У суботу не выйшла “Астравецкая праўда”. Чаму?

13:17 / 04.08.2018
6

У суботу, 4 жніўня, нашы чытачы не атрымалі раённую газету “Астравецкая праўда”. Хто вінаваты і што будзе далей? Аб гэтым расказвае галоўны рэдактар газеты Ніна Рыбік. 

TEP1n6keN58.jpg

Адчуванне прыемнага і камфортнага дня складваецца, як правіла, з мілых, прывычных і важных для нас дробязяў: ранішняга кубка кавы, соннага тупату дзіцячых ножак, тэлефоннай размовы з мамай ці сяброўкай, новай кветкі, што распусцілася за ноч… Ведаю, што для многіх у гэтым шэрагу па меншай меры два разы на тыдзень, у сераду і суботу,  з’яўляецца свежы нумар “Астравецкай праўды”.

І вось сёння амаль 5 тысяч нашых чытачоў былі пазбаўлены гэтага важнага складніка ўдалага суботняга дня: раённая газета не выйшла. Здарэнне з разраду надзвычайных.

Каб вы разумелі: працэс выдання газеты даволі доўгі і залежыць ад многіх удзельнікаў працэсу – усё амаль што як у казцы пра лёгкі хлеб. Журналісты збіраюць матэрыял, здымаюць, пішуць – рыхтуюць матэрыялы. Адказны сакратар іх вярстае, галоўны рэдактар, карэктар і дзяжурны па нумары вычытваюць па некалькі разоў старонкі, памылкі выпраўляюцца (і ўсё роўна, здараецца, “праскокваюць” – але гэта тэма іншай размовы). І да вызначанага графікам часу “вылізаная” газета павінна адправіцца ў Гродзенскую друкарню. Там у паліграфістаў свае задачы: перавесці электронныя файлы на спецыяльныя пласціны і надрукаваць тыраж. Затым ноччу паштовая экспедыцыя ў вызначаны час забірае толькі што надрукаваныя газеты і дастаўляе іх у раённыя вузлы паштовай сувязі. Тут газеты сартыруюць, развозяць па аддзяленнях сувязі, паштальёны раскладваюць і разносяць іх па адрасах – і ўрэшце газета апускаецца ў паштовыя скрынкі. На ўвесь гэты працэс, ад адпраўкі падрыхтаванага рэдакцыяй электроннага варыянту газеты ў друкарню да атрымання чытачом некалькіх папяровых старонак, што пахнуць свежай фарбай, праходзяць прыкладна суткі. Але калі ў гэтым даволі доўгім ланцужку здараецца нейкі збой, то спатканне газеты і чытача затрымліваецца…

7.jpg

У мінулую пятніцу, 3 жніўня, у адпаведнасці з графікам, у 13 гадзін напісаная, звярстаная, вычытаная і выпраўленая газета была адпраўлена па электроннай пошце ў Гродзенскую друкарню. Як кажуць у такіх выпадках, нішто не прадвяшчала надзвычайнага здарэння….

…Але яно, тым не менш, здарылася: ранкам у суботу з пошты паведамілі, што “Астравецкая праўда” не прыйшла. З дапамогай тэлефонных “разборак” удалося высветліць, што “слабым звяном” у ланцужку паміж рэдакцыяй і чытачом стала Гродзенская друкарня: там у пятніцу ноччу зламалася друкавальная машына. Пакуль яе адрамантавалі, пакуль надрукавалі тыраж, паштовая машына, якая дастаўляе аддрукаваныя газеты ў Астравец, пайшла па маршруту. У выніку нашы падпісчыкі не атрымалі “Астравецкую праўду” – і іх суботні вечар ці нядзельная раніца аказаліся сапсаванымі. Слабым суцяшэннем можа лічыць тое, што яны ўсё роўна атрымаюць суботні выпуск “Астравецкай праўды” – але толькі ў аўторак. 

Віны рэдакцыі ў гэтым няма – і, тым не менш, я, як галоўны рэдактар газеты, прыношу нашым чытачам свае прабачэнні. Спадзяюся, што гэтая прыкрая недарэчнасць – што зробіш, тэхніка час ад часу ламаецца – не паўплывае на вашы адносіны да газеты, і “Астравецкая праўда” па-ранейшаму застанецца вернай і шчырай сяброўкай тысяч астраўчан.

Будзем сябраваць і надалей?




Текст: Нина Рыбик