О главном в своей работе рассказала Надежда Рыбак

12:22 / 28.04.2018
Чым аспірын адрозніваецца ад цытрамону, што лепш здымае галаўны боль і як змагацца з колікамі – на ўсе гэтыя пытанні ведае адказ правізар Надзея Іванаўна Рыбак, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Яна заўсёды сустрэне наведвальнікаў з усмешкай, уважліва выслухае, дасць карысную параду, а калі патрэбна – і падрабязную кансультацыю па медыкаментах. Сакрэт такога адказнага падыходу да сваіх абавязкаў вельмі просты: жанчына ўпэўнена, што галоўнае ў яе рабоце – дапамога людзям. 

IMG_3152.jpg

Агеньчыкі азарту ў вачах, шчырая зацікаўленасць і асаблі­вая інтанацыя, калі размова ідзе пра работу, без лішніх слоў сведчаць: Надзея Іванаўна любіць сваю работу. Дарэчы, вызначыцца з прафесійным выбарам жанчыне дапамаглі не сяброўка, настаўніца ці яна сама, а бацька – Іван Часлававіч Сыс. 

– Мне было 3 гады, калі не стала мамы, – успамінае Надзея Іванаўна. – Мы жылі ў Вільнюсе, але пасля таго, як засталіся з татам удваіх, пераехалі на яго радзіму – у Астравец. Тут я скончыла сярэднюю школу №2 і рыхтавалася да паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт – хацела стаць педыятрам. Праўда, спачатку марыла аб прафесіі мадэльера: шыццё, вязанне, вышыўка – былі маім хобі. Але тата заўсёды гаварыў: «Вязаць і шыць ты заўсёды зможаш, а вось вылечыць чалавека – што можа быць важней за гэта?!» – Я вырашыла, што мае рацыю – і стала рыхтавацца да паступ­лення. 

Аднак для залічэння ў мед­універсітэт Надзеі не хапіла аднаго бала.

– Знаёмая падказала, што ў раённай аптэцы даюць накіраванне на фармацэўта, і параіла звярнуцца туды, маўляў, там амаль як у бальніцы: белы халат, лекі, рэцэпты, – працягвае расказваць Надзея Іванаўна. – Так лёс звёў мяне з тагачаснай загадчыцай раённай аптэкі, Настаўнікам з вялікай літары і проста цудоўным спагадлівым чалавекам, з якім мне пашчасціла пасля працаваць, – Людмілай Пятроўнай Слушко. Дзякуючы ёй, я літаральна з першых хвілін натхнілася справай і ўпэўнілася ў правільнасці свайго выбару. 

Магілёўскі медыцынскі каледж, завочнае аддзяленне Віцебскага медуніверсітэта – гады вучобы праляцелі хутка: з фармацэўта Надзея Іванаўна «вырасла» да правізара. Пераход ад тэорыі да практыкі не прынёс непрыемных сюрпры­заў – ёй сапраўды падабалася яе прафесія. Сёння Надзея Іванаўна ўдзячна бацьку за тое, што выгадаваў і накіраваў на правільны шлях. 

– Цікава і адначасова вельмі адказна было займацца вытворчасцю лякарстваў, – успамінае жанчына. – Гэта цяпер большасць прадукцыі паступае ў гатовым выгля­дзе, а раней трэба было самім змешваць растворы, рыхтаваць мікстуры і мазі. Кожны раз хвалявалася: а раптам штосьці не так зрабіла? Але больш за ўсё мне падабаецца рэалізоўваць медыкаменты.

– Работнікі аптэкі – своеасаб­лівае звяно паміж урачом і пацыентам. А некаторыя наведвальнікі параўноўваюць нас з дактарамі, просяць параіць тое ці іншае лякарства. І калі пасля яны заходзяць, каб падзякаваць за параду – разумееш, што знаходзішся на сваім месцы. 

– Канешне, не ўсе людзі заходзяць у аптэку ў добрым настроі, але іх таксама можна зразумець: калі праблемы са здароўем, то не да жартаў. Таму я ўпэўнена: не бывае дрэнных людзей – яны бываюць хворыя, раздражнёныя ці стомленыя.  Наша задача – дапамагчы ім.

Так і працуе Надзея Іванаўна, сустракаючы наведвальнікаў з усмешкай ды карыснай парадай. Не так даўно жанчына змяніла месца працы: з дзяржаўнай раённай аптэкі №95 перайшла ў прыватную. Аднак свайму прынцыпу, які калісьці падказаў ёй бацька, не здра­джвае: па-ранейшаму галоўным у сваёй рабоце лічыць дапамогу людзям. 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич