Родом из СССР: Студенческая практика – школа жизни
11:00 / 17.07.2018
Летнюю сесію мы здавалі ў маі, а потым на шэсць тыдняў адпраўляліся на палявую практыку. Самай запамінальнай стала практыка на рацэ Сож – выкладчыкі называлі нас «сожжители».
палявыя работы
У палатачным гарадку жыло каля 70 чалавек, падзеленых на брыгады. У нас быў строгі рэжым: пад’ём, зарадка, снеданне, лінейка, палявыя работы, абед, ціхі (мы яго называлі «дохлы») час, камеральная работа, вячэра, лінейка, вольны час, «клуб» – і адбой.За парушэнне рэжыму пагражала пакаранне. Напрыклад, трэба было замест дзяжурных вымыць усе эмаліраваныя вёдры «да кветачак» – уявіце сабе, як пасля вогнішча ададраць да бляску пасудзіну. Складаная гэта справа (на сваім вопыце пераканалася), бо мыць даводзілася гаспадарчым мылам і пясочкам – пра існаванне «Фэйры» мы тады нават не падазравалі.
гатуем абед
У першай палове дня мы з выкладчыкам адпраўляліся на пэўны ўчастак, складалі тапаграфічны план, вывучалі мінералагічны склад парод, вызначалі формы рэльефу, збіралі гербарыі, назіралі, сістэматызавалі…Пасля абеду кіпела камеральная работа: апрацоўвалі сабраны матэрыял, афармлялі справаздачу – пасля кожнага прадмета трэба было здаць залік.
А па вечарах мы збіраліся ў «клубе» – на «касцёр». Тут была свая рамантыка: расказвалі, што цікавага, а галоўнае, смешнага адбылося за дзень, спявалі, чыталі вершы, «травілі» анекдоты… Некаторыя вечары былі тэматычнымі – любая з брыгад магла за паўгадзіны скласці сцэнарый, адрэпетыраваць і паказаць свае мастацкія здольнасці.
У нядзелю мы адпачывалі: праводзілі Дзень Нептуна, дні мужчынскага і жаночага футболу, конкурсы інсцэніраваных песень, рыбакоў.
Дзень Нептуна
«Разгрузочный день.
Завтрак – чай!
Обед – чаёк!!
Ужин – чаище!!!».
абед
Ніводнага дня не абыходзілася без «прыколаў». Такія сяброўскія вясёлыя адносіны ў нашай вялікай каманды склаліся дзякуючы нашым выкладчыкам: прафесару Барысу Мікалаевічу Гурскаму, дацэнту Марлену Рыгоравічу Каўхута і Наталлі Міхайлаўне Вагнер. Яны сваім прыкладам вучылі нас строгасці і дабрыні, сяброўству і ўзаемадапамозе, уменню выказаць свае думкі і пачуць іншага, давалі майстар-класы добрага гумару і жартаў. Вялікі ім дзякуй за ўсё!
паход
на рыбалцы
Алена КАСЦЮК, фота аўтара, аг. Малі.