Алена Ярашэвіч: заўтра будуць новыя справы

11:11 / 07.05.2018
IMG_0648.jpg«Прывітанне!», «Каву будзеш?», «Першую паласу чытала?», «У каго ёсць інфармацыя на першую?», «Хуценька папраў – і аддай на вёрстку!», «А дзе ў вас рэклама?»  –  раніца ў нашай рэдакцыі шматгалосая. І часам той, хто чуе і бачыць  гэты вір галасоў і перамяшчэнняў, не адразу разумее, куды ён трапіў і што тут робіцца.

А для нас гэта – паўсядзённыя будні, без якіх мы  не ўяўляем свайго жыцця, як і  адзін без другога.
Імкліва бяжыць час… А на памяць прыходзіць 16 чэрвеня 2009 года, калі я ўпершыню пераступіла парог рэдакцыі – і стала журналістам.
Амаль 9 гадоў, 3 250 дзён, 77 850 гадзін  прайшлі-прабеглі цікава, непаўторна і незвычайна. І кожны дзень быў непадобным на ўчарашні.

…Галава перапоўнена інфарма­цыяй – яе трэба тэрмінова паклас­ці на паперу. Да перастуку пальцаў па клавіятуры дадаецца тэлефонны зва­нок. Хтосьці просіць дапамогі ў вырашэнні праблемы. Незакончаны артыкул «завісае» на экране манітора, а ты пачынаеш штурмаваць розныя інстанцыі – бо на цябе нехта разлічвае, ты паабяцаў… А потым радуешся разам з  чалавекам, якому змог дапамагчы. Або наадварот…

… Зноў званок. «У 12 гадзін  пасяджэнне» – «Трэба быць?» – «Аба­вязкова!» Бягу ў райвыканкам, праз гадзіну-другую вяртаюся ў рэдакцыю і  зноў сядаю за артыкул. Толькі «распісалася» – хопіць: на старонку не ўлезе.  І загаловак трэба прыдумаць – абавязкова цікавы і нешаблонны. А ён ніяк не ідзе ў галаву! 

…Бягу ў  суседні кабінет – на сайт трэба паставіць інфар­мацыю…

Спіс незакончаных спраў да­паўняецца яшчэ адной тэмай – і чарговы лісток прымацоўваецца да манітора, каб не забыць!

Тэлефанаванні, стасункі з людзьмі, электронныя пісьмы і ад­казы на іх, справаздачы – не здзіўляйцеся, журналісты іх таксама пішуць, – абмеркаванне важ­ных тэм, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння… І чым мая работа адрозніваецца ад любой іншай? Напэўна, нічым – акрамя таго, што мне яна дорыць радасць кожнага новага дня і жаданне сустракаць кожную раніцу сваіх калег з усмешкай.

На сёння – хопіць. Заўтра будзе новы дзень – з цікавымі сустрэча­мі і незабыўнымі па­дзеямі. Я зноў зайду ў свой кабінет і пачну дзень са свежага  нумара   любімай раёнкі, якую толькі што прынеслі з пошты.

Алена ЯРАШЭВІЧ, 
намеснік галоўнага рэдактара 
газеты «Астравецкая праўда»


Текст: