаўляліся ад іх: маўляў, мы сціплыя, нам і са старым тэлефонам добра: звоніць – і дзякуй богу. І зноў незаўважна частка жыцця – і чым далей, тым большая! – застаецца «за бортам»…
Можна капнуць і глыбей: успомніць, як у свой час вяскоўцы баяліся ўстанаўліваць газавая пліты – маўляў, мы і ў печы есці зварым, не хацелі праводзіць электрычнасць – газавая лямпа не горшая, кідаліся з сякерамі на трактары і станкі – яны нашу працу забіраюць!
Прычым сярод тых, хто, як тая Баба-Яга, заўсёды супраць, далёка не заўсёды людзі ў сталым ўзросце. Ёсць сярод іх і маладыя, і нават тыя, хто ходзяць у школу ці носяць у кішэні студэнцкі білет, якім вучыцца чаму б то ні было па-сапраўднаму, не для адзнакі ці заліку, мякка кажучы, не хочацца.
Прагрэс спыніць немагчыма – можна толькі спрабаваць ісці з ім у нагу ці хоць бы не надта адставаць.
Гэтаксама, як і немагчыма нікога нічаму навучыць – але кожны, хто захоча, можа навучыцца – тады знойдуцца і час, і грошы, і настаўнікі.
Так што давайце вучыцца, нягледзячы на ўзрост і наяўнасць ці адсутнасць пенсійнага пасведчання. Тым больш, што гэта так захапляюча-цікава – даведацца тое, чаго не ведаў учора; навучыцца рабіць тое, што не атрымлівалася тыдзень таму. Ад самога працэсу, не кажучы ўжо пра вынік, атрымліваеш, гаворачы маладзёжным слэнгам, сапраўдны кайф!
Так што калі мяне зноў паклічуць на курсы, я паеду! Толькі б былі яны пазнавальнымі і карыснымі…