Навіны Астравецкага лясгаса

10:36 / 13.04.2018
Наведаўшы экала­гічную сцяжыну «У Альбекаў», якая праходзіць праз вальеры Астравецкага лясгаса, можна ўбачыць прыгожых грацыёзных дзікіх жывёл. Некаторыя наведвальнікі не абмяжоўваюцца экскурсіяй. Нядаўна расійскі прадпрымальнік набыў 20 еўрапейскіх ланяў і 20 муфлонаў, а яшчэ ў бліжэйшы час 10 муфлонаў набудзе Гроднажылбуд.

лань европейская.jpg

Астравецкі лясгас адзін з першых сярод дзяржаўных лесагаспадарчых устаноў пачаў развіваць вальерную гас­падарку і разводзіць ланяў еўрапейскіх, плямістых і высакародных але­няў, муфлонаў. Паспяховае развіццё па­ляў­нічай гаспадар­кі дазво­ліла значна павялічыць папуляцыю гэтых жывёл.

– Рэалізацыя жывёлы, якая ўтрымліваецца ў вальерах, –  складаны працэс, – тлума­чыць намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэала­гічнай рабоце Пётр Зяно­навіч Крупенчык. – Спачатку зарэ­гістравалі вальерную гаспадарку ў рэестры Мытнага саюза, потым правялі аналіз крыві на прадмет інфекцыйных хвароб. Пасля ўсіх нюансаў прадпрымальнік уласным транспартам забраў клеткі з жывё­лінамі.

Да слова, лані, якія змянілі астравецкую прапіску на смаленскую, прынеслі лясгасу 48 тысяч рублёў. 

Многія яшчэ памятаюць  навіну аб тым, як на падворак адной з вуліц Астраўца прыйшоў воўк. Барацьбу з  гэтым хітрым і моцным зверам працягваюць паляўнічыя.
Так званы жывёльны пера­піс, які праходзіць зімой, выя­віў на тэрыторыі лесапаляўнічых угоддзяў лясгаса 6 асобін ваўка. За 2018 год ужо здабыта 2 драпежнікі. У лідарах – егер Станіслаў Пашкевіч і апантаны паляўнічы Вадзім Міхцееў.

Экалагічны турызм – адзін з новых пер­спек­тыўных накі­рун­каў работы лясгаса, які нядаўна выйграў грант ад акцыянернага таварыства «Інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт» на  развіццё экалагічнай сцяжыны.
На атрыманыя сродкі былі набыты аб’ёмныя ЗD-мішэні для стральбы з лука. Праверыць сваю трапнасць на «лісе», «кабане», «рысі» і іншых макетах жывёл можа кожны ахвочы.

Текст:
Фото: Алена Гануліч