Камітэт дзяржкантролю канстатуе масавыя парушэнні ў жывёлагадоўлі
14:22 / 06.06.2018
У 6 з 17 раёнаў Гродзенскай вобласці дапушчана зніжэнне вырошчвання буйной рагатай жывёлы: Ваўкавыскім (96,3%), Зельвенскім (99,5%), Мастоўскім (99,8%), Астравецкім (93,1%), Свіслацкім (99,9%), Слонімскім (97,5%). У трох раёнах – вытворчасці малака: Дзятлаўскім (99,4%), Астравецкім (98,9%), Ашмянскім (97,5%).
За тры месяцы 2018 года сярэдні надой ад каровы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіўся ў чатырох раёнах: Воранаўскім (1250 кг і 99,4%), Дзятлаўскім (975 кг і 99,9%), Астравецкім (1326 кг і 99,4%), Ашмянскім (974 кг і 96,2%).
Асноўная прычына мінусаў – недахоп кармоў і дрэнная іх якасць. Пры нарыхтоўцы кармоў парушаўся тэхналагічны рэгламент, адбіўся і недахоп сіласна-сянажных траншэй.
Па стане на 19 красавіка 33 сельскагаспадарчыя арганізацыі 11 раёнаў адчувалі патрэбу ў травяністых кармах (недахоп – 86 тысяч тон).
У РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», каб утаіць недахоп кармоў, іх спісвалі звыш прадугледжанай рацыёнамі нормы. Так, па даных кнігі складскога ўліку, на 5 красавіка на МТК «Рытань» заставалася 209,5 тоны сіласу і 233,4 тоны сенажу – а кармілі жывёлу фактычна прывазнымі кармамі. Па выніках інвентарызацыі ўстаноўлены недахоп 1 086 тон сіласу і 287 тон сенажу.
Акрамя гэтага, у шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый вобласці зафіксаваны і іншыя парушэнні тэхналогіі ўтрымання жывёлы: несвоечасовы вываз гною, выемка сіласу без папярэдняй зачысткі верхняга гнілога слою і іншыя.
Не выкаранена практыка прыпісак на некаторых сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці – за гэта ў адносінах да 4 службовых асобаў узбуджаны крымінальныя справы.
Па матэрыялах Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.