На пяць пытанняў аб галоўным адказваюць Валерый Весялоў і Раман-Зянон Бразевіч

10:00 / 27.04.2018
2222

Вяскоўцы завіхаюцца на палях і фермах з раніцы да вечара часта –без выхадных. Гэта, безумоўна, цяжка. Але ёсць людзі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без нівы, водару свежаскошанай травы і вуркатання трактарнага матора…

З катэгорыі такіх – жылістых, працавітых, самааданых – трактарыст-машыніст  КСУП “Гервяты” Валерый Аляксеевіч Весялоў і вадзіцель КПУП “Астравецкая сельгастэхніка” Раман-Зянон Іванавіч Бразевіч.

 Ім мы прапанавалі адказаць на пяць пытанняў аб галоўным.

1. Якім быў ваш шлях у прафесію?

2. Раскажыце пра свой працоўны дзень.

3. 2018-ты аб’яўлены Годам малой радзімы. Які ён,  “ваш куток, дзе рэзаны пупок”?

4. Што б хацелася змяніць у рабоце і прафесіі?

5. Пра што марылі, калі пачыналі працаваць у сельскай гаспадарцы і пра што марыце зараз?

IMG_4605.jpg

Валерый Аляксеевіч ВЕСЯЛОЎ, трактарыст-машыніст МТК “Дайлідкі” КСУП “Гервяты”:

1. Вучыўся ў Ашмянах. Пасля 8 класаў паступіў на трактарыста ў Ашмянскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Як і кожнаму падлетку, хацелася быць самастойным, дарослым. У 1987 годзе забралі ў армію – трапіў у Афганістан. Служыў у Ашхабаце. За  год пасталеў дзесяць на гадоў, а то і больш. У лютым 1989 года, калі савецкія войскі вывелі з Афганістана, вярнуўся да жонкі і дачкі.

З Тарэсай пазнаёміліся ў вучылішчы. І так мне  яна спадабалася: калі пасля году службы ў арміі прыехаў дадому ў адпачынак, паклікаў замуж – яна згадзілася… Разам ужо трыццаць гадоў. Столькі ж часу працую і ў гаспадарцы. Як сеў на трактар, так з яго і не злазіў.

2. На малочна-таварным комплексе “Дайлідкі” працую з 2013 года, калі нашу гаспадарку аб’ядналі з “Гервятамі”. Мае працоўныя дні, бы блізняты, падобныя адзін да аднаго.

Будзільнік стаўлю на 4.20. У 5.15 я ўжо каля склада. Загружаю канцэнтраты – пачынаю карміць жывёлу – а гэта каля двух тысяч галоў. Каровы падзелены на групы ў залежнасці ад надояў і лактацыі: высокапрадукцыйныя атрымліваюць больш канцэнтратаў, сухастойныя – больш саломы і сенажу. Кароў кармлю тры разы на дзень, цялушак – два. Працую на новым кормараздатчыку “Гаспадар”.

Мая зарплата залежыць ад надояў і прываг. Галодную жывёлу лёгка накарміць, а вось як прымусіць есці сытую? Пытанне не з лёгкіх.

У  КСУП “Гервяты” добрыя кармы. Наш комплекс “плюсуе” па надоях. Хутка травіца зазелянее – малако пойдзе ўгору. Толькі дожджык трэба…

На комплексе “Дайлідкі” працуе жывёлаводам і мая жонка. Калі выдаецца вольная хвілінка, стараюся ёй дапамагчы.

3. Сваёй радзімай лічу Дайлідкі. Хоць і не тут нарадзіўся, але ў гэтай вёсцы прайшлі лепшыя гады майго жыцця.

…Напачатку 90-х нам з жонкай – тады мы жылі разам з цешчай – праўленне калгаса выдзеліла недабудаваны дамок. Пачалася перабудова. Самі даводзілі жыллё да толку, потым выкупілі дом, сад пасадзілі. На кожным лапіку зямлі ўсё зроблена нашымі рукамі.

Мы з Тарэсай нарадзілі і паставілі на ногі трох дзяцей: сына Дзмітрыя, дачушак Алу і Алёну. Маем шасцёра ўнукаў… Часам думаю: як склалася б наша жыццё, калі мы жылі не ў Дайлідках? Тут, можна сказаць, я стаў сапраўдным мужчынам: хоць не з нуля дом пабудаваў, але давёў яго да толку, выгадаваў дзяцей, пасадзіў сад.

4. Работа мне падабаецца. Нічога не мяняў бы, акрамя таго, каб можна было крыху пазней прачынацца. Жартую, канешне. (Усміхаецца). За столькі гадоў ўжо прывык. Ды і жывёла не будзе стаяць не кормленай…

5. Калі пачынаў працаваць у калгасе, марыў пра ўласнае жыллё – каб у нас з жонкай быў свой дом. Як бачыце, мара ажыццявілася.

Чаго хачу зараз? (Задумваецца) Галоўнае, каб добра складвалася жыццё ў дзяцей і ўнукаў, каб яны былі здаровымі – а мне нічога не трэба. Калі прыязджаюць унукі, адчуваю сябе маладым. Шчабечуць, больш ста пытанняў у хвіліну задаюць – у такія моманты асабліва востра разумееш, што дзеля іх і варта жыць, што гэта – і ёсць шчасце.

Бразевіч.jpg 

Раман-Зянон Іванавіч БРАЗЕВІЧ, вадзіцель КПУП “Астравецкая сельгастэхніка”:

1. Працоўную дзейнасць пачаў уВарнянскай сельгасхіміі: працаваў на трактары ГАЗ-52, на ЗІЛе. Ліхія 90-я падкасілі наша прадпрыемства: касцяк работнікаў перайшоў у сельгастэхніку, да якой пасля далучылі і сельгасхімію.

Чаму вырашыў працаваць у сельскай гаспадарцы? З маленства ведаў, што сваё жыццё звяжу з тэхнікай. Мама працавала ў калгасе брыгадзірам, тата – трактарыстам. Вось радасці было, калі ён браў мяне да сябе ў кабіну! А цяпер ўнук Ягорка ўсё просіцца, каб я даў яму патрымацца за руль. (Усміхаецца) Відаць, у мужчын любоў да тэхнікі ў крыві.

Чаго толькі я не перабіраў: і веласіпеды, і матацыклы… Пасля заканчэння Гозскай школы адвучыўся ў Камарове, дзе атрымаў “корачкі” трактарыста, шафёра і слесара – на той час там выпускалі спецыялістаў з трыма спецыяльнасцямі.

2. Вечарам бяру пуцёўку, бо з 6 гадзін раніцы я ўжо за “рулём”. Возім кармы ў Падольцы і Варняны з Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. За дзень раблю адзін рэйс – кіламетраж вялікі. Дадому вяртаюся каля 6 гадзін вечара.

 Няма тых работ у гаспадарках, на якіх не працуюць вадзіцелі сельгастэхнікі. Зімой важу арганіку, камбікорм, летам і восенню – збожжа, буракі…

3. Мая маленькая радзіма – Шульнікі. Некалькі хацін толькі засталося, а раней ледзьве не ў кожнай хаце гучаў дзіцячы смех. Шкада, што вёскі выміраюць, а моладзь у пошуках лепшага жыцця выязджае ў горад. Калі былі жывыя бацькі, у Шульніках і Авенах каля 60 кароў было, а зараз ужо няма каму трымаць: людзей не засталося. За бацькоўскай хатай даглядаем мы з братам Леанідам: вясной прыбіраем смецце, летам абкошваем.

Жыву з сям’ёй у Астраўцы. Разам з жонкай Людмілай выгадавалі траіх дачушак Лену, Аню, Надзю. І ўнукаў дачакаліся, іх у нас пяцёра – так што я багаты дзядуля. (Усміхаецца).

4. Работа мне падабаецца. Змяніць хацеў бы, напэўна, толькі рабочую машыну.

5. У маладосці хацелася больш пакатацца, паглядзець, як у іншых мясцінах людзі жывуць. А цяпер куды адправяць – і добра. Пра што я мару?  Гэта жанчынам уласціва марыць, а мы, мужчыны, жывём сённяшнім днём: прачнуўся здаровы – і дзякуй богу. Хочацца толькі, каб здароўе было ў маіх родных і блізкіх – гэта галоўнае.

 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений