Алиция Пукшто: где родилась, там и пригодилась

12:41 / 07.07.2018
Аб тым, што яе імя аднойчы будзе занесена на раённую Дошку гонару, прадавец магазіна «Прадукты» аграгарадка «Міхалішкі» Аліцыя Мар'янаўна Пукшта нават не марыла. Як, дарэчы, не планавала звязваць сваё жыццё з гандлем, тым больш – прадуктовым…

"Мару адпачыць на моры. 
На якім? 
Ды на любым!"

А. Пукшта


IMG_4167.jpg


Не хацела – давялося...
Марыць пра прафесію? Не, вясковая дзяўчынка Аліцыя не думала пра нейкую адну прафесію – любімую і на ўсё жыццё. Але ў вольны ад школы і хатніх спраў  час часта гуляла «ў школу» – ёй падабалася вучыць сваіх лялек і плюшавых медзвядзёў.

– Толькі часу, каб сшыткі праверыць ці казку ім пачытаць, было мала, – успамінае Аліцыя Мар'янаўна. – Бацькам дапамагала –  гаспадарка ў нас была вялікая, і хоць у сям'і гадавалася трое дзяцей – старэйшы брат, я і малодшая сястра, – работы хапала ўсім. Гэта ж вёска. А потым яшчэ і бацька загінуў…

Бацька працаваў трактарыстам,  маці – паляводам. Яны з малых гадоў вучылі сваіх дзяцей стараннасці, акуратнасці і адказнасці. 
Нарадзілася Аліцыя ў вёсцы Вялікая Страча, там пайшла ў школу. Аднак скончыць мясцовую «пачаткоўку» не паспела – яе закрылі, а дзяцей перавялі ў Спонды. Заканчвала вучобу Аліцыя ўжо ў Міхалішках, дзе ў старэйшых класах вучням прапанавалі выбраць спецыяльнасць, каб атрымаць прафесію ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбі­наце.

– Нас вазілі туды на тыдзень, – расказвае жанчына. – У Варнянах мы жылі, карміліся і вучыліся.

На выбар дзяў­чы­нак былі дзве спе­цыяльнас­ці: прадавец і швачка. І ўсе яны – больш за дваццаць чалавек – вырашылі атрымаць пасведчанне швачкі – і сабе нешта  змайструеш, і людзям.  
Аднак лёс, а дакладней выкладчык кам­біната, вырашыў інакш – і ўсе прозвішчы ў журнале падзяліў роўненька напалову: адны пайшлі «ў швачкі», другія – «у прадаўцы», у тым ліку Аліцыя.  Атрымаўшы «корачкі», дзяўчына пасля заканчэння адзінаццаці класаў трапіла ў нецікавую, як ёй тады здавалася, і незразумелую сферу – гандаль.

IMG_4176.jpg


...Давялося – і прыжылося

Маладыя вераць, што іх шчасце дзесьці там, далёка, – адкуль роднай хаты  не відаць. Аліцыя ж вырашыла застацца на радзіме: і тут можна жыць, была ўпэўнена яна. Дый маці адна засталася…
Спачатку дзяўчына ўладкавалася  вучаніцай у Міхалішкаўскае спажывецкае таварыства, скончыла школу-магазін пры Астравецкім рай­спажыўтаварыстве. А 1 чэрвеня 1983 года прыняла магазін у Вераб'ях – на цагляным заводзе. Ёй тады толькі-толькі «стукнула» васямнаццаць…
За гэты час не адзін прылавак змяніла Аліцыя Мар'янаўна. І вось ужо дваццаць гадоў як яна працуе ў родных Міхалішках.

– Тут мая сям'я, мая работа, маё жыццё – тут маё шчасце, – прызнаецца жанчына. – І іншага я не ўяўляю. Неяк хацела змяніць работу, нават месца шукала – у Астраўцы, Смаргоні, у Вільнюс ездзіла… Але тут засталася: нідзе лепш няма, як дома. 

Аліцыі Мар'янаўне часу хапае на ўсё. А калі не хапае, то трэба раней прачнуцца, – так яна лічыць. Жанчына паспявае ўсюды: і па гаспадарцы абысціся, і за роднымі прыглядзець, і крыжаванку разгадаць, і на рабоце ўсё перарабіць – нават падчас адпачынку калегам дапамагае.
І на інтэрв'ю яна прыйшла, хоць была ў той час у водпуску.

– Такі ў яе адпачынак, – ус­мі­хаюцца калегі. – На працы.
– А як жа інакш? Ува мне закладзена такая праграма – любіць працаваць, – смяецца ў адказ Аліцыя Мар'янаўна. – Асабліва гэта актуальна цяпер: занеслі на Дошку гонару – працаваць трэба яшчэ лепш!

IMG_4171.jpg


Люблю...

*Акуратнасць, стараннасць, адказнасць.
*Даводзіць справу да канца.
*Людзей, стасункі з імі.
*Выязны гандаль. 
* Вёску. Яе цішыню, размеранасць і шчырасць.
* Сям'ю: яе – больш, чым работу.


Меркаванне

* Трэба ўмець дамаўляцца: не бывае безвыходных сітуацый – бывае нежаданне чуць адзін аднаго.
* Карысна ведаць звычкі пакупнікоў – гэта дапамагае нала­дзіць кантакт і працаваць з заказамі.
* Вырас асартымент тавараў – выраслі патрабаванні пакуп­ні­коў, павысілася і адказнасць прадаўца.
* Пытацца, каб навучыцца, – не сорамна.  
* Цяжка пачынаць – але ўсё прыходзіць з вопытам.
* Каб стаць прафесіяналам, трэба любіць сваю работу і сумленна працаваць.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович