Нешта з памяццю маёй стала...

14:18 / 25.08.2010

Памяці чалавека ўласціва забыўлівасць: забыў перакрыць газ – узарваўся дом, забыў патушыць недакурак – згарэла кватэра, пакінуў без нагляду кастрышча – запалаў сарай... І кожны раз чалавечая забыўлівасць і абыякавасць прыносяць бяду, фінальным акордам якой становіцца смерць.


Апошнім часам назіраецца дрэнная тэндэнцыя: чалавек вырашае прыгатаваць сабе ежу, ставіць патэльню або каструлю на газавую пліту і ідзе адпачываць. І ўспамінае пра свой абед або вячэру толькі, калі пакой запаўняецца едкім дымам.
У гэтым годзе падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях ужо тры разы выязджалі на падобныя здарэнні. Апошні раз такі выклік адбыўся 12 жніўня ў вёску Кулішкі Варнянскага сельсавета, дзе забыўлівасць 76-гадовага пенсіянера прывяла да страты ім сваёй вячэры і задымлення памяшкання.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадвае: звычайна людзі на пажарах гінуць не ў полымі, а ад едкага дыму, таму, каб паклапаціцца аб сваіх родных і блізкіх, рэкамендуецца набыць і ўстанавіць ў кватэры аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.