Як Апэшка ў бібліятэку хадзіла

10:19 / 17.04.2018
908
АПэшка радость.jpgНядаўна я вам расказвала, як я кніжкі купляла. Дык вось, мае бацькі-журналісты вельмі падтрымалі гэты мой новы інтарэс – сказалі:  калі буду многа чытаць, то, магчыма, калі вырасту, таксама журналістам стану, як яны. Во як! 

І сталі яны мне кніжкі купляць, і нават заказваць – у гэтым, як жа яго…у  інтэрнэце! Цяпер усё, што захочаш, могуць прывезці дадому – былі б грошыкі. А вось дарослым іх чамусьці ніколі не хапае... І калі я зноў папрасіла купіць мне кніжку і цацку, бацькі сказалі, што ў іх не такія вялікія зарплаты і што я павінна выбраць нешта адно. Вы жартуеце? Выбраць паміж кніжкай пра кошку Мяўлі і любімым шчаням Гончыкам са «Шчанячага патруля»? Гэта ўсё роўна, што выбіраць у краме чупа-чупс ці кіндар-сюрпрыз. Здзек, ды і толькі! 

І журналісты купілі мне цацку. А каб пачытаць новую кніжку, прапанавалі запісацца ў дзіцячую бібліятэку, якая адкрылася не так даўно ў новым мікрараёне – за бальніцай. Аказваецца, бібліятэка – гэта такое месца, дзе можна браць кніжкі бясплатна! Здорава, праўда? Хаця… Калі ў Астраўцы і ў магазінах выбар кніжак невялікі – то якія ж кніжкі там можна ўзяць бяс­платна? Мабыць, часоў маёй бабулі, з жоўтымі старонкамі ды чорна-белымі малюнкамі. Добра, праверым… 
Калі я прыйшла ў гэтую бібліятэку, то рот разявіла ад здзіўлення. Па-першае, знаходзіцца яна ў такім прыгожым доме, якіх у Астраўцы я не бачыла. І ўнутры бібліятэка светлая і ўтульная. А колькі там кніжак! І не з пажоўклымі старонкамі і чорна-белымі малюнкамі, як я баялася, а новенькіх, якія пахнуць смачна-смачна, рознакаляровых і такіх цікавых! 

Я адразу кінулася да паліцы з кніжкамі і часопісамі пра фей Вінкс. Вы не ведаеце, хто гэта? Ды зараз усе дзяўчынкі іх абажаюць! Нават мульцік такі ёсць! Але адна справа – мульцік, а зусім іншая – кніжка… А яшчэ я выбрала кніжку пра сваю любімую Марусю: яна – разумная дзяўчынка, многаму вучыцца, а я вучуся ў яе. Напрыклад, я ўжо ведаю, як зварыць суп ці спячы хлеб. А яшчэ Маруся мне расказала, што насякомых на зямлі больш, чым усіх звяроў, разам узятых. 

IMG_20180314_114154.jpg

 Што ж яшчэ выбраць? Вочы прос­та разбягаюцца. Можа, «Разумную сабачку Соню» і «Вожыка ў тумане»? А вось кніжка, пра якую я даўно марыла, – «Тата, мама, бабуля, восем дзяцей і грузавік». І яна ёсць у бясплатнай бібліятэцы? Цуд, дый толькі! Гэта гісторыі пра адну вялікую сям’ю, у іх было зусім мала грошай, аднак яны жылі весела і дружна і заўсёды дапамагалі адзін аднаму. 

А вось паліца з казкамі і вершамі на беларускай мове. Я добра размаўляю на нашай роднай мове – мяне бацькі-журналісты вучаць. А некаторыя мае сяброўкі, калі я ім штосьці скажу па-беларуску, не разумеюць, аб чым гэта  я. Нібыта я нейкі чужаземец ці з Месяца звалілася. Вось абавязкова  параю ім запісацца ў дзіцячую бібліятэку і ўзяць кніжку з казкамі на беларускай мове – яны такія цікавыя!

Некаторыя кніжкі – вялікія, прыгожыя, з гладзенькімі старонкамі, якія называюцца такім складаным словам… энцыклапедыя. А вось невялікі пакойчык з цацкамі. Пачытаў – можна крыху і пагуляць. Ну як жа мне тут падабаецца!

На зваротнай дарозе можна нават зайсці ў кафэ, што знаходзіцца ў гэтым жа прыгожым доме. Але адну мяне туды не пусцілі – папрашу  бацькоў-журналістаў, каб завадзілі, – потым, калі ўсе свае пяць кніжак прачытаю. І вам абавязкова раскажу, як там усё было!

 А пакуль што – пакуль.
Пішыце лісты – чытаць я ўжо ўмею!

Ваша АПэшка.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений