Клопат вяскоўцаў: пасадзіць соткі

09:37 / 07.05.2018
У маі, які багаты на выхадныя дні, дачнікі і вяскоўцы звычайна садзяць агарод. Для тых, хто трымае падсобную гаспадарку, добрае падспор’е – «соткі».
У КСУП «Варняны» актыўна садзяць «людскую» бульбу.

IMG_5470.jpg

На полі паміж вёскамі Кярняны і Варняны невялікая чырвоная саджалка «наразала» барозны. Чарга – каму за кім – ужо была размеркавана. Людзі засыпалі ў саджалку сваю бульбу, а пасля яе высадкі зазначалі свае рады драўлянымі калкамі.  

– Пад соткі ў палях севазвароту сёлета выдзелілі 80 гектараў, –  расказвае галоўны аграном КСУП «Варняны» Аляксандр Іванавіч Герасім. – Участкі пад «людскую» бульбу выдзялялі каля вёсак. Ну, падумаеш, «адшчыпнуў» я лапік зямлі ад кукурузы – але людзям зручней, калі бульба расце ля вёскі.

У КСУП «Варняны» садзяць бульбу ўсім жадаючым. Праўда, насенне павінна быць сваё, а ўсё астатняе – падвоз клубняў на поле, пасадка бульбы, акучванне барознаў і хімічная апрацоўка ад шкоднікаў – закладзены ў кошт «соткі». 

IMG_5475.jpg

Памочнік брыгадзіра Вікторыя Кяжун

У эканамічнай службе гаспадаркі паведа­мілі, што для работнікаў сельгаспрадпрыемства і пенсіянераў адна «сотка» каштуе 2,90 рубля, для ўсіх астатніх – 6,20 рубля.
Механізатар Баляслаў Баляслававіч Ігнатовіч, які на саджалцы спрытна наразаў барозны, расказаў, што за дзень у сярэднім засаджваюць 3-4 гектары. На адну сотку патрэбен прыблізна мех бульбы.

IMG_5463.jpg

Баляслаў Ігнатовіч на саджалцы  «наразае» людзям соткі

Кантроль за пасадкай бульбы – прынамсі, у дзень нашага візіту на варнянскае поле – ускладзены на памочніка брыгадзіра.

– Усё жыццё бяру «соткі» ў калгасе, –  прызнаецца жыхар Варнян Войцех Баляслававіч Гражуль. – Ля хаты з жонкай таксама пасадзілі бульбу, але толькі два шнурочкі. Тут узялі 15 сотак. Заплаціў – і клопатаў не ведай: глебу падрыхтуюць, пасадзяць бульбу, апрацуюць ад пустазелля і шкоднікаў, акучаць, а восенню яшчэ і выкапаюць. Любата!

IMG_5477.jpg

Войцех Гражуль штогод садзіць бульбу на  калгасным полі


Текст:
Фото: Алена Гануліч