Аляксандра Емільян: дачка “ворага народа”, дзетдомаўка, галоўны бухгалтар саўгаса “Кямелішкі”

09:07 / 31.07.2018
6635
Вучоныя  і знахары ўсяго свету спрабуюць адшукаць сакрэт даўгалецця. Як і дзе трэба жыць, што есці і піць, аб чым гаварыць і думаць, каб дажыць – ці хоць бы наблізіцца!  – да мяжы стагоддзя?
Журналісты да ліку навуковых даследчыкаў не адносяцца. Але, пагутарыўшы не з адным чалавекам сталага веку, напісаўшы не пра адно жыццё і лёс доўгажыхароў, падзівіўшыся іх жыццёвай сіле і вытрымцы, міжволі прыходзіш да парадаксальнай высновы: доўгажыха­роў, як правіла, жыццё не песціла, і выпрабаванняў, часта – на мяжы жыцця і смерці, ім давя­лося зведаць ой як шмат. І тым не менш, яны жывуць доўга і мудра: без нараканняў на лёс, без скаргаў на людзей і час. Можа, менавіта ў гэтай жыццёвай мудрасці, успрыманні ўсяго, што пасылае Бог, з падзякай, ва ўменні пераадольваць любыя цяжкасці і хаваецца сакрэт доўгага жыцця?

З такіх – Аляксандра Мацвееў­на Емільян з Кямелішак, якая у мінулым годзе адзначыла 90-гадовы юбілей. 

IMG_9579.jpg


Яе сённяшні занятак – кніжкі, вышыванкі, крыжаванкі 

Аляксандра Мацвееўна жыве ў Кя­мелішках разам з дачкой, Людмілай Іванаўнай Валынец, у прыгожым дагледжаным катэ­д­жы – на кожным кроку відаць залатыя рукі нябожчыка зяця Івана, які і настаяў забраць пастарэлую цешчу да сябе. Тут у яе свой пакой з выхадам на балкон, свае заняткі і клопаты…

Калі зяця не стала, маці з дачкой засталіся ўдваіх. І хто ў доме галоўны, пытаць не варта: рэй камандным голасам вядзе маці. Людміла Іванаўна, хоць і сама ўжо на пенсіі, яшчэ працуе, а Аляксанд­ра Мацвееўна займаецца гаспадаркай: даглядае курачак, сочыць за парадкам у агародзе. А ў вольны час глядзіць тэлевізар, чытае кнігі і газеты – усю мясцовую бібліятэку перачытала, разгадвае судоку і крыжаванкі – нават свой асабісты слоўнік склала для гэтага. Толькі нядаўна са шкадаваннем кінула свой любімы занятак – вышыванне: вочы ўжо падводзяць. У доме ўсе сцены ў яе вышыванках: любіла Аляксандра Мацвееўна гэтую справу, якой навучылася яшчэ ў дзіцячым доме і якая ў гады ваеннага ліхалецця дапамага­ла ёй зарабляць на кавалак хлеба.

IMG_9586.jpg



А зараз яна ўспамінае сваё доўгае жыццё – і сумна ўздыхае: 
– Адна я са сваёй сям’і засталася… Бацьку расстралялі як ворага народа, сястра ў 18 гадоў памерла, брат – у 64. Пахавала і маму, і мужа, і зяця, і нявестку… А я жыву  – за ўсіх …

Дачка «ворага народа»

Выпрабаванні Аляксандры Мац­­вееўны ў нябеснай «кнізе лёсаў» былі запісаны задоўга да нара­джэння. 
Яе маці, вясковая дзяўчына, жыла каля станцыі Аляхновічы, што пад Мінскам. У смутны паслярэвалюцыйны час нанялася ў суседнюю вёску ў нянькі – і праз некалькі дзён аказалася за мяжой: паміж усходняй Беларуссю, якая стала савецкай сацыялістычнай рэспублікай і дзе на той час жыла Алена, і заходняй, якая ўвайшла ў склад Польшчы, пралегла Дзяржаўная мяжа, якая разрэзала па-жывому не толькі тэрыторыю, але і лёсы людзей.

Неўзабаве ў вёску, дзе на той час жыла ў чужых людзей Алена, бліжэй да радзімы, якая таксама аказалася за мяжой, вярнуўся Мацвей Чарняўскі. Яго забралі ў царскую армію яшчэ ў 1914 годзе, давялося прайсці доўгімі вёрстамі вайны, затым – рэвалюцыя, грамадзянская… А хацелася так мала: міру, простай сялянскай працы на сваёй зямлі, сям’і… 

Дзве спакутаваныя, раптоўна асірацелыя душы знайшлі адна адну… 
 

…Чатырнаццаць гадоў пражылі разам Мацвей і Алена. За гэты час у іх нарадзілася 11 дзяцей. Большасць з іх – дзевяцера – праз тыдзень-другі пасля нараджэння паміралі. Людзі параілі назваць нованароджаных імёнамі бацькоў – казалі, гэта дасць малым сілы. З-за гэтага ці не, але трое апошніх дзяцей Чарняўскіх – Алена, Аляксандра і Мацвей – выжылі.


Бацькавы браты, што засталіся ў Заходняй Беларусі, выехалі ў Амерыку і нядрэнна там раз­жы­ліся. Прыслалі Мацвею 300 долараў – і малады гаспадар купіў малатарню і жняярку. 
І тут пачалася калектывізацыя.

– Мама не хацела ўступаць у калгас, але тата настаяў, – расказвае Аляксандра Мацвееўна. – Не пашкадаваў ні малатарні, ні жня­яркі – усё аддаў. Яго і прызначылі старшынёй таго калгаса.

Мацвей пахадзіў у начальніках гады два. У 1931 годзе яго арыш­тавалі: успомнілі братоў у Амерыцы, родзічаў у Заходняй Беларусі. Больш сям’я яго  не бачыла.
– Мама, а затым і я пісалі, пра­сілі даць адказ: што сталася з нашым бацькам? Маці ў 1959 годзе прыйшло пісьмо, што ён памёр ад паралічу сэрца ў 1935-м. А ўжо шмат пазней, у 1985-м, прыязджаў да нас нейкі чалавек з органаў і прывёз дакументы, што бацька быў расстраляны 23 сакавіка 1932 года. Яго адразу прысудзілі да расстрэлу, год яшчэ сядзеў у камеры смяротнікаў. А зараз пасмяротна рэабілітаваны, – дрыжачымі рукамі разгортвае пажылая жанчына пажоўклыя аркушы паперы з надрукаваным на машынцы тэкстам. – Мне ў якасці кампенсацыі далі два кілаграмы грэчкі за палову кошту… І я ўзяла! Прадала, выходзіць, бацьку за кілаграм грэчкі… – за сумным жартам жанчына стараецца схаваць слёзы.

IMG_9583.jpg

Маці – у турму, дзяцей – у дзетдом

Маці, як магла, гадавала траіх дзяцей. Да 1935 года гэта неяк удавалася. А потым іх выгналі з хаты – яе забралі пад дзіцячы садок. 
Як жыць далей? Дзе? Што рабіць? Жанчына рашылася на адчайны крок: перайсці мяжу і вярнуцца да сваіх бацькоў, якія жылі ўсяго за некалькі кіламетраў ад дачкі, але ўжо ў другой дзяржаве – у буржуазнай Польшчы. Для гэтага трэба было ўсяго толькі перайсці Дзяржаўную мяжу, якую пазначала забаранаваная паласа… Яна сабрала дзяцей, дакументы – і аднойчы ноччу пайшла…
Пагранічнікі з сабакамі злавілі парушальнікаў. Маці арыштавалі і адправілі у турму, дзяцей раз­меркавалі па дзіцячых дамах.

– Мама была хоць і простая вясковая жанчына, але характар мела баявы, рашучы, – расказвае Аляксандра Мацвееўна. – Калі наш дом канфіскоўвалі, яна крэслы сякерай пасекла: не будзе нам – не будзе і вам! Яе яшчэ тады ледзь не арыштавалі: за знішчэнне дзяржаўнай маё­масці. 

– Маці прысудзілі 5 гадоў, – пра­цягвае жанчына. – Але з ёю ў камеры жанчына сядзела, былы пракурор, – яна ўсіх вучыла, што і каму трэба пісаць, як свае правы абараніць. У выніку маме пяць гадоў турмы замянілі на адзін. Яна прасіла пабачыцца з дзецьмі. Адмовілі – дык мама аб’явіла галадоўку! І дамаглася свайго: яе пад канвоем прывезлі ў дзіцячы дом, каб ўпэўнілася, што дзеці жывыя.

Свет не без добрых людзей

…Праз год Алену выпусцілі з мінскай турмы. Надвячоркам. Яна прасілася застацца яшчэ на адну ноч, бо на вуліцы было ўжо холадна – у адказ пачула:  «Не паложана!» Куды ісці ў вялікім чужым горадзе былой зняволенай? Жанчына села ў парку на лавачцы – і задрамала…
Міма праходзіў нейкі салідны чалавек з партфелем. Цяжка сказаць, што ім кіравала, але ён падышоў, сеў побач, распытаў, што ды як – і прапанаваў Алене ісці да яго ў сям’ю хатняй гаспадыняй, абяцаў выправіць дакументы.
Слова сваё стрымаў: дапамог атрымаць пашпарт, уладкаваў у Бабруйску на швейную фабрыку.

Калі ў Алены з’явілася работа і дах над галавой, яна стала шукаць сваіх дзяцей. Даведалася, у якія дзіцячыя дамы іх адправілі: старэйшая Алена знаходзілася ў Оршы, Аляксандра – у Рагачове, Мацвей – у Ратамцы. Жанчына нават паспела адшукаць Алену – тую, хворую на сухоты і амаль дарослую, ужо выпусцілі ў самастой­нае жыццё.
Але пачалася вайна. Вельмі хутка тэрыторыю Беларусі аку­пі­равалі немцы. Ці паспелі эва­куі­раваць дзіцячыя дамы, жанчына не ведала. Кінулася шукаць малога Мацвея. Пакінула хворую дачку на сваю куму – і пайшла з Бабруйска пешшу ў Ратамку.

Дзетдом, дзе выхоўваўся Мацвей, эвакуіраваць не паспелі. Але і дырэктар, і выхавацелі разбегліся:  з кіраўніцтва у ім застаўся адзін стары заўхоз. Стаяла глыбокая восень, дзеці галадалі: паціху выменьвалі тое, што яшчэ заставалася ў дзетдоме – бялізну, адзенне, мэблю – на прадукты, капалі ў полі падмерзлую бульбу і пяклі яе на вогнішчы. 

…Калі  Мацвею сказалі, што за ім прыйшла мама, ён не паве­рыў:
– Няма ў мяне мамы! У мяне ўвогуле нікога няма! Вы спецыяльна гэта гаворыце, каб маю бульбу з’есці, калі я пайду!


Але мама прыйшла – са­праў­д­ная! Удваіх з заўхозам яны знайшлі нейкае паліто з адным рукавом, каб апрануць хлопчыка; рваныя галёшы, якія падвязалі вяровачкамі.

– Добра, што вы яго знайшлі, – уздыхнуў на развітанне пажылы мужчына. – Кажуць, што заўтра прыедуць немцы, і тых, хто застаўся, забяруць у лагер. 
Алена нарэшце ажыццявіла сваю мару: вярнулася да баць­коў! Так, вайна, так, небяспека – але ёсць дах над галавой, ёсць кавалак хлеба, а галоўнае – знай­шоўся сын, якога яна, лічы, выр­вала з нямецкіх кіпцюроў! 

Назаўтра брат запрог каня – і яны паехалі у Бабруйск, каб забраць старэйшую дачку. На жаль, ні догляд, ні клопат родных не дапамаглі – пражыла яна нядоўга: цяжкая хвароба, ад якой у той час, ды яшчэ ў акупіраванай Беларусі, лекаў не было, забрала Алену…
Не ведала маці толькі лёсу сярэдняй, Сашкі…

 Токар з косамі

Аляксандра трапіла ў дзіцячы дом пад Рагачовам. Усе яны там былі дзеці «ворагаў народа», але наперабой расказвалі адзін аднаму, што мамы ў іх – артысткі, прыгожыя-прыгожыя, а таты – лётчыкі…
Калі пачалася вайна, іх дзетдом паспелі эвакуіраваць. Да Навазыбкава, горада ў Бранскай вобласці, дзеці ішлі пешшу – пад бамбёжкамі нямецкіх самалётаў, калі-нікалі іх падвозілі ваенныя машыны. А там пасадзілі на цягнік і адправілі ў Тамбоў.

– Мне 14 гадоў было, – расказвае Аляксандра Мацвееўна. – Нас адправілі ў чыгуначнае вучылішча. Спецыяльнасці было тры, і ўсе, як на падбор, «дзявочыя»: слесар, токар і сталяр. Мне выпала быць токарам. Вучылі, апраналі, кармілі – усё за дзяржаўны кошт. Потым на практыку адправілі на завод. Я корпусы мін рабіла: крылцы расточвала і трубачкі. Падпіску з нас бралі, што нікому гаварыць не будзем, што робім на заводзе…

Да 1945 года была Саша ў Тамбове. А потым, як Беларусь вызвалілі, няўрымслівая маці знайшла дачку па нумару дзіцячага дома, зрабіла запыт – і Аляксандру адправілі ў Мінск – пераводам у такое ж вучылішча ў Беларусі.

Толькі яна, узрадаваная, што нарэшце вярнулася дамоў, што ў яе ёсць сям’я, якую яна амаль што страціла, у вучылішча не паехала. Пайшла на курсы землямераў-улікоўшчыкаў, стала працаваць у саўгасе. 

Прыстань жыцця – Кямелішкі

У 1951 годзе іх саўгас расфар­міравалі, Чарняўскіх адправілі ў Заходнюю Беларусь. Так маці, Аляксандра і брат апынуліся ў Кямелішках. Тут і засталіся на ўсё жыццё. Брат, праўда, паспрабаваў знайсці сваё шчасце на Байкале,  – ды неўзабаве ўсё ж вярнуўся да родных.
Аляксандра работы не цу­ра­ла­­­­ся: працавала на свінаферме, затым – паляводам. У Кямелішках убачылі, што дзяўчына граматная – і прызначылі касірам. Потым – бухгалтарам, а там і да галоўнага бухгалтара «дарасла» – без спецыяльнай адукацыі. 

Да пенсіі зводзіла Аляксандра Мацвееўна саўгасныя  дэбет з крэдытам, яшчэ і пасля выхаду на заслужаны адпачынак некалькі гадоў працавала памочнікам галоўнага бухгалтара. Перад пенсіяй, праўда, усё ж давялося паступіць на завочнае аддзяленне ў Ашмянскі тэхнікум – «корачкі» сталі патрабаваць.  Такіх, як яна, з вопытам работы, прымалі на вучобу без экзаменаў. 

Тут, у Кямелішках, яна і мужа свайго знайшла, Івана Емільяна. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей, хоць усё ў сям’і, успамінаюць зараз дзеці, заўсёды трымалася на ёй – жонцы і маці.

…Муж даўно памёр, дзеці ўжо самі пенсіянеры: трое жывуць побач, у Кямелішках, адна дачка – у Мінску. У бабулі Аляксандры шасцёра ўнукаў і адзінаццаць праўнукаў  – і яшчэ двое чакаюць «бусліка». 

Спытайце ў Аляксандры Мацвееўны, у чым сакрэт даўгалецця – яна не адкажа: яе жыццё супярэчыць усім вядомым  міфам на гэты конт.
А вось што такое шчасце, жанчына ведае дакладна. Шчасце – гэта сям’я, родныя, дарагія людзі, гэта спакойная дагледжаная старасць побач са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі… Да гэтага простага шчасця яна ішла праз доўгія гады і адлегласці, невыносныя страты і пакуты.
І – прыйшла! 

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений