На Астравеччыне сеюць азімы рапс
Не паспела скончыцца жніво, як распачалася азімая сяўба. Самымі нецярплівымі ў гэтым сэнсе з'яўляюцца чорныя бісерынкі рапсу – падаспелі аптымальныя тэрміны яго сяўбы. І на пасяўной, і на ўборачнай кампаніях – усюды крыжакветкавы трымае першынства сярод іншых культур.
На пачатак тыдня ў КСУП «Гудагай» насенне крыжаветкавага было прыгорнута ў глебу амаль на палове запланаваных плошчаў.
На зіму ў КСУП «Гудагай» запланавана пасеяць 450 гектараў рапсу. Па стане на 19 жніўня план сяўбы крыжакветкавага гудагайцы выканалі на 44% пры сярэднераённых 29%.
За дзень два магутныя «Джон-Дзіры» з прычапнымі пасяўнымі агрэгатамі «Амазонія» засяваюць да 35 гектараў. Няцяжка падлічыць, што пры такіх тэмпах да канца тыдня ў КСУП «Гудагай» закончаць сеяць рапс.
– Крыжакветкавы пачалі сеяць 15 жніўня, думаю, да 25-га ўправімся, – расказвае галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч. – На гэтым полі рос ячмень. Пасля яго ўборкі правялі лушчэнне іржышча: «паданіцу» прыбралі з дапамогай гербіцыдаў.
На «Джон-Дзіры» працуе вопытны сейбіт Пётр Сяргей. Тоны насення, якая змяшчаецца ў бункер сеялкі, хопіць хлебаробу на некалькі дзён работы. Балазе, норма высеву складае ўсяго 5,5 кілаграмаў насення на гектар.
Перад тым, як у поле выйшаў магутны «Джон-Дзір» на пару з «Амазоніяй», дробкі калію раскідала спецыяльная «лейка».
Не толькі пад рапс, але і пад сяўбу збожжавых у гаспадарцы актыўна рыхтуецца глеба: заворваецца, культывуецца, узбагачаецца пажыўнымі рэчывамі…
Гудагайцы добра ведаюць: своечасова пасееш – будзеш з хлебам.
І няхай пакуль ледзьве чутная РАПСодыя стане магутнай мелодыяй азімай сяўбы!
ЛІЧБА
2 160 гектараў складзе азімы клін збожжавых культур.