Ніна Рыбік: адзін дзень жыцця

10:31 / 07.05.2018
…Панядзелак. Раніца. Планёрка. Абмяркоўваем свежы нумар газеты, адзначаем удалыя тэмы, матэрыялы, здымкі, загалоўкі, адзначаем тое, што не атрымалася, і спрабуем зразумець: чаму? Некага хвалім, некага крытыкуем. Спрачаемся. Бурна абмяркоўваем новыя праекты. Нехта з некім не згаджаецца – у тым ліку і з галоўным рэдактарам. Нехта над некім падсмейваецца. Нехта ўспомніў у тэму цікавую гісторыю ці анекдот… Дружна смяёмся – і зноў вяртаемся да абмеркавання, якое ідзе ўжо крыху ў іншым рэчышчы.

Screenshot.jpg

Плануем наступныя нумары і перспектыву: што і калі трэба надрукаваць у газеце, паказваць у телепраграме, змясціць на сайце; як будзем асвятляць шматлікія майскія святы, паўсядзённыя справы; плануем, што трэба паставіць у першую чаргу, а што пачакае; якія, з дазволу сказаць, «артыкулы», ад якіх – ні розуму, ні сэрцу, тым не менш трэба размясціць – для справаздачы, а што варта надрукаваць для чытача: ён жа галасуе за газету сваім рублём.

Гэта – мая работа, і гэтую, самую цікавую, творчую і канструктыўную яе састаўляючую я люблю найбольш!

IMG_5620.jpg…На стале – тоўсты стос журналісцкіх матэрыялаў: іх ужо нарадзілі ў пакутах аўтары, вычытаў стылістычны рэдактар – цяпер галоўная, рэдактарская праўка. Так, загаловак нікуды не варты! І зноў гэтыя канцылярызмы, афіцыйны стыль – ну колькі ж можна пра гэта гаварыць, колькі можна іх крэсліць?! Не, я дальбог, некалі пазабіваю іх усіх! О, чарговы перл для маёй калекцыі журналісцкіх «ляпаў»: «У бальніцы ён размяняў 85-ты дзясятак!» Прыйдзе час – збяру іх усе ў асобную кніжку… Ой, а гэта што? Ах, якая малайчынка, як цудоўна напісала пра чалавека – ажно на слязу прабівае… А тут – матэрыял радавы, а загаловак цудоўны і падача арыгінальная! Не, не буду нікога забіваць: мае ж усё роўна – самыя лепшыя! Бываюць час ад часу…

Гэта – мая работа: асноўная і галоўная яе частка.

…Тэлефонны званок: клічуць на чарговую нараду (пасяджэнне, мерапрыемства). Вядома ж, потым трэба будзе ўсё гэта «асвяціць на старонках газеты»! І добра, калі «асвятляць» ёсць што, здараецца, што і само мерапрыемства, і яго асвятленне – дзеля галачкі, той самай нікому непатрэбнай справаздачы. 

Але гэта таксама – мая работа: самая нелюбімая...

…У рэдакцыі чакае навед­вальнік. І няважна, якія дні і гадзіны прыёму напісаны на дзвярах, дамаўляліся мы пра сустрэчу ці не: чалавека ж нешта прывяло… Размаўляем – пра жыццё, справы, праблемы: часцей за ўсё менавіта яны прыводзяць людзей у рэдакцыю. Многія па-ранейшаму ўпэўнены, што калі пра іх бяду напіша газета, то сітуацыя абавязкова выправіцца! Язык не паварочваецца развянчаць гэтую святую веру, растлумачыць, што гэта – не так, што ад нас мала што залежыць: ні пабудаваць дарогу, ні прыструніць мужа-дэбашыра, ні адрамантаваць водаправод мы не зможам. Добра, пашлём пісьмо на рэагаванне…

І гэта – мая работа, якая ніколі не пакідае маральнага задавальнення.

…Едзем на раён: на пачатак мая запланаваны абласны прэс-аўтапрабег – трэба праехаць па плануемым маршруце, дамовіцца з людзьмі – словам, падрыхтавацца да ўсіх магчымых нечаканасцей, якія ўсё роўна здарацца – на тое яны і нечаканасці. 

Вяртаючыся, заязджаем да жанчыны,  пры якую даўно збіралася напісаць: лёс яе варты цэлага рамана – але яе жыццё трэба ўціснуць у газетны нарыс: каб чытачы ведалі, якія людзі побач з намі! Па дарозе назад пракручваю ў думках пачутае, захапляючыся жыццёвай сілай будучай гераіні, – і даю сабе слова, што гэты нарыс абавязкова – АБАВЯЗКОВА!!! – напішу сёння ж! І разумею, што слова зноў не стрымаю, бо вечар ужо спланаваны…

42.jpg


Такія людзі, такія сустрэчы магчымасць расказаць пра іх – тое, за якую я найперш люблю сваю работу! І вельмі шкада, што на гэта ўсё менш застаецца часу.

…Рабочы дзень закончаны. Але на стале – новы стос матэрыялаў і ўжо звярстаных газетных старонак, якія трэба вычытаць перад заўтрашняй адпраўкай у друк. Адказны сакратар прасіла шмат не правіць, бо трэба ўлажыцца ў графік здачы нумара.  Але ж… Прабач, Надзейка, гэты заскарузлы сказ ну ніяк нельга прапусціць! І як я не заўважыла гэтага пры першай вычытцы? Тут – русізм, там – паланізм… І здымак варта паставіць іншы: кіраўнік з тэлефоннай трубкай за сталом – паказчык дрэннага густу. Зноў накрэмзала! Але ж лепей мы сёння паправім, чым чытачы заўтра пасмяюцца, праўда? Ім і без таго ёсць за што нас ушчуваць…

І ўрэшце – гэта мая работа!

…Вечар. Нарэшце дома! Хутчэй разабрацца з вячэрай, крышку адпачыць – і за камп’ютар. Адкрываю ў праграме «Трэла» папку «Мае тэмы», уношу ў планы гісторыю сённяшняй сваёй гераіні, з сумам канстатую, што спіс павялічваецца – а час сціскаецца… 
І, наступіўшы на горла жаданню пісаць пра сённяшнюю сустрэчу, «асвятляю» ранішнюю нараду: гэта – тэрмінова ў нумар!
Адзінаццатая гадзіна – час класціся спаць. Адкрываю апошні раз электронную пошту, а там сюрпрыз: сцэнарый наступнай тэлеперадачы. Трэба вычытаць і выправіць, бо заўтра – мантаж. Што лепш: сёння легчы пазней – ці заўтра ўстаць раней? Хай будзе кампрамісны варыянт: сёння легчы пазней, а заўтра ўстаць раней – і напісаць нешта з запланаванага…
Гэта – мая работа! Клопатная, цікавая, напружаная, з ненарміраваным рабочым днём і рэдкімі выхаднымі. Бывае, што няўдзячная, часам – шчодрая на сустрэчы з цікавымі людзьмі. З ружамі і шыпамі, узнагародамі і падзякамі, крытыкай і ўшчуваннямі. Ёй аддадзена 37 гадоў, з якіх 25 – на пасадзе галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды». Без яе я не ўяўляю свайго жыцця і вельмі ўдзячна лёсу, што ён прывёў мяне ў журналістыку. 

Ніна РЫБІК, 
галоўны рэдактар газеты «Астравецкая праўда»




Текст: Нина Рыбик