Поменять деревню на город – а надо ли?

08:54 / 21.07.2018
1

Адных вабіць горад з яго хуткім рытмам жыцця, заасфаль­таванымі стужкамі вулічных дарог, шматпа­вярхо­вымі дамамі, магазінамі, дыскатэкамі, рэста­ранамі… Для іншых няма нічога даражэй вёскі з яе цішынёй, свежым паветрам, лясамі, палямі і рэчкамі, падсобнай гаспадаркай, а «цывілізацыю» зараз усюды зрабіць можна. 

Кацярына і Арсень Сташко.jpg

Кацярына Сташко з сынам Арсенем, в. Альхоўка:

– Спрабавала памяняць вёску на горад – не атрымалася: вярнулася назад у сваю Альхоўку. Мы з мужам сем гадоў пражылі ў Мінску – я так і не змагла прывыкнуць да горада. Ды і людзі ў нас зусім іншыя: адкрытыя, душэўныя. А прырода якая цудоўная! А што тычыцца ўсялякіх пакупак, цяпер не трэба калясіць за трыдзевяць зямель – 21 век на двары: праз інтэрнэт усё можна заказаць, яшчэ і дамоў прывязуць. 


55.jpg

Мар’ян Іваноўскі, г. Астравец

– Родам я з Градаўшчызны, таму добра ведаю, што такое вясковае жыццё. Аднак зараз, лічу, жыць лепш ўсё ж у горадзе. На вёсцы добра мець свой домік, куды можна прыехаць на выхадных ці адпачыць летам. Свежае паветра, прырода, свой гурок – гэта, канешне, добра. А калі зімой дарогі заносіць снегам, а пачысціць няма каму? Ці вады трэба ў хату прынесці, дроў нарыхтаваць, печку прапаліць? А ў горад у бальніцу ці аптэку як дабрацца, калі аўтобус раз ці два на тыдзень ходзіць? Вось і атрымліваецца, што вясковае жыццё – не маліна. Таму я і лічу, што на вёсцы добра толькі летам.


22.jpg

Андрэй Саўко, в. Альхоўка:

– Ні ў якім разе! Я тут нарадзіўся, вырас, мне тут усё роднае, бацькі мае непадалёк жывуць. Мяне ў горад не цягнула ні раней, ні цяпер. А вось дачка мая жыве ў Астраўцы – ёй падабаецца там. Хаця… (Задумваецца) Які той Астравец – таксама вёска! 


Браніслава Качкан.jpg

Браніслава Качкан, аг. Падольцы:

– Змяніць сваю вёсачку на горад? Ды ніколі! Тым больш што ў мяне ёсць вопыт гарадскога жыцця – у маладосці некалькі гадоў давялося пражыць у Рызе. Шчыра кажучы, не спадабалася. Іншая справа вёска: тут і дыхаецца вальней, і жывецца весялей. Тут родныя людзі побач, з сяброўкамі ёсць час загаварыць. А ў горадзе мітусня і кожны сам па сабе. А цывілізацыя і на вёсцы зараз ёсць!  

Гутарылі Рыта ДРЭМА, Марына МАЦКЕВІЧ.



Текст: Главный администратор