Першымі ў раёне першы ўкос завяршылі КСУП “Міхалішкі”

18:05 / 15.06.2018

Напрыканцы мінулага тыдня каля Радзюшоў працаваў цэлы караван тэхнікі: касілкі, кормаўборачныя камбайны, граблі. Дзясятак машын, да верху напоўненых духмянай травой, снаваў з поля да фермы “Супраненты”, дзе ішла закладка сянажных траншэй… У КСУП “Міхалішкі” завяршаўся першы ўкос траў.

IMG_9476.jpg

– На гэтым участку травы нядрэнныя, – паказваючы на валкі, расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Іосіфавіч Ствол. – На іншых – хоць ты плач. Такога анамальна спякотнага надвор’я ў маі, пачатку чэрвеня не прыпомню: травы сухія на корані, сонца дзе-нідзе збажыну падпаліла.

IMG_9501.jpg

намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Ствол

Перажыванні Андрэя Іосіфавіча за ўраджай зразумелыя: першым укосам міхалішкаўцы планавалі насушыць сена і нарыхтаваць сенажу значна больш. Бездажджоўе ўнесла свае карэктывы ў корманарыхтоўку: планы выкананы толькі на трэць, хоць скошана больш запланаванага: касары “ўхапілі” лішніх 157 гектараў ля лугоў і пойменных зямель… Косяць усюды, дзе можна, – абы нарыхтаваць на зіму кармоў.

– Збожжавыя, як і травы, відаць, сёлета будуць неўраджайнымі, – працягвае Андрэй Ствол. – Суша стаяла, калі яравыя павінны былі нарошчваць масу, а азімыя – выкалошвацца. Такое паскоранае праходжанне фаз не спрыяе для паўнацэннага развіцця расліны.

Калі ў мінулыя гады ад касьбы да ўборкі масы з поля, бывала, праходзіла некалькі сутак, то сёлета травы падвяльваюцца на вачах: літаральна адразу пасля касілак ідуць граблі, якія зграбаюць травы з дзевяціметровага пракосу ў валок, а на іх месца заступаюць кормаўборачныя камбайны.

Ля Радзюшоў я налічыла 12 адзінак тэхнікі: тры касілкі, адна з якіх – дзевяціметровая, двое граблей, чатыры МАЗы – усяго на адвозцы зялёнай масы ў КСУП “Міхалішкі” задзейнічаны 10 машын – і два кормаўборачныя камбайны.

На “Ягуарах” працуюць вопытныя механізатары Сяргей Чымбар і Валянцін Куркуль.

IMG_9490.jpg

Сяргей Чымбар на “Ягуары” падбірае і здрабняе падвяленую траву


IMG_9498.jpg

Валянцін Куркуль не першы сезон штурваліць за рулём “Ягуара”

– Якія сёлета травы? – перапытвае Валянцін Іванавіч. – От, так сабе… Кроў з носу – патрэбен дождж. На агародзе, хоць і паліваеш, і то нічога расці не хоча. А тут, у полі…

“Ягуар” хутка напаўняе “зялёнкай” МАЗ, і той імчыць на ферму ў Супраненты. Дыспетчар раслінаводчага ўчастка Яніна Зімніцкая старанна фіксуе ў журнале ўсе лічбы. Вадзіцелі прыдумалі сваю сістэму апавяшчэння: адзін сігнал – “зялёнка” Чымбара, два – Куркуля.

IMG_9465.jpg

Дыспетчар раслінаводчага ўчастка №2 Яніна Зімніцкая дакладна фіксуе перавезеныя з поля да сянажнай траншэі тоны 

Ля ўезда да сянажнай траншэі зроблена саламяная падушка, каб колы машын, якія з поля возяць траву, ачышчаліся. Па словах жанчыны, пастаянна замяраецца тэмпература і вільготнасць зялёнай масы. Гэта, дарэчы, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы “амкадоршчыкаў”. “Зафілоніш” – і тэмпература масы адразу павялічваецца, а гэта – на якасці сенажу.

Акрамя закладкі сянажных траншэй, падвяленую траву нарыхтоўваюць у стрэйч-плёнку. На прэс падборшчыку “Крона” працуе Іосіф Юшчык, які за дзень “апранае” каля 200 зялёных шпулек ў белыя кашулькі.

IMG_9574.jpg

Іосіф Юшчык пакуе траву ў стрэйч-плёнку

…Каб атрымаць травы другога ўраджаю, пасля скошвання сенакос ці паша падкормліваюцца азотам.

– Калі няма ападкаў, азот хутка выпараецца. – тлумачыць Андрэй Іосіфавіч Ствол. – Ідэальна, канешне, калі падкармілі і пайшоў дождж. Атава на вачах адрастае.

Але пакуль што міхалішкаўцы, як і ўвесь раён, мараць пра дождж.

IMG_9480.jpg

на граблях “Міленіум” працуе Сяргей Іваноў 


IMG_9460.jpg

Аляксандр Баркоўскі на “Амкадоры” трамбуе зялёную масу


IMG_9483.jpg

Іван Стаціна, які возіць зялёную масу, за дзень робіць каля 10 рэйсаў


IMG_9489.jpg

Часлаў Сальмановіч заняты на адвозцы “зялёнкі”


IMG_9493.jpg

Віктар Валуевіч, адвозка зялёнай масы


IMG_9517.jpg

Валерый Сташко, касец


IMG_9541.jpg

Валерый Калтан ложыць травы ў пракосы


IMG_9548.jpg

Іван Янушэўскі, які працуе ў гаспадарцы больш за 30 гадоў, косіць траву


IMG_9552.jpg

Варушыць “зялёнку” Іосіф Мельдзюк


Першым укосам у КСУП “Міхалішкі” нарыхтавалі 260 тон сена (24 %), 4 565 тон сенажу (30%) і закруцілі ў стрэйч-плёнку 435 тон падвяленай травы (35%).


Текст:
Фото: Алена Гануліч