Якія кветкі – такая і памяць

10:49 / 12.04.2018
1
– Навошта вы траціце грошы, «пачкамі» скуп­ляючы штучныя кветкі? Яны прыгожыя – але халодныя, шмат каштуюць – але мёртвыя! – ушчуваў маладзенькі ксёндз тых, хто сабраўся каля каплічкі, каб памаліцца за дзядоў, бацькоў, сясцёр ці дзяцей, каб нагадаць ім, даўно спачылым ці толькі нядаўна пакінуўшым свет, што пра іх памятаюць і любяць. – Кветкі павінны быць жывымі, і іх не павінна быць шмат!

bigstock-Flowers-And-Cemetery-4898980.jpg

Ціхае шушуканне прысутных падказала: не ўсе былі згодныя cа словамі святога айца. І я таксама – пакуль успамінала, колькі прыйшлося заплаціць за пяць невялічкіх рознакаляровых «пучкоў», якія ўпрыгожылі магілкі маіх дзядуль, бабуль і хроснага бацькі. І колькі прыходзіцца траціць кожны год. Але ж мне не шкада грошай – тыя, каго, на жаль, ужо няма побач, кожны дзень аддавалі мне сваю любоў, дабрыню, вопыт, час – тое, што не купіш ні за якія грошы… 

А потым акінула поглядам магілкі – і маё нямое абурэнне словамі ксяндза ўляглося.

Сярод стракатых плям-магілак, густа ўтыканых пластыкава-тканевымі кветкамі рознага памеру – якія, здавалася, так і крычалі «вось колькі нас – тых, хто памятае!» – выдзяляліся чысцінёй і, як некаторыя скажуць, беднасцю невялікія, амаль «голыя» бугаркі. Вось гэты – усяго толькі прыкрыты мяккім зялёным «дзірванчыкам», старанна прычасаным валасок да валаска. Пад тым, свежа пакрытым фарбай-серабранкай, бачна, ужо не першы год нехта спачывае – але паглядзіце, як гусценька яго пакрыў дэкаратыўны мох, пасаджаны і «падстрыжаны» чыёйсьці клапатлівай рукой. А на гэтай магілцы і далёка вакол яе няма ніводнай «дзікай» травінкі – толькі мяккі пясочак і акуратныя хвойныя шарыкі ў нагах памерлага. На іх няма кветак – ні штучных, ні жывых. Але адразу бачна, што тут ёсць клопат і памяць.

Каб упрыгожыць месца пахавання штучнымі кветкамі, дастаткова іх купіць і «ўтыкнуць» у зямлю – зробіш за хвіліну. А аднавіць  іх «колер» можна і праз год. 
Канешне, далёка не ўсе маюць час, магчымасць ці сілы прыйсці або прыехаць так часта, як хацелася б. Але іх усё роўна менш, чым тых, хто не хоча… Аднак бываць ці не бываць – справа кожнага, іх унутраная неабходнасць і сумленне. 

Скажу ад сябе. Я не супраць прыгажосці на магілках – я за іх чысціню, за чысціню думак і дзеянняў. Для мяне памяць вымяраецца не ў колькасці, яркасці і дарагавізне кветак або свечак, а ў патрэбе душы паехаць і прыбрацца. Таму не разумею тых, хто, сустракаючы сяброўку, суседку ці аднавяскоўку, папракае: «Ты, мабыць, даўно ў бабулі была – на яе магілцы зусім пус­та».  Не хвалюйцеся: яна была там шмат разоў. Там не пуста – там чыста. Проста яна, як і той маладзенькі ксёндз, лічыць: якія кветкі – такая і памяць.

…А можа, правільна робяць «зялёныя», што б'юць трывогу,  змагаючыся са штучнасцю?

Текст: