Зрабіць дом бяспечным для дзіцяці - абавязак бацькоў

13:12 / 30.04.2018
Апошнім часам у інтэрнэце часта з’яўляюцца навіны аб гібелі дзяцей: малышы глытаюць манеты, батарэйкі, выпадаюць з вокнаў, атрымліваюць апёкі, гінуць на пажарах... Можна бясконца вінаваціць бацькоў у тым, што яны, такія бесталковыя, не дагледзелі дзіця. Аднак, усе мы – жывыя людзі. І немагчыма 1 440 хвілін – менавіта столькі ў сутках – пільна сачыць за малышом, не адыходзячы ад яго ні на секунду. Аднак мы можам і нават абавязаны зрабіць дом бяспечным для дзіцяці. Гэтую важную тэму хацелася б сёння падняць у нашай «раёнцы». Безумоўна, усяго не прадугледзіш, але азы бяспекі мы, бацькі, павінны ведаць.
opasno4.jpg
Вокны
З надыходам цяпла становяцца частымі выпадкі, калі дзеці выпадаюць з   вокнаў. 
Што можна зрабіць? Уста­навіць на вокны спецыяль­ныя дзіцячыя замкі, якія не дазволяць малышу самастойна адкрыць іх. Мы, напрыклад, устанавілі спецыяльныя ручкі з замком. Аднак у гэтым выпадку варта памятаць, што ключы ад замка трэба схаваць ад малыша.
opasno3.jpg
Лекі
Усе мы ведаем, што лекі трэба захоўваць у недасягальным для дзяцей месцы: высока, пад замком і каб з табурэткі яны не маглі дацягнуцца. Думаю, што кожная мама гэта ведае – аднак варта пераправерыць свой дом яшчэ раз. Нават на першы погляд бяспечныя лекі пры перадазіроўцы могуць прывесці да трагічных вынікаў. Ці не стаяць у вас на камодзе дзіцячыя кропелькі ў нос? Калі малыш вып’е сасудазвужальныя каплі, у яго рэзка знізіцца артэрыяльны ціск – жыццё бу­дзе пад пагрозай. 
А ці ведаеце вы, што вітамін Д, які часта прыпісваюць маленькім дзецям, у вялікай колькасці смяротна небяспечны? Ці не пакідаеце вы яго на кухні на стале, каб не забыцца даць малышу? А ў халадзільніку ці не захоўваеце сіропы ад кашлю? 
І будзьце ўважлівымі, калі прыязджаеце ў госці да бабулі: праверце, ці не стаяць лекі ў яе на тумбачцы каля ложка.
opasno1.jpg
Батарэйкі
Вельмі небяспечныя прад­меты – плоскія батарэйкі, якія ёсць у многіх цацках. Іх малышы глытаюць часцей за ўсё. Чым даўжэй батарэйка знаходзіцца ў страваводзе, дзе яна, як правіла, застрае, тым большая верагоднасць прапаліць стрававод і трахею. 
Калі купляеце дзіцяці музычную цацку, упэўніцеся, што адсек для батарэек надзейна зачынены. На ўсялякі выпадак яго можна яшчэ заклеіць скотчам.  Дарэчы, вельмі часта трапляюцца цацкі без шрубаў – малыш з лёгкасцю можа дастаць батарэйкі. Як гэтыя цацкі трапляюць на паліцы магазінаў? Ці на іх не патрэбны сертыфікаты якасці?  
Пульты ад тэлевізара і іншыя электрапрыборы на батарэйках таксама варта заклеіць скотчам.
opasno2.jpg
Бытавая хімія
У прэсе сталі з’яўляцца паведамленні аб выпадках атручвання дзяцей хімічнымі сродкамі, якія ёсць у кожным доме. 
Бытавая хімія выклікае цяжкія апёкі стрававода. Сродкі для чысткі сантэхнікі, пліт, мыючыя сродкі, шклоачышчальнікі, лакі, фарбы, угнаенні, вадкасці для зняцця лаку – усё гэта трэба захоўваць у недасягальным для дзяцей месцы – напрыклад, на верхніх паліцах шафы. 
Я дадаткова склала  ўсе гэтыя сродкі ў пакеты і завязала. Можна купіць спецыяльныя блакатары  на шафкі, аднак я б не раіла ім моцна давяраць: мой двухгадовы малыш паспяхова іх здымае. Не вешайце на ўнітаз дэзадаранты – дзіця можа іх зняць. Прыбярыце асвяжальнікі паветра, лакі для валасоў, каб малыш не пырскнуў сабе ў вочы. Воцат і іншыя небяспечныя рэчывы на кухні захоўвайце на верхніх паліцах. І безумоўна, ніколі не пералівайце бытавую хімію ў бутэлькі ад напіткаў.
opasno.jpg
Апёкі 
Гэта вельмі распаўсюджаная бытавая траўма. Гатуйце ежу на дальніх канфорках. Адразу гэта можа быць нязвыкла, аднак, па майму вопыту, літаральна  за месяц звычка даводзіцца да аўтаматызму. Паварочвайце ручкі патэльні ці каструлі да задняга боку пліты. 
Для духоўкі можна купіць спецыяльныя замкі ці хаця б зачыніць дзверы ў кухню і падставіць да духоўкі табурэтку, калі яна знаходзіцца ў рэжыме гатавання. Ніколі не пакідайце на стале кубкі з гарачымі напоямі! Пакуль дзіця маленькае, варта адмовіцца ад абруса – каб малыш не сцягнуў яго разам з гарачай ежай.  Ну і канешне, для дзяцей павінны быць недасягальнымі запалкі, свечкі, бенгальскія агні, петарды.

Поліэтыленавыя пакеты, 
ненадутыя паветраныя шары, плёнкі пры праглытванні могуць выклікаць абструкцыю дыхальных шляхоў.

Ядавітыя хатнія расліны 
могуць стаць прычынай сур’­ёзных атручванняў – пакуль дзіця маленькае, аддайце іх бабулям ці суседзям. Калядная зорка, азалія, бягонія, цыкламен, фікус, амарыліс, гіпеаструм, клівія, алеандр, плюшч – гэта толькі невялікі спіс ядавітых хатніх раслін, якія можа «пакаштаваць» ваш малыш.

Вострыя прадметы – 
нажы, нажніцы, адвёрткі – павінны захоўвацца ў недасягальных месцах.
Ад удараў аб вострыя вуглы малыша засцерагуць спецыяльныя ахоўныя вугалкі, якія мацуюцца ліпучкамі да небяспечных месцаў.

Электрычны ток 
Пакуль дзеці маленькія, разеткі павінны быць закрыты заглушкамі. Не пакідайце ўключанымі падаўжальнікі. Час ад часу правярайце ізаляцыю электраправадоў, вілак. Прыміце правады, якія ляжаць на падлозе, каб малыш не прагрыз іх. Электрапрыборы пасля выкарыстання адразу выключайце.

Дробныя прадметы 
пры пападанні ў дыхальныя шляхі могуць выклікаць удушша. Завядзіце асобную скрынку, пастаўце яе на верхнюю паліцу і складвайце туды ўсялякую дробязь. Перагледзьце цацкі, адлажыце «на выраст» тыя, ад якіх можна аддзяліць дробныя часткі. У мазаіку, канструктар гуляйце разам з дзецьмі. 
Небяспечныя і магніты, якія могуць сустракацца ў цацках ці магнітнай азбуцы. Магніт можа акісліцца і пашкодзіць кішэчнік. Аднак больш небяспечная сітуацыя, калі малыш праглыне некалькі магнітаў – яны могуць склеіць сценкі кішэчніка і нават прарваць іх. 

P.S. Пакуль пісала гэты артыкул, зразумела, што ў маім доме яшчэ шмат недахопаў у пытаннях бяспекі. А я наіўна лічыла, што ўсё прадугледзела. Пайшла выпраўляць!
Беражыце сваіх дзяцей!

Вольга ШОЎКУН.

Текст: Главный администратор