Рэліквію Яна Паўла ІІ прывезлі ў Гудагайскі касцёл (абноўлена)

16:33 / 18.07.2018

У гудагайскага касцёла Адведзінаў Маці Божай асаблівая аўра: тут пануе сусветны спакой, жыве ўсеабдымная любоў і валадарыць гармонія. Нездарма кожны год з розных куточкаў Беларусі і бліжэйшага замежжа пешшу, на роварах і машынах у мястэчка імчаць людзі…

IMG_3555.jpg

На двухдзённыя ўрачыстасці ў Гудагаі сотні вернікаў ізноў сабрала Маці Божая.

У адрозненні ад іншых святынь, гудагайскі касцёл не можа пахваліцца незвычайнай архітэктурай ці багатым аздабленнем, тым не менш ён – бадай што адзіная святыня на Астравеччыне, дзе з першых імгненняў адчуваеш сябе шчаслівым; дзе з першых крокаў па раскіданай між узгоркаў і лясоў Кальварыі разумееш, што зможаш прайсці праз усе пасланыя лёсам выправанні і жыццёвыя цяжкасці; дзе з першых слоў прамоўленага ўголас “Ойча наш” адчуваеш усёй сваёй існасцю, што Бог – ёсць любоў… І гэтай любоўю хочацца дзяліцца з кожным стрэчным: чалавекам, птушкай, небам – каб ва ўсім Свеце запанавала гэтая невымоўная, неапісальная словамі гудагайская гармонія… 

IMG_3622.jpg

Маці Божая, мы – твае дзеці

Першы дзень урачыстасцей… Зацягнутае ў тугі гарсэт вялікіх чорных хмар неба, здавалася, вось-вось – і разродзіцца ліўнем, якому не будзе канца і краю. І дождж пайшоў, таму імша з удзелам новапрэзбітэраў і юбіляраў праходзіла ў касцёле.

Казанне было прысвечана асобе святога Рафала Каліноўскага, які, нягледзячы на пераследы, ссылку, ні на хвіліну  свайго пакутнага жыцця не выракаўся веры, больш таго – маліўся і вучыў гэтаму іншых, дапамагаў бліжнім, засноўваў шкаплерныя брацтвы.

Кульмінацыяй імшы стала віншаванне айцоў кармелітаў, якія нядаўна склалі вечныя манаскія абяцанні, і юбіляраў – айцоў Аркадзя Куляху і Пятра Фарыну.

IMG_3581.jpg

Дваццаць пяць гадоў назад пасля святарскага пасвячэння ў Гудагай прыехаў айцец Аркадзь Куляха. У гэтым касцёле ён адпраўляў імшы, тут, цалкам давяраючы сябе апецы Маці Божай, вучыў людзей любіць Бога і іншых, дапамагаць бліжнім і верыць – не розумам шукаць Бога, а душой.

Самаадданае служэнне кармеліта Богу і людзям прарасло жыццядайнымі зярняткамі ў сэрцах былых вучняў, якія ў гэты дзень віншавалі айца Аркадзя Куляху з 25-годдзем святарскага служэння ўжо разам са сваімі дзецьмі.

Шчырыя словы, якія ліліся з самай душы, дваццаць пяць кексаў са свечкамі, ружы – не толькі твар юбіляра і ўсіх прысутных у касцёле, якія сталі сведкамі незвычайнага віншавання, свяціліся ўсмешкамі – але і нябёсы, якія, вызваліўшыся з тугіх абдымкаў свінцовых хмар, у гэтыя хвіліны цешыліся разам з людзьмі.

IMG_3604.jpg

Праз гадзіну пачалася Крыжовая дарога па гудагайскай Кальварыі, стацыі-прыпынкі якой раскіданыя сярод збожжавых палёў, усыпаных векавымі валунамі ўзлескаў і крутымі пагоркамі. Жывы людскі ланцужок расцягнуўся на некалькі  соцень метраў: побач з бацькамі ішлі гадавалыя дзеткі, нямоглым крочыць шляхам Езуса дапамагала моладзь. У канцы гэтай вірлівай жывой стужкі ішлі святары, якія не проста спавядалі, а слухалі, раілі, вучылі і прымалі кожнага, хто вырашыў скінуць са спіны цяжар грахоў, гэтак жа, як калісьці сам Езус.

IMG_3632.jpg

Бліжэй да поўначы касцёл запоўніўся людзьмі да адказу. Пасля Нешпараў пачалася працэсія – адзін з самых прыгожых і кранальных момантаў фэсту, калі агеньчыкі запаленых свечак асвятляюць дарогу перад цудадзейным абразам Маці Божай. Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Нават суцэльная залева, ад якога не ратавалі ні парасоны, ні дажджавікі, не змагло размыць малітоўнай еднасці.

Да самай раніцы Маці Божую ні на хвілінку не пакідалі ў адзіноце: побач з цудадзейным абразам “варту” несла моладзь.

   IMG_3667.jpg

Кароны – Каралеве Свету

Пятнаццаць гадоў назад благаславёны Ян Павел ІІ асвяціў кароны, якімі ў 2007 годзе кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудатворны гудагайскі абраз.

Гэтая значная падзея наўрад ці адбылася б без айца Бернарда Радзіка і тагачаснага старшыні калгаса Мечыслава Валуевіча. Крыху менш за 20 гадоў назад падчас кананізацыі айца Рафала Каліноўскага яны падаравалі копію гудагайскага абраза, намаляваную Дзмітрыем Балтрукевічам, Яну Паўлу ІІ.

Адлік быў дадзены. На працягу некалькіх гадоў вялася карпатлівая работа па зборы звестак аб аздараўленнях і ласках, якімі Маці Божая Гудагайская адарыла парафіян, айцоў, сясцёр законных – сваіх дзяцей. Такіх сведчанняў назбіралася шмат – і ў 2003 годзе абраз быў упрыгожаны папскімі каронамі.

IMG_3649.jpg

Сёлета ўпершыню на гудагайскую ўрачыстасць прыехаў апостальскі нуцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які прывёз у Гудагай рэліквіі святога Яна Паўла ІІ – ланцужок замкнуўся…

Іерарх прывітаў шматлікіх вернікаў на беларускай мове. Распачынаючы імшу, ён прыгадаў, што 15 гадоў назад будучы святы Ян Павел ІІ благаславіў кароны для Маці Божай Гудагайскай і з сённяшняга дня яго рэліквіі будуць побач з цудадзейным абразам.

Разважаючы пра сакральнасць гары Кармэль, папскі пасланнік прыгадаў выпадак са святога пісання, калі воблачка, якое прарок Ілля ўбачыў з гэтай гары, ажывіла сасмяглую зямлю жыццядайным дажджом. Марыя – воблачка, дождж – Езус, які сваімі пакутамі і смерцю на крыжы змыў людскі грэх.

І як не верыць у цуды, калі літаральна праз імгненне сонца схавалася ў густыя сінія аблокі, а мястэчка накрыў дождж.

IMG_3672.jpg

Нуцый таксама распавёў павучальную гісторыю пра хлопчыка, які не хацеў вучыцца і дрэнна сябе паводзіў. Аднак новая настаўніца,  хоць і была глуханямая, змагла знайсці ключык да сэрца дзіцяці –  не маючы слыху, яна ўмела слухаць і чуць.

Размаўляць – значыць дзяліцца, а слухаць – значыць любіць – простая, здавалася б, ісціна, якую кожны з нас ведае, але якую нанова адкрыў іерарх, пакінулі глыбокі след у душах людзей…


Маці Божая Гудагайская вучыць любіць безумоўна: яна прымае нас, сваіх дзяцей, шчаслівымі і засмучанымі, здаровымі і хворымі – любымі.

Маці Божая Гудагайская – варта толькі прыйсці да яе – дорыць крылы за спінай і бязмежнае ўсеабдымнае адчуванне шчасця.

Маці Божая Гудагайская, дзякуй за дапамогу, за наш цудоўны край, якім ты апякуешся,  да сустрэчы праз год.



IMG_3599.jpg




IMG_3640.jpg

IMG_3645.jpg


IMG_3663.jpg


IMG_3669.jpg


IMG_3678.jpg

IMG_3691.jpg

IMG_3692.jpg

IMG_3615.jpg

IMG_3610.jpg

IMG_3591.jpg

IMG_3566.jpg

IMG_3562.jpg

IMG_3651.jpg

IMG_3656.jpg

IMG_3684.jpg


 

Текст:
Фото: Алена Гануліч