Пасяўная кампанія ў КСУП “Варняны”

13:05 / 07.05.2018
Напачатку мая хлебаробы завяршылі сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур, пад якія сёлета адведзена  9 872 гектары, і  цукровых буракоў. Аднак расслабляцца часу няма: трэба пасеяць кукурузу, грачыху, проса і рыхтаваць тэхніку да корманарыхтоўкі.

Напачатку тыдня мы наведалі КСУП «Варняны», каб даведацца, як тут праходзіць пасяўная кампанія.
– Адны з апошніх завяршылі сяўбу збожжавых. Прычын некалькі: па-першае – у КСУП «Вар­ня­ны» самая вялікая ў раёне плошча іх вырошчвання – а гэта 2 750 гектараў; па-другое – не ха­піла свайго насення, – расказвае галоўны аграном Аляксандр Іванавіч Герасім. – Дзякаваць богу, пытанне з насенным матэрыялам вырашана.
Акрамя гэтага, варнянцы пера­сеялі 50 гектараў азімага рапсу, які загінуў. 

IMG_5505.jpg

Для галоўнага агранома Аляксандра Гера­сіма зараз напружаная пара

Структура вырошчвання збожжавых у КСУП «Варняны» сёлета значна не змянілася: праўда, пасеялі на 100 гектараў менш аўсу, затое пад пшаніцай плошча на столькі ж пабольшала. Бульбу ў гаспадарцы ў гэтым годзе са­дзяць толькі  насельніцтву, на патрэбы сталовай пад «другі хлеб» выдзелілі 3 гектары.

У КСУП «Варняны», як і ў іншых гаспадарках раёна, цалкам завяршылі сяўбу цукровых буракоў. Насенне цукровікаў варнянцы прыгарнулі ў глебу на плошчы 300 гектараў. У цэлым па раёне пад гэтыя салодкія караняплоды адведзена 1 620 гектараў. 
На сяўбе ў гаспадарцы сёлета задзейнічаны чатыры энерганасычаныя трактары і адна СПУ-шка. 

IMG_5502.jpg

Валерый Дзенюш, як і кожны год, сее збожжа 

–  У гаспадарцы тэхніка даўно не абнаўлялася, але не ў гэтым асноўная праблема. Не хапае механізатараў. За пяць гадоў, што я тут працую, у «Варнянах» чалавек на трыццаць стала менш трактарыстаў. Хочацца верыць, што з новым кіраўніцтвам кадравая праблема ўрэшце вырашыцца, – прызнаецца галоўны аграном. – На пасяўной  працавалі адказныя, сумленныя людзі – дзякуючы ім і адсеяліся. 

Па словах Аляксандра Іванавіча, на сяўбе механізатары працуюць з 7 ра­ніцы да 8 вечара, яшчэ дзве гадзіны – запраўляюцца. 
На парадку дня варнянскіх сейбітаў – кукуруза. Пад яе адведзена 1 250 гектараў, з якіх 50 – на зерне. Зерне гэтай «цеплалюбівіцы» ўжо апладніла 150 гектараў (12 працэнтаў ад плану). Сваёй чаргі дачакалася і грачыха.

IMG_5486.jpg

Іван Яновіч на «лейцы» ўносіць калійныя ўгнаенні 


Цікаўлюся ў галоўнага агранома прагнозам на будучы ўраджай.
– Няўдзячнае гэта справа – прагнозы, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Але ўраджайнасць збожжавых сёлета на 5-7 цэнтнераў будзе вышэйшая, чым летась, – за кошт зяблевай апрацоўкі глебы: пазалетась толькі 15 працэнтаў падрыхтавалі, у мінулым годзе – усю.

IMG_5494.jpg

Генадзь Валанцэвіч адзін з самых вопытных сейбітаў у гаспадарцы

Текст:
Фото: Алена Гануліч