У Міністэрстве ЖКГ расказалі пра змены ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг
11:14 / 13.07.2018
Асноўным дакументам, што рэгулюе эканамічны бок адносін паміж спажыўцамі і прадпрыемствамі ЖКГ, з'яўляецца пастанова Савета Міністраў ад 12 чэрвеня 2014 года №571.
Урад 29 чэрвеня бягучага года прыняў пастанову №510, якой уносяцца істотныя змяненні і дапаўненні ў асноўны дакумент.
Больш танная электраэнергія.
Але не для ўсіх!
Напрыклад, для спажыўцоў, чые жылыя памяшканні не абсталяваны сістэмамі цэнтральнага гарачага водазабеспячэння і цэнтралізаванага забеспячэння прыродным газам, нарматыў спажывання электраэнергіі для аплаты па субсідзіруемых дзяржавай тарыфах павышаны да 250 кВт/гадз. Акрамя таго, пры спажыванні ад 250 да 400 кВт/гадз аплата таксама будзе праводзіцца па субсідзіруемых тарыфах, але з прымяненнем павышаючага каэфіцыента 1,3. І толькі пры перавышэнні 400 кВт/гадз плаціць давядзецца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Такім чынам, павышаецца ступень дзяржаўнай падтрымкі такіх спажыўцоў – і ў той жа час захоўваюцца стымулы для эканомнага расходавання электраэнергіі.
Улік цяпла
На павышэнне матывацыі спажыўцоў пры захаванні прынцыпаў сацыяльнай палітыкі накіраваны і новы падыход да разлікаў за спажытае цяпло. З 1 студзеня бягучага года ва ўсіх ўводзімых у эксплуатацыю дамах жыхары абавязаны праводзіць разлікі за цеплавую энергію па паказаннях індывідуальных прыбораў уліку (ІПУ). Пасля ўступлення пастановы ў сілу стымул для аснашчэння жылых памяшканняў прыборамі ўліку з'явіцца і ў жыхароў дамоў старэйшага пакалення. Плацельшчыкам, якія ўстанавілі ІПУ за кошт уласных сродкаў, пры аплаце рахункаў за спажытую цеплавую энергію на працягу трох гадоў будзе прадастаўляцца 10-працэнтная скідка.
Асобна размова ідзе пра дамы, якія ўжо абсталяваны прыборамі ўліку, але частка іх жыхароў так і не пачала пакуль карыстацца гэтымі тэхнічнымі сродкамі пры разліках. Такой катэгорыі ўласнікаў даецца наступная магчымасць: тыя з іх, хто прывядзе ў парадак устаноўленае абсталяванне, на працягу трох гадоў у якасці кампенсацыі за панесеныя расходы будуць аплачваць спажытую цеплавую энергію з 5-працэнтнай скідкай. Той жа, хто па-ранейшаму збіраецца ігнараваць магчымасць разлікаў за цяпло па паказаннях ІПУ, рызыкуе трапіць у катэгорыю безуліковых спажыўцоў з усімі магчымымі наступствамі.
Аплата за жыллёва-камунальныя паслугі ў залежнасці ад месца пражывання
Шмат зваротаў грамадзян звязана з пытаннямі спагнання платы за тыя ці іншыя камунальныя паслугі ў залежнасці ад месца пражывання або рэгістрацыі. Некаторыя моманты пастановай удакладнены. У прыватнасці, прадугледжваецца магчымасць прыпынення аказання паслугі па вывазе цвёрдых камунальных адходаў на тэрмін да 6 месяцаў у каляндарным годзе. Для гэтага трэба звярнуцца з адпаведнай заявай у арганізацыю, якая ажыццяўляе вываз ЦКА або якая праводзіць разлік і налічэнне платы. Гэта норма датычыцца аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне.
Акрамя таго, некаторыя катэгорыі грамадзян атрымалі права праводзіць аплату за паслугі электра- і газазабеспячэння па субсідзіруемых тарыфах у двух жылых памяшканнях: па адрасе абавязковай рэгістрацыі па месцы жыхарства і рэгістрацыі па месцы знаходжання. Прычым другі адрас можна выбраць па жаданні: няважна, што гэта – кватэра ў іншым горадзе, дача або дом у садовым таварыстве. Да такіх катэгорый адносяцца непрацуючыя пенсіянеры, а таксама асобы, якія маюць права на льготы па аплаце жыллёва-камунальных паслуг у адпаведнасці з законам «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» або інваліды 3-й групы.
Нежылыя памяшканні
Таксама зменены падыход да аплаты за санітарнае ўтрыманне месцаў агульнага карыстання адносна ўласнікаў нежылых памяшканняў. Калі такія памяшканні маюць асобны ўваход непасрэдна з прыдамавой тэрыторыі, то ад унясення платы за прыбіранне пад'езда і іншых месцаў уласнік вызваляецца. Выключэнне складаюць толькі такія работы, як дэратызацыя, дэзынфекцыя і дэзынсекцыя.
Ва ўласнікаў нежылых памяшканняў з'явілася таксама магчымасць разлічвацца за цеплазабеспячэнне па паказаннях індывідуальных прыбораў уліку пры ўмове заключэння адпаведнага дагавора з энергазабеспячальнай арганізацыяй. Калі памяшканне не абсталявана ІПУ, разлік праводзіцца па праектных цеплавых нагрузках.
Інтэрнаты
Акрамя таго, грамадзяне, якія пражываюць у інтэрнаце і заключылі дагавор найму жылога памяшкання, абавязаны ўносіць плату за водазабеспячэнне, водаадвядзенне, электрычную энергію, у тым ліку за спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, а таксама за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў – інакш кажучы, за ўсе паслугі, якія налічваюцца ў залежнасці ад колькасці пражываючых. Раней такі абавязак фактычна ўскладаўся толькі пры рэгістрацыі ў інтэрнаце па месцы жыхарства або па месцы пражывання, што прыводзіла да неадназначных сітуацый.
Асобны прыбор уліку для паліву агарода
Нормы спажывання вады для аплаты па субсідзіруемых тарыфах складаюць 140 л у суткі на чалавека. Але гаспадарам індывідуальных дамоў, якія гадуюць жывёлу, а летам вымушаны паліваць агарод, даводзіцца траціць больш вады. Да таго ж, у гарадской кватэры паступіўшая з сеткі вада зліваецца ў каналізацыю, а значыць, і плата за водаадвядзенне адпаведная бярэцца. А пры паліве агарода і паенні жывёлы дадатковай нагрузкі на каналізацыйныя сеткі няма. Пастановай гэта пытанне ўрэгулявана: трэба толькі ўстанавіць асобны прыбор уліку, які кантралюе расход вады на паліў і ўтрыманне жывёлы, і гэты аб'ём вады будзе выключацца з платы за паслугу водаадвядзення.
Капітальны рамонт
У пастанове прапісана, што адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў прызначаны выключна для капрамонту. Раней гэтыя пералічэнні не акумуляваліся на спецыяльных рахунках і пазбаўляліся статусу мэтавых сродкаў, таму маглі накіроўвацца на іншыя патрэбы – узнікалі пытанні. Цяпер скарыстацца гэтымі адлічэннямі для iншых мэт не ўдасца.
Вяртанне грошай пры пераплаце за ЖКП
У выпадку памылковага ўнясення лішніх сум за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі па жаданні грамадзяніна яму вернуць розніцу, калі ён звернецца з адпаведнай заявай у абслуговую арганізацыю. Разам з заявай неабходна будзе прадаставіць дакумент, які засведчвае асобу, і плацежныя дакументы, што пацвярджаюць факт аплаты. Раней лішнія сумы не вярталіся, а спісваліся ў лік будучых плацяжоў.
У пастанове таксама прапісаны парадак устаранення дапушчаных выканаўцам памылак, у выніку якіх даводзіцца дадаткова налічваць плацельшчыку пэўныя сумы. Цяпер гэта магчыма зрабіць толькі за тры месяцы. Раней тэрмін быў значна большы – тры гады. З іншага боку, тэрмін даўнасці застаецца такім жа (тры гады) у выпадках, калі недастатковае налічэнне праводзілася па віне грамадзяніна. Напрыклад, калі змяніўся ўласнік, а аб гэтым не было своечасова паведамлена.
Удакладненне дэталей
Пастановай прадугледжаны таксама шэраг удакладняючых момантаў, без якіх раней было магчыма неадназначнае тлумачэнне заканадаўства. Напрыклад, калі ў кватэры пражывае два і больш ўласнікаў, налічэнне праводзіцца асобна па кожным асабовым рахунку ў адпаведнасці з доляй у праве ўласнасці.
Асобна прапісаны варыянт пры налічэнні платы на ўмоўных грамадзян за паслугі «электразабеспячэнне на работу ліфта», «электразабеспячэнне» і «газазабеспячэнне» пры адсутнасці індывідуальных прыбораў уліку. Калі ў жылым памяшканні ніхто не зарэгістраваны, то колькасць умоўных грамадзян вызначалася шляхам падзелу агульнай плошчы на 20 з акругленнем у бок змяншэння да цэлага ліку. Але з гэтай формулы разлікаў выпадалі памяшканні, плошча якіх складае менш за 20 кв.м, паколькі пры акругленні атрымліваўся нуль. У пастанове прадугледжана, што ў такіх выпадках колькасць умоўных грамадзян прымаецца за адзінку.
Аляксандр Мекін, дырэктар Астравецкага РУП ЖКГ:
– Трэба адзначыць, што асноўны дакумент, які рэгулюе парадак налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі, – пастанова Савета міністраў №571. Пастанова №510 толькі ўносіць у яго дапаўненні і змяненні.
Так, павелічэнне нарматыву спажывання электраэнергіі выгадна для насельніцтва: далёка не кожны ўкладваўся ў ільготную норму 150 кілават, якая цяпер павялічана да 250. Гэта дазваляе не абмяжоўваць сябе і паляпшае якасць паслуг і ўмовы жыцця.
Новая пастанова прывучае людзей да адказнасці: дзякуючы індывідуальным прыборам уліку, яны самі ўносяць паказанні, ведаюць, колькі трэба заплаціць і могуць такім чынам рэгуляваць свае затраты. Да таго ж плацельшчыкам, якія ўстанавілі лічыльнікі вады і цяпла, на тры гады прадстаўляецца дзесяці- або пяціпрацэнтная скідка.
Пры капітальным рамонце дома РУП ЖКГ прапаноўвае яго жыхарам устанавіць індывідуальныя прыборы ўліку. Набыць і ўстанавіць іх можна і самастойна, але для таго каб паставіць яго на ўлік і апламбіраваць, трэба ўсё роўна звярнуцца ў ЖКГ.
Думаецца, дачнікі даўно чакалі змянення, якое датычыцца вывазу смецця. Навошта плаціць за тое, чым не карыстаешся? Пасля заканчэння сезону «агуркоў і яблыкаў» большасць дачных падвор'яў застаюцца нежылымі. У гэтым выпадку садаводы-агароднікі могуць напісаць заяву на адмову на вываз смецця. Праз паўгода гэтая паслуга аўтаматычна адновіцца – да наступнай заявы.
Важна, што і ў пытанні пражывання ў інтэрнатах пастанова дапаможа навесці парадак. Чаму адзін прапісаны павінен плаціць за траіх, «нелегалаў», якія жывуць па суседству? І наадварот: навошта плаціць бацькам за сына-студэнта, які з імі не жыве?
Прыбор уліку вады для паліву агародаў будзе ўстанаўлівацца на падвор'ях, куды падведзена цэнтральнае водазабеспячэнне. Калі за выкарыстанне вады на бытавыя патрэбы мы плацім па субсідзіраванных тарыфах, то паліваць кветкі ці напаўняць басейн прыйдзецца за поўны кошт.
Па новай пастанове грошы на капрамонт цяпер будуць паступаць на спецыяльна адкрыты ў райвыканкаме рахунак, да якога служба ЖКГ не будзе мець адносін. Расходавацца гэтыя грошы будуць толькі на рамонт раённага жылфонду і толькі з дазволу райвыканкама па распрацаванаму на пяцігодку перспектыўнаму плану.
Дапаможа астраўчанам карэкціраваць свой бюджэт і новаўвядзенне з пераплатай па жыроўцы. Каб вярнуць грошы, трэба з квітанцыяй аб аплаце прыйсці ў разліковы аддзел ЖКГ – «лішнюю» суму вернуць наяўнымі грашыма. У іншым выпадку пераплата пойдзе на разлік на наступны месяц.