Ваколспартыўныя баталіі – на інтэрнэце і ў газеце

14:45 / 17.08.2010
На сайце “Астравецкай праўды” ў каментарыях да фотарэпартажу аб адкрыцці ў Астраўцы міні-футбольнага поля адзін з наведвальнікаў безапеляцыйна заявіў, што спорту ў нас не было, няма і, хутчэй за ўсё, не будзе — ён загінуў. І адна-дзве спартыўныя падзеі ў год – не нагода для радасці.
Думка наколькі катэгарычная, настолькі ж і спрэчная. І таму мы вырашылі пагаварыць пра сённяшні стан астравецкага спорту і фізкультуры з людзьмі, якія жывуць ім, а не аплакваюць “заўчасна загінуўшага” недзе ў піўным бары. І для гэтага запрасілі ў гасцёўню “Візаві” загадчыка фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Вадзіма Лебядзевіча і начальніка ПМС, вядомага аматара футболу Вадзіма Вянгроўскага.

—Як вы ацэньваеце стан развіцця спорту ў нашым раёне? Ці згодны са сцвярджэннем, пакінутым невядомым аўтарам на сайце, што “Спорту ў нас не было, няма і ніколі ўжо не будзе”?
Вадзім Лебядзевіч:
—Катэгарычна не згодзен! Спорт у нас быў і ёсць, а ў апошнія чатыры гады, калі аддзел узначаліў Сяргей Віктаравіч Шэін, ён развіваецца вельмі імкліва. Можна ўзгадаць хоць бы адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Гервятах, тэніснага корту ў Падольцах, міні-футбольнага поля, спартыўнай залы ў Астраўцы. І няпраўда, што пра яе ніхто не ведае – хай бы прыйшоў да нас чалавек, які гэта напісаў, у любы з зімовых вечароў і паглядзеў, што робіцца ў зале. Ды ў нас практычна няма ніводнай “фортачкі” з 17 гадзін і да позняга вечара! Прыходзяць займацца групы з пошты, ДРБУ, мытні, і ўвогуле ўсе жадаючыя. Гэта пры тым, што ў нас былі праблемы з ацяпленнем. Сёлета плануем падвесці ў спартыўную залу газ, і наведвальнікаў стане яшчэ больш.
Канешне, можна сказаць, што для Астраўца адной залы недастаткова і яна малая, але ж давайце ўзгадаем, што пару гадоў назад і такой не было. І трэба быць рэалістамі: немагчыма ўсё зрабіць адразу.
Вадзім Вянгроўскі:
—Спорт будзе існаваць незалежна ад таго, як нехта – вы, я, хтосьці трэці — ацэньвае стан яго развіцця. Калі чалавек хоча займацца, то ён знойдзе любую магчымасць – у крайнім выпадку зробіць турнік і стане падцягвацца.
Хоць увогуле ў нашым раёне ў апошнія гады вельмі шмат робіцца для развіцця спорту. Успомніце хоць бы тыя аб’екты, што былі ўведзены: спартыўная зала, міні-футбольнае поле, стадыён абнавіўся… Вось толькі лаўкі для гледачоў падчас рамонту зніклі – гэта дрэнна, бо на некаторыя матчы раённага чэмпіянату па вялікім футболе прыходзіла да сотні гледачоў.
Да слова: прадпрыемства меліярацыйных сістэм за развіццё фізкультурна-масавай работы тры гады запар – у 2007, 2008 і 2009 гадах – займала першыя месцы. І гэта пры тым, што ў нас працуюць далёка не самыя маладыя людзі. У футбольнай камандзе, можна сказаць, усе ветраны, ад 32 гадоў і старэй. Але калі людзям цікава, то яны гэтым займаюцца.
—Якія спартыўныя падзеі апошняга часу ў нашым раёне вы б маглі прыгадаць?
Вадзім Лебядзевіч:
—Ну хоць бы нядаўні міжнародны баскетбольны турнір, калі да нас у раён прыехалі баскетбалісты з многіх еўрапейскіх краін – гэта быў вельмі салідны ўзровень гульні. І, як адзначылі госці, — яго арганізацыі. Мы кожны год праводзім таварыскія сустрэчы па футболу з літоўскім клубам “Лентварыс” – яны прыязджаюць да нас, мы ездзім да іх. Калегі ў вобласці нават зайздросцяць мне, кажуць, што яны пра гэта могуць толькі марыць.
Ды ўвогуле, калі паглядзець каляндарны план спартыўных спаборніцтваў дзяцей і дарослых, то ў нас на працягу года можа толькі пару вольных выхадных і выпадае — усе занятыя спаборніцтвамі. І на абласныя мы ездзім ужо далёка не ў якасці “хлопчыкаў для біцця”, як раней. Наадварот: калі каманда ці спартсмены прыязджаюць без прызавога месца, то гэта ўжо неяк нязвыкла, адразу ўзнікае пытанне: а чаму?
Вадзім Вянгроўскі:
—Так, “на ўскідку”, можна прыгадаць веснавы кубак па міні-футболу, у якім, дарэчы, наша каманда заняла другое месца. У раённым чэмпіянаце па вялікім футболе мы былі трэцімі. Цікава праходзілі сустрэчы паміж ветэранамі футбола Астраўца і Міхалішак. Вясенні крос у Варнянах. Увогуле, у раёне праводзіцца круглагадовая спартакіяда, якая насычана самымі рознымі спаборніцтвамі.
І нашы юныя спартсмены – баксёры, лёгкаатлеты – вельмі ўдала выступаюць на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтвах. Калі б у раёне было такое плачэўнае становішча з развіццём спорту, як пішуць невядомыя “каментатары” на вашым сайце, то гэтых перамог не было б.
—А якія праблемы ў развіцці фізкультуры і спорту ў раёне вы бачыце?
Вадзім Лебядзевіч:
—Ну канешне, матэрыяльная база ў нас яшчэ недастатковая. Канешне, для Астраўца адной спартыўнай залы недастаткова. Але нам перадалі будынак былой міліцыі, там цяпер вядзецца рамонт, і неўзабаве і там з’явяцца новыя спартыўныя аб’екты.
Хацелася б, каб да нас прыязджала больш маладых спецыялістаў, якія займаліся б развіццём спорту з веданнем справы. Спаборніцтваў можна было б больш арганізаваць, па розных відах спорту. Вось мы правялі на Янаўскім вадасховішчы турнір па пляжным валейболе – было вельмі цікава. Такі ж можна правесці, скажам, па бадмінтону…
Задум шмат – і з цягам часу яны ажыццяўляюцца.
Вадзім Вянгроўскі:
—Мне б вельмі хацелася, каб у нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе нарэшце з’явілася секцыя футбола – усё ж гэта самы масавы, можна сказаць, народны від спорту. Тады б, магчыма, у раёне з’явілася салідная футбольнай каманда, якая б магла ўдзельнічаць у абласным ці нават нацыянальным першынстве. Каб больш прыходзіла ў спорт зацікаўленых людзей, энтузіястаў, які рухаюць любую справу – ну і адпаведна іх трэба ўсяляк падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна.
Канешне, сёння ў Астраўцы няма ні басейна, але шмат хто не супраць зрабіць бассейны для дачи, ні лядовага палаца, але калі ў нас пабудуюць горад энергетыкаў, то ўсё гэта, я думаю, з’явіцца. А сёння патрабаваць усяго адразу можа толькі недасведчаны чалавек, бо такія аб’екты патрабуюць вельмі вялікіх грошай.
—А вы самі якім відам спорту займаецеся? І дзе?
Вадзім Лебядзевіч:
— Я люблю футбол, трэнірую школьнікаў 1997-1999 гадоў нараджэння. У гэтым годзе планую набраць малодшую групу.
А так, для сябе – хаджу на тыя ж трэнажоры ў спартыўную залу. Люблю экстрэмальныя віды спорту, удзельнічаю ва ўсіх турзлётах. Спартыўную форму стараюся заўсёды падтрымліваць – у Астраўцы для гэтага ёсць усе магчымасці.
Вадзім Вянгроўскі:
—Я з дзяцінства “хварэю” футболам. У свой час мяне запрашалі гуляць у каманду Смаргоні, але я ў той час якраз паступіў вучыцца – прыйшлося адмовіцца. Аднак з футболам сябрую па-ранейшаму.
Увогуле люблю ўсе ігравыя віды спорту – баскетбол, валейбол. Пасіўныя заняткі – гэта не зусім маё.


Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.