Пра ферму “Міхалішкі” расказвае яе загадчыца Ганна Бернюкевіч

15:52 / 03.04.2018
1
Той, хто некалі пры­думаў назваць жанчын слабым полам, моцна па­мыліўся. Мно­гія з прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва гарманічна спалучаюць у сабе некалькі іпастасяў: яны і любячыя жонкі, і клапатлівыя матулі, і руплівыя га­спадыні, і пра­фе­сія­нальныя пра­­­цаў­ніцы… За­с­та­ец­ца толькі дзі­ву да­вацца, як яны ўсё паспяваюць!

З такой кагорты жанчын – праца­ві­тых, гаспадарлівых, адказных – загадчыца малочна-таварнай фермы «Міхалішкі» Ганна Станіславаўна Бернюкевіч.

IMG_3433.jpg


У раёне большая частка вы­т­ворчасці малака нале­жыць малочна-таварным комплексам, дзе ўсе тэхналагічныя працэсы кантралююцца камп’ю­­тарам, а для работнікаў створаны добрыя ўмовы працы: ёсць дзе паабедаць і прыняць пасля змены душ. На фоне сваіх малодшых, але куды больш сучасных братоў, малочна-таварныя фермы выглядаюць менш прэзентабельна, але і тут кіпіць жыццё, утрым­ліваецца жывёла і працуюць людзі. Яскравае таму сведчанне – малочна-таварная ферма «Міхалішкі».

Дастаткова толькі збочыць з дарогі, праехаць з паўкіламетра, каб трапіць на аднайменную з вёскай ферму. Гэта мы і зрабілі адным сакавіцкім днём, каб даведацца, як і чым жыве яна ў міжсезонне. 

IMG_3436.jpg


Людзі і лічбы

На гадзінніку каля трох гадзін дня – у гэты перыяд на ферме «ціхі час»: каровы падоены, жывёла накормлена, а людзі разышліся на абед. Праз некалькі гадзін тут ізноў завіруе жыццё. 
Акрамя дзённага вартаў­ніка, у гэты час на ферме мы сустрэлі яе загадчыцу Ганну Станіславаўну Бернюкевіч, якая і расказала пра сваю жывёлагадоўчую вотчыну.

– Сёння на малочна-таварнай ферме «Міхалішкі» ўтрымліваецца 199 кароў, 60 цялушак аднаўлення, 170 цялушак дарошчвання і 33 цяляці – усяго каля 450 галоў, – расказвае жанчына. – У маім падначаленні 10 чалавек. Калектыў у нас згуртаваны. Калі ўзнікаюць пытанні, заўсёды раюся з Вольгай Валэйка – яна ў нас даярка вопытная, адказная. Добра  працуе і аператар па абслугоўванні малочнага абсталявання Віталь Чымбар. Жывёлавод Уладзімір Бародка адзін даглядае 170 галоў, на кані развозіць кармы і раздае іх уручную. 

На МТФ «Міхалішкі» – лінейная даільная ўстаноўка. У мінулым годзе з адной каровы тут надаілі 4 876 кілаграмаў малака. Загадчыца фермы засмучана, што не дацягнулі да жаданых пяці тысяч.

– Гады тры-чатыры назад па пяць тысяч надойвалі, а зараз усё ніяк не можам выйсці на гэтую лічбу. Кроў з носу, а на пяць тысяч абавязкова трэба выходзіць. Ды і якасцю малака пахваліцца не можам: на перапрацоўчыя прадпрыемствы яно паступае толькі першым гатункам, – расказвае Ганна Станіславаўна. – Сёння за суткі атрымліваем 2 040 кілаграмаў малака, надой на карову складае 10,3 кілаграмы, а гэта на 500 грамаў менш, чым летась… Можа, як пачнецца паша, тады «мінус» выправім на «плюс». Летась кароў пачалі выганяць у пачатку красавіка на некалькі гадзін на няўдобіцу. 

На МТК «Міхалішкі», дарэчы, як і на большасці раённых фермаў, практыкуецца кругласутачны выпас статка. 

– Кажуць, што будучыня за комплексамі, а мне куды бліжэй мая ферма, – прызнаецца жанчына. – Новыя тэхналогіі, канешне, доб­ра, але ўсё жывое ласку любіць. На ферме больш індывідуальны падыход да жывёлы. На маёй памяці самая ўзроставая рагуля мела 8 гадоў.  Ведаю ўвесь свой статак – па нумарах помню некаторых кароў і цялушак. А даяркі, дык і ўвогуле, могуць пра характар кожнай сваёй падапечнай расказаць. 

IMG_3435.jpg

На ферме працуюць чатыры аператары машыннага даення, пятая даярка іх падмяняе. У кожнай жанчыны свая група прыблізна па пяцьдзясят галоў. На комплексах даяркі адказваюць непасрэдна за працэс дойкі, а на фермах у іх значна больш абавязкаў: яны прыкмячаюць, якая з кароў у ахвоце, клапоцяцца пра нованароджаных цялят. 

– Цялушкі ў нас знаходзяцца да 60 дзён, бычкі – крыху менш, –  расказвае загадчыца фермы. –  Некалькі разоў на месяц да нас прыязджаюць спецыялісты раённай ветэрынарнай службы, якія з дапамогай спецыяльнага сканера выяўляюць сцельнасць кароў і гінекалагічныя захворванні. І ў раёне пра нас помняць: часта прыязджаюць з райсельгасхарчу Вольга Віктараўна Умрыхіна, з  племстанцыі Надзея Ула­дзі­міраўна Сасноўская. 

 Адзін дзень з жыцця – працоўнага і асабістага

Для Ганны Станіславаўны паспаць раніцай лішнюю гадзінку-другую – недазваляльная раскоша. Апошнія пятнаццаць гадоў жанчына штодня  прачынаецца роўна ў 5.00 – і не хвілінай пазней.

– Не паспяваю расплюшчыць вочы, а ў галаве ўжо круціцца: што робіцца на ферме? Ці не здарылася за ноч бяды? Ці ацялілася карова? – прызнаецца жанчына. – Але моцна перажываць часу няма: хутка кармлю свіней, даю карову, сядаю на ровар – і на ферму.

На МТФ «Міхалішкі» практыкуецца двухразовая дойка: першая праходзіць з 7.00 да 13.30, другая – з 19.00 да 22.00. 

Па дакументах працоўны дзень загадчыцы фермы складае сем гадзін, але Ганна Станіславаўна праводзіць на рабоце значна больш часу. Ды і не можа яна інакш. Жанчына не разумее, як можна пайсці дадому, калі, напрыклад,  зламалася даільная ўстаноўка ці карова не можа расцяліцца? 

– Відаць, характар у мяне такі – перажывацельны, – усміхаючыся, гаворыць жанчына. – Бывае, прыеду дамоў стомленая ці без настрою, зай­ду ў хлеў – а там мая Белка. Патрапаю яе за вушкам, а яна мяне лізне. Хоць у маёй каровы і «каралеўскі» характар, але мой настрой яна заўсёды адчувае і спачувае – па яе разу­мных вачах гэта бачу.
 
Шлях у прафесію

Родам Ганна Станіславаўна з Валэйкун. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе: бацька – трактарыстам, маці – паляводам. Трымалі вялікую гаспадарку: пяць кароў і дзясятак свіней з парасятамі. Ганна з сястрой Данай не цураліся ніякай работы: кароў даілі, агарод праполвалі ад пустазелля – словам, дапамагалі бацькам, як і ўсе вясковыя дзеці. 
Пасля заканчэння тэхнікума Ганна выйшла замуж.

– Пэўны час жылі ў Астраўцы, – успамінае жанчына. – Ды муж рваўся на вёску. А што я? Зрабіла, як і павінна кожная жонка, – пайшла за мужам… Вось толькі няўмольны лёс забраў яго ў мяне, а да гэтага – сына…

На сямейным савеце дачка Света разам з мужам вырашылі, што маму адну не пакінуць. 

Не паспявае Ганна Стані­сла­ваўна пераступіць парог, як з усіх ног да яе бяжыць унучка Эмілія, а шасцімесячны ўнук Захар вітае бабулю бяззубай усмешкай.
  
– Ведаеце, да  чалавека і да жывёлы трэба падабраць ключык, – напрыканцы нашай размовы заўважае жанчына. –  Пятнаццаць гадоў узначальваю ферму і за гэты час упэўнілася, што галоўную скрыпку ў вытворчасці малака ўсё ж іграюць людзі, а не жывёла. Ад таго, якая атмасфера ў калектыве, як кожны ставіцца да сваіх абавязкаў, залежыць агульны вынік… А ад хвароб і дрэнных думак мяне ратуе праца. 

IMG_3431.jpg


Пра галоўнае

– Што для вас значыць ферма?
– Шчыра магу сказаць, што ферма для мяне – другі дом. Не паспею прачнуцца, а думкамі ўжо разам са сваімі кароўкамі. Дрэнны настрой, праблемы і турботы пакідаю за парогам фермы. Можна падумаць, у нашых продкаў было менш стрэсаў, чым у нас – канешне, не. Перажыць цяжкасці ім дапамагала праца. Можа, таму і здаравейшымі былі нашы дзядулі і бабулі і даўжэй жылі.

– Кім вы хацелі быць у дзяцінстве?
– Маці хацела, каб я стала ўрачом, бацька – бухгалтарам. А я бачыла сябе настаўніцай. Праўда, дакументы падала ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Паступіла, адвучылася – але па спецыяльнасці папрацаваць не давялося, хоць работа загадчыцы фермай нечым падобная і да работы бухгалтара. Ведаеце, колькі ў нас першаснай дакументацыі? Ферма ж вялікая…

– Што б вы хацелі змяніць у сельскай гаспадарцы?
– Хочацца, каб праца вясковых людзей больш цанілася, каб падраслі зарплаты, каб моладзь заставалася жыць у вёсцы. 
Хоць здароўе не тое і гады ўжо не тыя, але па-ранейшаму ўсю сябе аддаю рабоце. Інакш проста не магу. Раней ўсе такія былі – працавітыя, жылістыя і больш згуртаваныя. Разам работу рабілі, святы адзначалі і гора гаравалі. А цяпер людзі іншыя:  маўляў, сваю работу зраблю, а астатняе мяне не тычыцца. 

– Чаму навучыла вас жыццё?
– Да людзей трэба адносіцца так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе, – біблейскі прынцып, які ніколі не згубіць сваёй актуальнасці. 



Текст:
Фото: Алена Гануліч