Тэрэса Чахрач з Карвэляў на Краснай плошчы з Машэравым. Было!

08:58 / 23.05.2018
1982
У невялічкай драўлянай хацінцы ў вёсцы Карвэлі ў лакіраванай драўлянай рамцы пад шклом на сцяне захоўваецца выразка з часопіса савецкага часу. На чорна-белым здымку – урачыстае шэсце па Чырвонай плошчы Масквы ўдзельнікаў ІІІ Усесаюзнага з’езду калгаснікаў. У першым радзе ідзе статная маладая жанчына мадэльнай знешнасці, перад ёю нясуць вянок двое мужчын. Следам за ёй ідзе Пётр Міронавіч Машэраў,  тагачасны першы сакратар ЦК КП Беларусі. 

1969 год.jpg

…На парозе хаткі, якая нічым не выдзяляецца сярод іншых вясковых дагледжаных дамоў, мяне сустракае гаспадыня – Тэрэса Францаўна Чахрач, тая самая прыгажуня з фотаздымка. Яна і цяпер, у свае восемдзясят, усё такая ж: хоць і па-хатняму, але з густам апранутая, па-сталаму прыгожая, нягледзячы на павуцінкі маршчынак, што раскідаў узрост па яе твары, і з такім жа, як і ў маладосці, стрыжнем лідара і працаўніка ў характары.

Тэрэса Францаўна не абараняла дысэртацый, не рабіла навуковых адкрыццяў, не займала высокіх пасад. Ад ранку да позняга вечара яна працавала спачатку на свінаферме, потым – на цялятніку, уручную нарыхтоўвала кармы для жывёлы, якую даглядала, – таго, што выдзялялі, не хапала. Дзякуючы яе стараннай адданай працы жывёла добра прыбаўляла ў вазе – а жанчына такім чынам дапамагала дзяржаве карміць народ.
– Верас ездзілі ў лес нарыхтоўваць, іржышча, – успамінае жанчына.

фото002.jpg


Працавітая красуня 
Нарадзілася Тэрэса Францаў­наў у 1937 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Юрчуны, што ў Астравецкім раёне.

Гістарычная даведка
Кніга «Памяць. Астравецкі раён»: «…Юрчуны з 1922 года (вёска) ў складзе Польшчы, у Варнянскай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства. <…> З 1939 г. у складзе БССР.»

– Нас у бацькоў было пяцёра, – расказвае жанчына. – Тры браты, сястра і я. Тата працаваў брыгадзірам у калгасе, мама – там жа. Нас з дзяцінства да работы прывучалі: дапамога патрэбна была – працавалі  цяжка. Гэта цяпер усюды тэхніка, а раней толькі на свае рукі можна было разлічваць.
У дзесяць гадоў Тэрэса пад наглядам бабулі ўжо спрытна арудвала сярпом.

– Я ўсё чыста ўмела рабіць: грачыху рвала, лён слала, касіла, баранавала – жыццё такое было, – успамінае Тэрэса Францаўна. – Толькі дроў ніколі не шчапала і не гарала.

У школу дзяўчынка пайшла ў суседнія Грышкойці – там яна скончыла 4 класы. У 5 клас трэба было ездзіць у Варону – але бацька не пусціў.

– Я хваравітая была, – успамінае жанчына. – Тата баяўся за маё здароўе, а школа далёка – вось і запрацівіўся. 
А каб у дачкі была справа, якая пракорміць, бацька адправіў Тэрэсу на навуку да мясцовай швачкі Марыі Кяжун.

– Год хадзіла да яе вучыцца шыць, – гаворыць жанчына. – Добра навучылася – і сябе абшывала, і людзі звярталіся. 
А ў 15 гадоў Тэрэса пайшла працаваць у калгас.
Дзяўчынка вырасла сапраўднай прыгажуняй: правільныя рысы твару, тонкі стан, доўгія русыя косы, адкрытая ўсмешка... А яшчэ  – працавітая і валявая бацькава натура.

1954..jpg


Век жыць – не мех шыць
З Вікенціем іх пазнаёміў бацька.

– Мой Вінцэнт працаваў разам з бацькам у калгасе прыцэпшчыкам – кіраваў плугамі, якія прычапляліся да трактара, – дзеліцца Тэрэса Францаўна. – Тата стаў прыглядацца да яго. Пацікавіўся бацькамі, паглядзеў, дзе жыве, – і вырашыў, што падыходзіць яму такі зяць. Ну і прыбуксіраваў яго тата. (Смяецца) 

– Помню, ідзе мой Вінцэнт па вёсцы са сваім напарнікам – трактарыстам, а я, убачыўшы яго, ходу праз вуліцу – і схавалася! – працягвае жанчына. – Яму вельмі мае косы спадабаліся. 

Вікенцій таксама быў від­ным хлоцам: высокі, статны, прыгожы. Стаў наведвацца да дзяўчыны. Асаблівых заляцанняў не было: «бывала, цукерак-падушачкаў прынясе пачаставаць». А яна і не чакала, што павінна быць нешта асаблівае. Бацька сказаў, што пара замуж – значыць, пара. 

– Ведаеце, гэта ж лішні рот у хаце – нас жа пяцёра было, – гаворыць Тэрэса Францаўна. – А жылося цяжка…
– Як тата «забуксіраваў» Вінцэнта, дык адразу пачаў водку жмыкаць, – расказвае жанчына. – У грудні (снежань) 1955 года мне ўжо гады сыходзілі (павінна было споўніцца 18 гадоў – Заўв. аўт.), а 30 ліпца (ліпень) нам вяселле справілі. Муж мой тады 22 гады меў.

1955год.jpg

Бацькі Вікенція прынялі нявестку з душой.
– Са свякроўкай пражылі ра­зам 27 гадоў – пасля вяселля мы сталі жыць у яго хаце. Яна дапамагала з дзецьмі – тры сыночкі  ў нас нарадзіліся. Свякроўка і кароўку падоіць, усё чыста зробіць, – з цеплынёй успамінае Тэрэса Францаўна мужаву маці. – Яна вельмі добрая была жанчына, спагадлівая. А калі матка (свякроў – Заўв. аўт.) занемагла, тады ўжо і ў мяне хвост прыціснуўся.

Вікенцій, можна сказаць, у бацькоў адзін застаўся.
– Брата яго Людвіга «лапанькі» забралі – аблавы рабілі на тых, хто на вайну не пайшоў. Людвіг трапіў у турму ў Казахстане. Дзесяць гадоў адсядзеў, а калі вызваліўся – ажаніўся там і застаўся жыць, – успамінае жанчына.
Тэрэса Францаўна была не толькі спрытнай працаўніцай, але і добрай гаспадыняй: спраўлялася і ў хаце парадак трымаць, і ля печы завіхацца, і на ферме лепшай быць. 

– У маёй свякроўкі, – гаворыць Гэлена, нявестка Тэрэсы Францаўны, – заўсёды ў руках работа гарэла: снеданне, абед, вячэра прыгатаваныя, бялізна накрухмаленая, у хаце чысціня. А яшчэ ж і гаспадарку трымала. Яна і цяпер такая.
Вікенцій у калгасе   нарыхтоў­ваў торф – але, па словах Тэрэсы Чахрач, рабіў, рабіў, ды ботаў не зарабіў. Потым паехаў па вярбоўцы на заробкі ў Карэлію – сплаўляць лес, ды і там доўга не набыў. Вярнуўшыся, пайшоў у Кулішкі гліну капаць, а потым перайшоў рабочым у Дубніцкі дом інвалідаў – працаваў па зменах, а ў вольны час хадзіў дапамагаць Тэрэсе. 
– А потым я Вінцэнта забрала да сябе на ферму, – расказвае Тэрэса Францаўна. – Мы ўсё разам рабілі: і кармы нарыхтоўвалі, і чысцілі жывёлу, і воркі з мукой цягалі. 
Калі жанчына выйшла на пенсію, ужо яна хадзіла дапамагаць на ферму Вінцэнту – усё ж удваіх спрытней і лягчэй.
– А потым муж злёг – надта ж яму ногі балелі, – расказвае Тэрэса Францаўна. – 22 гады я яго даглядала. Мне казалі, што можна ў Міхалішкі аформіць. Але як жа гэта?! Усё жыццё разам – і раптам я яго кіну?! Ды і чужога не кінуў бы. Мы з ім душа ў душу жылі. А паўгода назад майго Вінцэнта не стала, – выцірае слёзы жанчына.
Вікенцій і Тэрэса пражылі разам 63 гады. Вяселле залатое спраўлялі – як і належыць: у варнянскім касцёле імша была, дзеці, унукі сабраліся на святочны абед.
– Праўда, Вінцэнт ужо не хадзіў – у хаце застаўся, – дзеліцца жанчына. – Мы нарадзіліся і паехалі. А пасля імшы прыехалі дахаты, і ксёндз Пікула з намі. Ён абрад правёў, як належыць, рукі нам з мужам звязваў, як маладым.

Чырвоная плошча
Тэрэса Францаўна увесь час на ферме прападала – вельмі перажывала за сваіх гадаванцаў: каб у пару накормленыя, пада­сланыя, пачышчаныя былі, каб не занядужалі – жывёла не па­скардзіцца, сама не возьме...

– Я на свінарніку рабіла сем гадоў, а калі яго скасавалі ў 1972 годзе, перайшла на цялятнік. Гадавала да чатырох месяцаў целючкі. Тут рабіць усё чыста трэба было самой: і пойла варыць, і па салярку ездзіць, і касіць, і падсцілаць, – расказвае Тэрэса Францаўна. – На цялятніку працавала, аж пакуль на пэнсію не пайшла. Я сваю работу вельмі любіла.

Тэрэса Францаўна расказала, што ў Карвэлях раней было тры свінарнікі, на кожным з іх гадавалася да тысячы галоў. Станкі стаялі ў чатыры рады, у кожным утрымлівалася па 8-10 свіней. Корм ім падаваўся раздатчыкам. Ля фермы стаяла кухня, дзе варылі зацірку для жывёлы.
Жанчына нікому не давярала сваю ферму – баялася, што іншыя не дагледзяць, як след, не дакормяць. Нават спраўляючы вяселле сынам, паспявала і там, і тут.

Адданая праца, спрыт у справах і добрыя паказчыкі не маглі застацца незаўважанымі і не адзначанымі: яе абралі дэлегатам на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў, які прайшоў у лістападзе 1969 года. Трыцца­ці­двухгадовую пера­давіцу карвэльскай свінафермы  Тэрэсу Чахрач вылучыў дэлегатам тагачасны першы сакратар Астравецкага РК КПБ Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя.

– Помню, прыехаў Арцыменя на ферму, – расказвае жанчына. – А ў мяне часу няма, каб пастаяць з ім пагаварыць. Я вёрткая была: скачу па станках туды-сюды – так і размаўлялі па ходу справы. (Усміхаецца)
Так адправілася карвэльская свінарка ў складзе дэлегацыі БССР у Крэмль.
– Я з’ездзіла ў Вільню, прыкупіла сабе чорны касцюм, белую блюзку, туфлі, паліто, сумачку, – успамінае Тэрэса Францаўна. – А вось шапкі не мела – пазычыла ў сяброўкі. Ад нашага раёна яшчэ ездзіў на з’езд трактырыст з «Яснай Паляны». Тады смяяліся, што свінарка без пастуха. (Усміхаецца).
Калі дэлегаты прыехалі ў Маскву, іх засялілі ў гасцініцу. Наша зямлячка ўзгадвае, што гэта была дзесяцідзённая паездка. У кожнага – асобны нумар у гасцініцы, есці хадзілі ў рэстаран, знаёміліся з Крамлём, у Ружэйную палату хадзілі, ішлі калонай па Чырвонай плошчы, былі ў Маўзалеі і, канешне ж, удзельнічалі ў самім з’ездзе. 

Вось тады і быў зроблены той фотаздымак з Тэрэсай Фран­цаўнай на Чырвонай плошчы, які трапіў у часопіс, – для жанчыны гэта дарагая памяць.
– Я ж не сама стала там у калоне ўперадзе – так мне сказалі. Я павінна была ўскласці вянок да Маўзалея Леніна, – нібыта апраўдваецца жанчына. – І як мяне, простую калгасніцу, разам з Машэравым паставілі? Мабыць, убраўшыся была хораша… (Усміхаецца)
У Маскве дэлегатам выдалі талоны, па якіх калгаснікі маглі набыць што-кольвек сабе ў магазіне. Талонамі не разлічваліся – гэта быў дадатак да грошай. Тэрэса Францаўна тады купіла сабе пуховую хустку і залаты гадзіннік – на памяць пра паездку.

– Грошы, канешне, даваліся нялёгка – іх заўсёды не хапала, – гаворыць жанчына. – Але я вырашыла, што памяць павінна застацца. Калі я сабе яшчэ змагу такое набыць? Яшчэ я са з’езда шмат кніжак прывезла – не купляла, там давалі.
Потым праца нашай зямлячкі яшчэ не раз адзначалася ўз­нагародамі, яе партрэт быў занесены на Дошку гонару. 
Але яна працавала не дзеля пашаны і ўзнагарод – не ўяўляла іншай долі…

Узнагароды
1973 год – ордэн «Знак пашаны»;
1975 год – Ганаровы дыплом пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сярод рабочых па прафесійнай галіне;
1980 год – знак «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва»;
1980 год – Ганаровая Ленінская грамата;
1994 год – пасведчанне заслужанага калгасніка.

Текст: Рита Дремо
Фото: з сямейнага архіва Т. Чахрач.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений