Аляксандр Ляховіч – пераможца Кубка Рэспублікі Беларусь
Напачатку красавіка ў Гомелі прайшоў кубак Рэспублікі Беларусь па спартыўнай хадзьбе, а таксама рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе “Нашы надзеі”. Наш зямляк Аляксандр Ляховіч здабыў упэўненую перамогу на сваёй кароннай дыстанцыі – 20 кіламетраў.
Спартсмен фінішыраваў не з асабістым рэкордам – такой мэты не было, але паказаў на дыстанцыі добры час – 1:21:53.
– Зараз у мяне падрыхтоўчы перыяд. Наперадзе – Чэмпіянаты свету і Еўропы, – у тэлефоннай размове расказаў Аляксандр. – Сваім выступленнем задаволены. Пятнаццаць кіламетраў “прайшоў” лёгка, на апошніх кіламетрах было складана дыхаць. Ёсць і яшчэ адна прыемная навіна: у Мінску ў 2020 годзе пройдзе камандны чэмпіянат свету па спартыўнай хадзьбе.
Нагадаем, што спаборніцтва, на якім перамог наш зямляк, з’яўляецца адборачным на камандны чэмпіянат свету па спартыўнай хадзьбе – ён пройдзе ў кітайскім горадзе Цяньчане з 5 па 6 мая.
Віншуем Аляксандра з перамогай і жадаем новых спартыўных вяршынь!