Пагранічная эстафета наведала Астравец (+відэа)
У нядзелю ў Астравец завітала эстафета “100 гадоў на варце граніц Айчыны”, арганізатарам якой стаў Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь.
Эстафета, прымеркаваная да 100-годдзя пагранічнай службы, стартавала з плошчы Перамогі ў Мінску ў Дзень пагранічніка – 28 мая. За гэты час ваеннаслужачыя пераадолелі больш за тры тысячы кіламетраў, наведалі Пінскі і Мозырскі пагранічныя атрады, Гомельскую пагранічную групу, Полацкі пагранатрад, які і перадаў эстафету Смаргонскай пагранічнай групе.
Гонар першаму прымаць ваеннаслужачых-пагранічнікаў на тэрыторыі вайсковай часці 2044 выпаў Астраўцу – у нядзелю тут прайшоў урачысты мітынг.
– Пагранічнай палітыцы ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага, – адзначыў намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Збігневіч Свіла. – За два апошнія гады на ўчастку Астравецкага раёна здадзены ў эксплуатацыю і функцыянуць два сучасныя комплексы, якія гарантуюць непарушнасць нашых рубяжоў. Гэта імянныя пагранічныя заставы “Астравецкая” і “Маладзечненская”, якія камплектуюцца лепшымі ваеннаслужачымі нашага рэгіёна.
Ад імя райвыканкама Віктар Збігневіч прывітаў удзельнікаў пагранічнай эстафеты і падзякаваў ваеннаслужачым за адданую службу на карысць нашай Радзімы.
Ва ўрачыстай абстаноўцы намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы Дзмітрый Станіслававіч Лешэвіч уручыў Віктару Збігневічу юбілейны медаль “100 год органам пагранічнай службы”.
Выступленні і віншаванні ад прадстаўнікоў дзяржпагранкамітэта, БРСМ і ветэранскай арганізацыі, экскурсія па мабільнай экспазіцыі Музея Вялікай Айчыннай вайны, выступленне ваеннага аркестра і салістаў Смаргонскай пагранічнай групы, знаёмства з кінолагамі і іх сабакамі, магчымасць сабраць і разабраць аўтамат Калашнікава і сфатаграфавацца з тэхнікай і зброяй, якія знаходзяцца на ўзбраенні ваеннаслужачых-пагранічнікаў – усе, хто прыйшоў на сустрэчу, не сумавалі.
Бліжэй да абеду пагранічная эстафета прадоўжыла свой шлях. Заключны яе этап пройдзе 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці.