Сёння ў Астравецкім раёне распачаўся тыдзень лесу

18:08 / 14.04.2018

Сёння сотні нераўнадушных да роднага краю людзей з самай раніцы далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, якую сёлета лесаводы прысвяцілі Году малой радзімы і аднаўленню пацярпелых ад насякомых лясоў.

IMG_4183.jpg

На шчасце, Астравеччыну не закранула праблема нашэсця караеда, тым не менш садзіць лес – не толькі клопат лесаводаў, але і добрая справа, якую кожны год падтрымліваюць жыхары і госці нашага раёна.

Па папярэдніх дадзеных, толькі ў першы дзень акцыі садзіць лес і прыбіраць яго ад смецця выйшлі каля 250 чалавек. На заклік лесаводаў адгукнуліся школьнікі і настаўнікі, работнікі атамнай станцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пагранічнай службы, актывісты грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На працягу тыдня далучыцца да акцыі і ўнесці свой уклад у аднаўленне лясоў плануюць дэпутацкі корпус і працоўныя калектывы.

IMG_4193.jpg

Увесь пасадачны матэрыял, што называецца, свой – мясцовай гадоўлі: двухгадовыя сеянцы сасны і саджанцы бярозы вырашчаны ў лесагадавальніку, якому, дарэчы, летась было прысвоена званне “Узорны”. У лесагадавальніку папярэдне падрыхтаваныя прыкапаныя ў глебу сеянцы чакалі свайго часу адпраўкі на лесасекі…

IMG_4250.jpg

– Па ініцыятыве Мінлясгаса акцыя “Тыдзень лесу” праводзіцца 11 год запар. Асноўная мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці да справы дзяржаўнай важнасці – аднаўлення нашых лясоў, – расказаў галоўны ляснічы ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Віктар Георгіевіч Лях, пад яго кантролем на лесагадавальніку  працавалі актывісты.

Разбіўшыся ў пары і “ўзброіўшыся” спецыяльнай прыладай для пасадкі лесу – мячом Колесава, людзі  садзілі лес. І гэта, да слова, у іх атрымлівалася хутка і зладжана.

IMG_4182.jpg

– Садзім лес на месцы рубкі галоўнага карыстання, – расказвае галоўны ляснічы Варнянскага лясніцтва Анатоль Андрэевіч Карнэлік. – Сёння нашаму лясніцтву дапамагаюць каля ста чалавек. Шчыра скажу, не думаў, што так хутка справімся!

Cёлета лесаводы плануюць пасадзіць лес на плошчы 250 гектараў, з якіх – 60 гектараў падчас “Тыдня лесу”. Толькі за першы дзень акцыі на 20 гектарах зазелянелі далікатныя маладыя сасонкі на пару з бярозкамі…

IMG_4221.jpg

IMG_4231.jpg

IMG_4242.jpg

IMG_4265.jpg

IMG_4270.jpg


Текст:
Фото: Алена Гануліч, Антон Мальшевскій